2 лістапада ў Берліне адбылася прэс-канферэнцыя з удзелам беларускага рэжысёра Андрэя Гнёта, які вызваліўся з-пад хатняга арышту ў Сербіі, правёўшы ў ім 5 месяцаў і змагаючыся супраць экстрадыцыі ў Беларусь. Да гэтага рэжысёр сем месяцаў і шэсць дзён знаходзіўся ў сербскай турме.
Словы падзякі
На канферэнцыі разам з Андрем Гнётам прысутнічалі таксама беларускія адвакаткі Ганна Маціеўская і Марыя Колесава-Гудзіліна, якія займаліся справай рэжысёра.
Падчас уступнага слова Андрэй Гнёт выказаў падзяку ўсім, хто аказваў яму дапамогу на працягу ўсяго часу, пакуль ён знаходзіўся ў зняволенні.
Гэты спіс быў сапраўды вельмі вялікі: пачынаючы ад каманды юрыстаў і адвакатаў (агулам у яе ўваходзілі восем чалавек), дыпламатаў і палітыкаў розных краінаў, такіх як Оляф Шольц і Уршуля фон дэр Ляен, і заканчваючы Святланай Ціханоўскай, прадстаўнікамі яе офісу і Народным антыкрызісным упраўленнем і яго кіраўніком Паўлам Латушкам, намаганні якіх сталі «адным з фінальных акордаў» у справе яго вызвалення.
Андрэй Гнёт падкрэсліў, што важная падзея адбылася падчас міжнароднай канферэнцыі ААН у Нью-Ёрку, якая мела месца некалькі тыдняў таму. Менавіта на ёй камандзе беларускай дэмакратычнай лідаркі ўдалося ўсталяваць кантакт з офісам сербскага прэзідэнта Аляксандра Вучыча.
«Сербскі бок у гэтай камунікацыі праявіў сябе вельмі эмпатычна, уважліва і пазітыўна. Тое, што я апынуўся тут, перад вамі, а не ў беларускай турме, – гэта прамое наступства гэтых прамых кантактаў і перамоваў», – сказаў Андрэй Гнёт.
У той жа час рэжысёр падкрэсліў, што ягонае выратаванне – гэта ў першую чаргу «вынік вялікай салідарнасці», таму ўдзел кожнага быў вельмі важны.
,,«Толькі дзякуючы салідарнасці людзей, арганізацыяў мы набралі крытычную масу, і мяне ўдалося выратаваць», – адзначыў Андрэй Гнёт.
Новы вопыт
Андрэй Гнёт падкрэсліў, што вопыт, які ён атрымаў падчас свайго зняволення, быў вельмі спецыфічным. Бо цягам году ён змагаўся за сваё жыццё, але амаль год яго «нібыта не чулі». Найвышэйшы суд Сербіі двойчы прымаў рашэнне аб экстрадыцыі рэжысёра, і, калі б не апеляцыйны суд, то Андрэя «даўно б адправілі на катаванні і смерць».
,,«Мне было няпроста. Часам вельмі. Тое, што мяне падтрымлівала, – гэта разуменне таго, што праўда на маім баку і што мы, беларусы, змагаемся з дыктатурай, фальсіфікацыяй выбараў як мінімум ужо чатыры гады, а як максімум – з самага пачатку кіравання Лукашэнкі. І гэтая народная барацьба, разуменне таго, чаго мы хочам, падтрымлівала мяне вельмі моцна», – сказаў Андрэй Гнёт.
Пры гэтым Андрэй адзначыў, што хацеў бы, каб ягоны прыклад стаў першым і апошнім, які б паказваў, як несправядліва могуць абыходзіцца з беларусамі ў выгнанні. Бо, на думку рэжысёра, тут варта казаць не толькі пра Сербію, «але і пра іншыя краіны, якія не заўсёды справядліва адносяцца да праблемаў беларусаў».
Эвакуацыя з Сербіі
Пасля вызвалення Андрэя ў СМІ неаднаразова гучалі словы пра тое, што ён быў «эвакуяваны» з Сербіі. Сам рэжысёр патлумачыў гэта так, што ягоны выезд з краіны, дзе ён правёў год у зняволенні, сапраўды адбываўся незвычайна.

«Я не пакінуў Сербію як звычайны чалавек… Намеснік пасла Нямеччыны ў Сербіі містэр Карстэн суправаджаў мяне ў аэрапорт на сваім асабістым транспарце. Спецыяльныя людзі і паліцэйскія вельмі ўважліва да мяне аднесліся, яны забяспечылі мне бесперашкоднае праходжанне кантролю. Да мяне быў прыстаўлены персанальны паліцэйскі як персанальны ахоўнік. Мы казалі, што мне можа пагражаць небяспека, таму сербскі паліцэйскі суправаджаў мяне да самага самалёта, і я зайшоў у самалёт першым, у абсалютна пусты – гэта было больш VIP, чым бізнес-клас», – расказаў Андрэй Гнёт.
Што са статусам справы
Як адказала адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна, справа супраць Андрэя працягваецца.
,,«Пачнем з таго, што насамрэчы нічога не скончылася. На дадзены момант у Сербіі працягваецца экстрадыцыйная працэдура. Змянілася толькі мера стрымання, і яна не мае тэрміну даўнасці. Гэта можа быць як год, так і дзесяць гадоў. Нашыя калегі ў Сербіі казалі, што ёсць экстрадыцыйныя працэдуры, якія доўжацца ўжо болш за дзесяць гадоў», – адзначыла Колесава-Гудзіліна.
Важны аспект, на які звярнула ўвагу адвакатка, гэта тое, што ў дзень, калі Андрэй вызваліўся з-пад хатняга арышту, у Беларусі ягоная інстаграм-старонка была прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Гэта нарэшце паказвае, што беларускія ўлады прызналі, што пераслед Андрэя з’яўляецца палітычна матываваным. А ў тэлеграм-канале ГУБАЗіКа з’явілася паведамленне аб тым, што сілавікі будуць працягваць шукаць рэжысёра і ў іншых краінах.
«Важна сказаць, што можа быць небяспечна ў любой краіне свету, бо беларускі рэжым выкарыстоўвае розныя працэдуры, у тым ліку Інтэрпол для пераследу сваіх апанентаў», – падкрэсліла адвакатка

Далейшыя крокі
Рэжысёр падкрэсліў, што пакуль ён усё яшчэ адыходзіць ад падзеяў, якія з ім адбыліся, таму пра далейшыя свае крокі не думаў.
«Хачу сказаць, я дасюль не разумею, дзе я знаходжуся, яшчэ паўтара дня таму я быў пад хатнім арыштам. Таму мне трэба час, каб зразумець, што я жывы-здаровы і знаходжуся ў бяспецы», – сказаў Андрэй Гнёт.
Ён падкрэсліў, што, відавочна, будзе мець неабходнасць у міжнароднай абароне і далейшай падтрымцы, у тым ліку фінансавай, бо пакуль вымушаны жыць у гатэлі і не мае ніякай працы. Пры гэтым Андрэй Гнёт расказаў, што нават тыя 10 тысячаў еўраў, якія некалі збіралі беларусы на ягоную падтрымку, ужо даўно патрачаныя. Бо падчас зняволення яму неабходна было аплочваць кватэру (гэта 1250 еўраў у месяц), плаціць за харчаванне, купляць лекі, аплочваць паслугі сербскіх адвакатаў, якія працавалі на камерцыйнай аснове, аплочваць суды. Агулам за час свайго знаходжання ў Сербіі, падлічыў Андрэй, ён патраціў каля 50 тысячаў еўраў.
«Таму ўявіце, што ў мяне скралі не толькі адзін год жыцця, не толькі ментальнае і фізічнае здароўе, але мяне ўвагналі ў такія каласальныя пазыкі», – адказаў Андрэй Гнёт.
Чаму гісторыя Андрэя можа навучыць беларусаў
Паводле словаў адвакаткі Ганны Маціеўскай, галоўнае, што трэба разумець, што большасць беларусаў, «якія былі палітычна заангажаваныя, асабліва пасля 2020 года, на жаль, не могуць адчуваць сябе ў поўнай бяспецы за мяжой».

У сувязі з гэтым, параіла Ганна, скрайне важна перад выездам у іншую краіну прадумваць свае маршруты: скантактавацца з юрыстамі і праваабаронцамі і ацаніць, наколькі бяспечна выязджаць у тую ці іншую краіну. Для гэтага трэба ўлічваць двухбаковыя пагадненні паміж гэтай краінай і Беларуссю, а таксама палітычную сітуацыю ў гэтай краіне.
Раман Шавель belsat.eu