Нашая госця карыстаецца беларускаю моваю для камунікацыі з паплечніцамі ў грамадскіх ініцыятывах. Родная мова дапамагла ёй паразумецца і з уцекачамі з Украіны. Але часам багацця беларускай мовы не стае – і застаецца адзіны ўніверсальны сродак.
У нас у гасцях – мастачка і актывістка Яна Шостак. Да яе як удзельніцы пратэстаў у Беларусі звярнуліся шведскія грамадскія арганізацыі з адною просьбаю. Яны папрасілі запісаць 3-хвіліннае відэа, што перадало б чыноўнікам з МЗС Швецыі боль беларусаў. Яна зразумела, што трох хвілінаў не хопіць, каб выказаць стан людзей, каб назваць імёны тых, каго забілі сілавікі, і тых, каго кінулі за краты. Таму яна здзейсніла сваю «Хвіліну крыку»:
,,«І тады я зразумела, што ў мяне ёсць толькі тры хвіліны. І я гэтага ўсяго болю… Як гэта ўсё змясціць, тое, што… Як у нас ва ўсіх было шмат эмоцыяў, і шмат надзеяў, і шмат эйфарыі з таго, што мы ўсё ж такі паўсталі. Вось я цяпер яшчэ як кажу, ізноў аж слёзы наварочваюцца. З аднаго боку. З другога боку – страх і жудаснасць з таго, што адбываецца, з рэпрэсіяў».
Польскі штотыднёвік «Polityka» прызнаў «Хвіліну крыку» адною з 10 найлепшых акцыяў за апошнія 30 гадоў. На цырымоніі ўзнагароджання Яна яшчэ раз нагадала пра рэпрэсіі ў лукашэнкаўскай Беларусі – яна прыйшла ў сукенцы з выявамі беларускіх палітвязняў.
Ці маюць эфект такія акцыі? Вядома! Яна змагла пераканацца ў гэтым, калі выпадкова сустрэла палітвязня, якому пашанцавала вызваліцца з турмы.
На здымкі Яна прыйшла ў шапцы брэнду «Babula», які зрабіў рух «Partyzanka» для Ганны Канавалавай, маці палітзняволенай Антаніны Канавалай, якая нядаўна цудам вызвалілася з лукашэнкаўскай турмы. Пра ўмовы ўтрымання яна распавяла ў інтэрв’ю праекту «ВОТ ТАК»:
У граматычнай частцы Віктар Шукеловіч распавёў пра абдымкі і неабдымнае, а таксама пра любых і каханых людзей.
У беларускай мове мове ёсць абдымкі, абнімкі, абоймы, абдоймы і абдымы. Літаратурнымі сёння лічацца формы абдымкі і абнімкі, і адобва гэтыя варыянты маюць толькі форму множнага ліку. Абдымка і абнімка ў літаратурнай мове няма. Можа ўжывацца таксама форма абоймы – не блытаць з абоймай патронаў! Аднак часцей апошняе мы сустракаем у значэнні «абрамленне, акружэнне»: возера ў абоймах дрэваў. Усе ж астатнія формы існуюць як дыялектныя ці састарэлыя.
А як тады па-беларуску будзе гучаць знакамітая фраза Казьмы Пруткова: объять необъятное? Мы прапануем такія варыянты: абняць неабдымнае, абняць неабсяжнае або ахапіць неахопнае.
Каго ж абдымаюць – каханых ці любімых людзей? Каханы і любімы – не поўныя сінонімы. Калі любімым можа быць літаральна што заўгодна, то вось каханым назавем мужа, жонку, дзяўчыну, хлопца, бо слова «каханне» адлюстроўвае таксама сексуальны аспект пачуццяў. А паколькі бацькоў, дзяцей, радзіму мы не кахаем, а любім, то яны для нас выключна любімыя або любыя. У дачыненні да таго, што нам падабаецца, мы паралельна са словам любімы таксама ўжываем слова ўлюбёны: улюбёная страва, улюбёны колер, улюбёны тэлеканал «Белсат».
Як той казаў: «беларуская мова дапаможа табе не называць любоў да піва і каханне да дзяўчыны адным і тым жа словам».
Адукацыйную праграму «Мова нанова» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «БЕЛСАТ LIFE» або на нашай старонцы ў закладцы «Праграмы».