Журналіста Андрэя Мялешку з дачкой не пусцілі ў Грузію ў аэрапорце Кутаісі. Ва ўездзе адмоўлена «па іншых прычынах», паведамляе ён у Facebook.
«Нас адпраўляюць назад у Польшчу без тлумачэння прычын. Забралі пашпарты і сядзім у дзіўным пакоі Кутаіскага аэрапорта...», – піша журналіст Андрэй Мялешка.
Мялешка апошнія гады жыў у Грузіі і ненадоўга выязджаў у Польшчу, куды яго цяпер хочуць дэпартаваць з Грузіі.
«Андрэй сталы час жыў у Сакартвэла да гэтага дня, але ж грузінскія ўлады вырашылі, што больш не хочуць яго бачыць, – рэагуе на здарэнне сузаснавальнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак. – Не першы і не апошні такі выпадак паводзінаў грузінскіх уладаў вымушае мне нагадаць беларусам Сакартвэла пра тое, што лепш спакойна падрыхтавацца да пераезду ў краіну з больш лаяльным стаўленнем уладаў да беларусаў.
Фактычна сітуацыя выбару такая:
- спакойнае планаванне пераезду і легалізацыі;
- прымусовая дэпартацыя, дзе вы нічым не кіруеце».
Арсен Рудэнка belsat.eu