У штогадовай справаздачы «Свабода прэсы ў Еўропе» Платформа бяспекі журналістаў, створаная Радай Еўропы, адзначае відавочныя і невідавочныя праблемы беларускіх журналістаў.
Платформа бяспекі журналістаў і Рада Еўропы апублікавалі чарговы даклад пра свабоду прэсы ў Еўропе (PDF). У дакладзе заклікаюць змагацца са стратэгічнымі судамі супраць грамадскай актыўнасці, адказваць на выклікі супраць бяспекі журналістаў і ціснуць на дзяржавы Рады Еўропы, каб тыя баранілі журналістаў ад незаконнага сачэння. Асаблівую ўвагу ў дакладзе надаюць журналістам на вайне ва Украіне.
Адносна Беларусі згадваюць пра дзясяткі зняволеных журналістаў; блакаванне больш як двух дзясяткаў навіновых сайтаў; ужыванне шпіёнскай праграмы «Pegasus» супраць галоўнай рэдактаркі выдання «Хартыі’97» Наталлі Радзінай; затрыманне ў Сербіі беларускага рэжысёра Андрэя Гнёта праз унясенне яго ў «чырвоны спіс Інтэрполу»; асобна адзначаюць зняволенне былога чальца «Індэксу цэнзуры» і арганізацыі «Артыкул 19» Андрэя Аляксандрава; забарону на ўезд у Грузію журналісту Андрэю Мялешку, які жыў там тры гады.
Даклад не прыводзіць актуальнай колькасці беларускіх журналістаў за кратамі: пішуць пра 44 на канец 2024 года. Паводле падлікаў Беларускай асацыяцыі журналістаў, на сёння ў Беларусі 40 зняволеных супрацоўнікаў медыяў.
У мінулым дакладзе (PDF) адзначылі ўсё большую разнастайнасць пагрозаў, абмежаванняў і спосабаў ціску супраць журналістаў. Свабода медыяў, паводле аўтараў дакладу, гэта «канарэйка ў вугальнай шахце» – гэта значыць, калі падае яна, ёсць смяротная небяспека для людзей.
Платформа заклікала неадкладна ўвесці мараторый на прасунутыя сістэмы сачэння кшталту «Pegasus», якія выкарыстоўваюцца супраць журналістаў і актывістаў, расследаваць меркаваныя выпадкі незаконнага сачэння за журналістамі і ўвесці заканадаўчую абарону медыяў ад шпіянажу. Таксама Платформа заклікае ўвесці схемы атрымання гуманітарных візаў для журналістаў, якім пагражае небяспека ці пераслед у трэціх краінах.
У Беларусі, як адзначалі ў дакладзе, рэпрэсіі супраць журналістаў не сціхаюць з пратэстаў 2020 года. Рэпрэсіі ў Беларусі, Расеі і Турэччыне паказваюць, што няпэўныя прававыя нормы могуць быць лёгка выкарыстаныя для цэнзуры законных формаў выказвання. У Беларусі, пішуць у дакуменце, улады працягваюць выцясняць любую незалежную інфармацыю: арыштоўваюць і садзяць за краты журналістаў, вінавацяць іх у «экстрэмізме», «дыскрэдытацыі Беларусі» і нават «тэрарызме».
«Зачыстка медыяў закранула нават беларускі прапагандысцкі апарат і медыі, якія дагэтуль лічыліся нейтральнымі або згаворлівымі, – пішуць у дакладзе. – Самацэнзура больш не абараняе журналістаў. У дзяржаўных медыях дастаткова адной „кепскай“ крыніцы або аднаго няправільнага слова, каб выклікаць гнеў уладаў. Спіс „экстрэмісцкага“ кантэнту павялічваецца штодня, часта без тлумачэння прычынаў».
Пра гэта яшчэ ў 2023 годзе пісалі «Рэпарцёры без межаў»: прыводзілі прыклады пераследу Юліі Даўлетавай, Ксеніі Луцкіной, Дзмітрыя Лукшы, Дзмітрыя Семчанкі, Вольгі Гладкай.
Таксама аўтары дакладу для Рады Еўропы адзначалі, што ў Беларусі ў ліпені 2023 года былі прынятыя папраўкі ў заканадаўства, якія дазваляюць Міністэрству інфармацыі забараняць дзейнасць замежных медыяў за «непрыязныя дзеянні супраць беларускіх медыяў» і пашыраюць падставы для блакавання сайтаў і пазбаўлення медыяў рэгістрацыі. Згадваюць, што шэраг медыяў у Беларусі, а таксама Беларуская асацыяцыя журналістаў названыя «экстрэмісцкімі фармаваннямі».
З Беларусі, паводле дакладу, з 2020 года эмігравалі не менш як 400 журналістаў. Яны, як і іншыя беларусы, маюць праблемы праз немагчымасць аднавіць беларускія пашпарты за мяжой, а да таго аказваюцца пад пагрозай пазбаўлення беларускага грамадзянства за «антыдзяржаўныя» дзеянні.
У дакладзе адзначылі доўгі шэраг выпадкаў беспакараных забойстваў журналістаў. У спіс занеслі беларускага журналіста Алега Бябеніна, які, паводле афіцыйнай версіі, учыніў самагубства ў 2010 годзе, і Паўла Шарамета, які быў забіты ва Украіне ў 2016-м, але не згадалі Дзмітрыя Завадскага, які знік без вестак у 2000 годзе і, паводле афіцыйнай версіі, быў забіты былымі байцамі атраду спецназу «Алмаз». Асуджаныя за забойства не прызналі віны, а замоўцаў забойства не знайшлі, як і цела забітага.
Алесь Наваборскі belsat.eu