На нашых вачах нарадзіўся стэндап на беларускай мове. Па-беларуску пачалі жартаваць такія зоркі, як Слава Камісаранка ды Ідрак Мірзалізадэ. Больш за тое, менавіта апошні і натхніў нашага госця зрабіць сваю стэндап-праграму на роднай мове.
Стэндап-комік Максім Канавал амаль не сутыкаўся з беларускай мовай у сваім наваполацкім дзяцінстве. Калі ён прафесійна заняўся стэндапам, то жартаваў па-расейску, ва Украіне мог даць каля 300 выступаў за год, у Юрмале разаграваў двухтысячную залу для Славы Камісаранкі.
Мікіта Мелказёраў запрасіў яго, каб распытаць, як удалося пераадолець страх сцэны, памножаны на страх выступаць на беларускай мове. Беларускія жарты арыгінальныя ці перакладныя? Хто зрабіў першы прафесійны беларускамоўны стэндап? Як рэагуюць гледачы, у большасці расейскамоўныя, на беларускую мову?
Слухаючы Максіма, Мікіта зрабіў выснову: «Гэта гісторыя пра тое, што ўва ўсіх беларусаў больш-менш базава ляжыць гэтая беларуская мова і падняць яе [магчыма. – Заўв. рэд.]».
«Белсат» разам са Славам Камісаранкам склалі ў сакавіку спіс з двух дзясяткаў смешных беларусаў.
Максім запрашае ўсіх аматараў стэндапу ў варшаўскі «Stand up Lokal».
У граматычнай частцы Віктар Шукеловіч распавёў пра антонімы, якія гучаць вельмі падобна: уперамешку і ўперамежку.
Адукацыйную праграму «Мова нанова» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «БЕЛСАТ LIFE» або на нашай старонцы ў закладцы «Праграмы».