Шуфлядка

Як украінцы расказваюць пра вайну ў відэагульнях – і не толькі ў «Сталкеры»

Інтэрфэйс чарнавой версіі відэагульні «Glory to the Heroes» (у распрацоўцы)
Інтэрфэйс чарнавой версіі відэагульні «Glory to the Heroes» (у распрацоўцы). Выява: Spacedev Games / Steam.com
podpis źródła zdjęcia

Відэагульні могуць і паказаць перажыванні праграмісткі ў бамбасховішчы, і даць лепшае ўяўленне пра гісторыю і сучаснасць. А ўкраінцы падчас поўнамаштабнай вайны не толькі здолелі дарабіць «S.T.A.L.K.E.R. 2», а зрабілі дзве сотні відэагульняў, якія паказваюць перажытае з розных бакоў.

Мапа Украіны з акупаванымі і вызваленымі тэрыторыямі. Выява: Белсат

Тры гады поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Мапа

Вайна

У гадавіну пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне распачалася другая канферэнцыя «Games of War»: на гістарычным факультэце Гданьскага ўніверсітэту распрацоўнікі відэагульняў з Украіны, Польшчы, Беларусі і іншых краінаў абмяркоўваюць перад аўдыторыяй з усяго свету складаную рэальнасць вайны і чалавечы досвед, ролю відэагульняў як культурных артэфактаў і інструментаў рэфлексіі.


Вайна – частая тэма відэагульняў. Гульцы вялі рымскія легіёны ў «Rome: Total War», штурмавалі ўмавацанні нацыстаў на нармандскім пляжы ў «Medal of Honor», змагаліся з «Аль-Каідай» у «Six Days in Fallujah» ці спрабавалі выжыць у Сараева пад аблогай у «This War of Mine». Адны гульні, як «Call of Duty», паказваюць рэальныя і фантастычныя войны як галівудскі блокбастар. Іншыя, як «ArmA», імкнуцца быць максімальна рэалістычным сімулятарам баявых дзеянняў. Некаторыя, як «Spec Ops: The Line», прадаюць пад абгорткай банальнай «стралялкі» сур’ёзную гісторыю пра жахі вайны. А некаторыя, як «Valiant Hearts», на тле тых жахаў распавядаюць пра сяброўства і ахвярнасць.


Украінскія распрацоўнікі некалі праславіліся гістарычнай стратэгіяй пра казакоў, потым – «стралялкай» пра Чарнобыль у альтэрнатыўнай рэальнасці, пазней нават гульнёй пра выжыванне ў постапакаліптычным маскоўскім метро. Амаль 11 гадоў таму рэальная вайна прыйшла на Данбас, тры гады таму – ва ўсю астатнюю Украіну. І гэта адчуваецца ў тым, якія гульні цяпер робяць украінцы.


Гэта было ў «Сталкеры» яшчэ ў 2007-м


«S.T.A.L.K.E.R.» – бадай, самая вядомая серыя відэагульняў з Украіны. Першыя гульні серыі выходзілі ў 2007–2009 гадах, а ў канцы 2024-га выйшла доўгачаканая «S.T.A.L.K.E.R. 2: Сэрца Чарнобылю». Хоць новую гульню рабілі падчас вайны ва Украіне, у ейным фантастычным свеце ёсць хіба рэдкія адсылкі да той вайны: вось на нажы знак Марской пяхоты Украіны, вось трактар цягне бронемашыну з балота… 

Куды больш заўважна, што ў новай гульні няма расейскай версіі (агучка толькі па-ўкраінску і па-англійску), а ў тытрах – прысвячэнне тым, хто бароніць Украіну і больш за сотню імёнаў у раздзеле «У памяць аб».


Галоўны арганізатар канферэнцыі «Games of War», прадстаўнік даследніцкага цэнтру «MD Academicum» доктар Яраслаў Кот у размове з «Белсатам» згадвае, што яшчэ ў першым «Сталкеры» былі закладзеныя ўкраінскія падтэксты. Пра гэта падрабязна расказваў на канферэнцыі вядучы гейм-дызайнер і сцэнарыст Аляксей Сыцянаў: у свеце з анамаліямі і мутантамі змагаюцца групоўка нацыяналістаў «Доўг» і групоўка анархістаў «Воля», а галоўная пагроза – групоўка фанатыкаў «Маналіт», замбаваная фальшывымі абяцаннямі.


Выйшаў, як кажа Яраслаў Кот, спойлер, то бок заўчаснае выкрыццё сюжэтнага павароту: 

,,

«Амаль што такая прароцкая гульня была: паказала, што будзе здарацца вось зараз, – расказвае Яраслаў Кот. – „Маналіт“ спрабуе захапіць проста для таго, каб захапіць».


Cпрэчкі нацыяналістаў і анархістаў – даўняя тэма ўкраінскага грамадства, працягвае Яраслаў Кот. Згадвае: быў Нестар Махно, быў Сцяпан Бандэра, абодва – выбітныя асобы ўкраінскай гісторыі, хоць і з вельмі рознымі поглядамі.


Зона ў «Сталкеры» натхнёная аповесцю «Пікнік на ўзбочыне» братоў Стругацкіх, толькі замест іншапланетнікаў – загадкавая другая чарнобыльская катастрофа. І ў гульні тая Зона – гэта метафара на некалькіх узроўнях. Яраслаў Кот пералічвае: гэта і стыхія, і краіна, і турма без сценаў, у якой зачыненыя героі. У «S.T.A.L.K.E.R. 2» перад гульцом паўстане выбар, што рабіць з гэтай турмой, ды адназначна правільнага адказу гулец не знойдзе.


Дзве сотні гульняў – толькі пра цяперашнюю вайну


Канферэнцыя прысвечаная не «S.T.A.L.K.E.R. 2», а відэагульням пра расейскае ўварванне ва Украіну і прыцягненню ўвагі да працы і праблемаў распрацоўшчыкаў, прасоўванню іхнага паслання і дапамогу тым, хто хоча раскрываць у гульнях складаныя тэмы. Выступоўцы і слухачы – з дзясяткаў краінаў, ад Бразіліі да Японіі. 


Гульняў менавіта пра вайну ва Украіне – каля дзвюх сотняў. Яраслаў Кот сабраў у сваёй калекцыі 197 такіх, і яны вельмі розныя. Ёсць прамалінейныя «стралялкі» ці «ляталкі», як нядаўні дадатак да калекцыі «Chornobayivka VR». Ёсць гульні пра мэмы, як «Ukrainian fArmy» пра здабычу расейскіх танкаў трактарамі. 

Вялікая колькасць гульняў – «рэваншысцкія», як гэта называе суразмоўца. Ён тлумачыць: стрэс назапашваецца, трэба яго на нешта выпусціць. Як у гульні «єБайрактар», якую вясной 2022 года інтэгравалі ў праграму дзяржаўных паслугаў «Дія». Яраслаў Кот згадвае, што ў першы час многія ва Украіне адчувалі бяссілле, і калі не пераключыцца на штосьці, хаця б на простую гульню пра бамбаванне расейскіх войскаў, гэтае бяссілле паглыне.


А ёсць і гульні, якія найперш расказваюць гісторыі, як зборнік візуальных навэлаў «Ukrainian War Stories» ці як просценькая «What's up in a Kharkiv bomb shelter», якую распрацоўніца пачала рабіць літаральна ў харкаўскім бамбасховішчы. 

,,

«Калі распрацоўшчыкі гульняў вымушаныя сядзець доўга ў бамбасховішчах, яны робяць гульні, каб людзі ведалі і асэнсоўвалі, што адбываецца», – тлумачыць Яраслаў Кот.


Гульні могуць несці пасланне па-рознаму. Суразмоўца згадвае: калі Расея заявіла, што ва Украіне дзейнічаюць біялабараторыі, дзе рыхтуюць заразу для пералётных птушак, з’явілася мноства ўкраінскіх гульняў, якія высмейвалі абсурдныя закіды і давалі гульцу атакаваць маскоўцаў птушкамі-мутантамі. Гульні могуць таксама дапамагаць лепш разумець рэальнасць праз метафары або пераасэнсоўваць сучаснасць праз гістарычныя паралелі.


Апошняе нядаўна няўдала спрабавала зрабіць Расея. У 2024 годзе выйшла відэагульня «Смута» – гэткі расейскі адказ польскаму «Ведзьмару», у якім трэба было бараніць Расейскае царства ад Рэчы Паспалітай. Нягледзячы на немалую дзяржаўную падтрымку, праект праваліўся: нават расейскія аглядальнікі ставілі ёй у сярэднім 3 з 10.


Украінскія відэагульні, кажа Яраслаў Кот, могуць даць зразумець свету, што такое Украіна і што такое Расея, «лепш, чым Доналд Трамп». Ён згадвае, што на IT-інфраструктуру канферэнцыі ад ранку трывае атака спецслужбаў. Робіць выснову: «У правільным напрамку рухаемся». Дадае:

,,

«Мы спадзяемся, што гэта таксама будзе і даваць натхненне распрацоўшчыкам гульняў нешта рабіць, ствараць і выкарыстоўваць медыя, каб сур’ёзныя праблемы падымаць і вырашаць».


Яраслаў Кот заклікае захоўваць украінскія відэагульні як гістарычныя артэфакты, якія дапамагаюць зразумець тых, хто перажывае вайну. Кажа, у ягонай калекцыі са 197 гульняў 37 ужо не існуюць у вольным доступе. Таксама заклікае дапамагаць украінскім распрацоўшчыкам маральна і фінансава: шмат студыяў згубілі супрацоўнікаў на вайне, шмат праграмістаў і дызайнераў былі вымушаныя шукаць новую працу, шмат хто згубіў свае дамы ці сваіх блізкіх. 


Беларусам таксама трэба рабіць гульні пра сябе


Суарганізатарам канферэнцыі выступіла беларуская суполка распрацошчыкаў відэагульняў «BelGameDev», канферэнцыю падтрымаў выгнаны з Менску ў Вільню Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт. Ды відэагульняў пра беларускія праблемы няшмат, дзве-тры просценькія, канстатуе Яраслаў Кот. Украінцы, маўляў, не стануць цяпер падымаць галасы супраць Лукашэнкі, але беларусы могуць навучацца ва ўкраінцаў і супрацоўнічаць з імі. 

,,

«Зразумела, што распрацоўшчыкі баяцца за лёс сваёй сям’і, але ж ёсць нейкія магчымасці інкогніта гэта зрабіць, – падказвае Яраслаў Кот беларусам. – Таму што нашую гісторыю таксама трэба асвятліць».


Ён абяцае, што на канферэнцыі і пасля яе будуць шукаць распрацоўшчыкаў, даследчыкаў і інвестараў, знаёміць іх між сабой. Арганізатар канферэнцыі даводзіць: гульні могуць даць вельмі шмат за інвеставаныя ў іх грошы, асабліва калі гаворка пра расейскае ўварванне ва Украіну, пераасэнсаванне гісторыі і беларускага шляху.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10