Гісторыі

«Я пра кепскае і думаць перастала». Гісторыя беларускі Вольгі Майхроўскай, якая прайшла праз пекла і мае патрэбу ў дапамозе

Беларуска Вольга Майхроўская ў кватэры ў варшаўскім мікрараёне Гоцлаў (Gocław). Варшава, Польшча. 21 лютага 2025 года. Фота: Белсат
Беларуска Вольга Майхроўская ў кватэры ў варшаўскім мікрараёне Гоцлаў (Gocław). Варшава, Польшча. 21 лютага 2025 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Польскія трускаўкі на пачатку 2000-х і чорная кава «Inclusive Barista» ў 2024-м. Кіроўца, якога адольвае сон на слізкай трасе пад Лоддзю, і чырвоныя шапачкі з нацыянальнымі сцягамі ў Менску 2020-га. Беларуска з польскім прозвішчам Вольга Майхроўска неаднойчы апыналася на мяжы жыцця і смерці і кожны раз выходзіла пераможцай – дзякуючы ўнутранай сіле і падтрыманню сяброў. Сёння Вользе неабходная нашая дапамога.

Валанцёры фонду «Daj Herbatę» раздаюць ежу і прадуктовыя наборы бяздомным. Варшава, Польшча. 17 лютага 2025 года. Фота: Белсат

Бяздомныя беларусы ў Польшчы: як людзі трапляюць на вуліцу і дзе шукаць дапамогі?

Гісторыі

Беларуска Вольга Майхроўская сустракае нас у сваёй кватэры ў варшаўскім раёне Гоцлаў, які месцамі так нагадвае менскую Серабранку, што аж вочы напаўняюцца слязамі. Таму і напісалася «ў сваёй кватэры», хоць ясна: кватэра арандаваная (3600 злотых за месяц, ці троху больш за 860 еўраў).


«Усё пачалося з трускавак»


На самым пачатку робім яшчэ адну недакладнасць: прозвішча нашай суразмоўцы пішам з канцавым «я», хоць насамрэч Вольга – Майхроўска. Гэта польскае прозвішча па мужу, з якім беларуска разжанілася яшчэ ў далёкім 2009 годзе.

У Вольгі – дзіўныя стасункі з Польшчай. У гэтай краіне яна нарадзіла сына і тут жа перажыла некалькі сітуацыяў «на мяжы жыцця і смерці».

«А ўсё пачалося з трускавак», – смяецца
Вольга Майхроўска.

Вольга нарадзілася на Гарадзеншчыне. На пачатку 2000-х, як кажа, «уся Гарадзенская вобласць» паехала ў Польшчу «на клубніцы», каб падзарабіць. Сама яна ездзіла ў вёска Кумяла пад Беластокам. Пад'ём а 4-й раніцы, праца да позняга вечара.

«Цяжкая праца, але цікавая – як у піянерскім лагеры. Шмат дзеўчын з Ліды, чалавек шэсцьдзесят у гаспадара жыло», – успамінае Вольга.

Калі сезон трускавак заканчваўся, беларускі ехалі «на памідоры». З будучым мужам, палякам, Вольга пазнаёмілася на дыскатэцы. У 2004-м нарадзіўся сын Даніэль. Але стасункі з мужам не склаліся, разжаніліся праз пяць гадоў, і ў 2009-м Вольга пастанавіла вярнуцца з сынам у Беларусь.

«І хоць мама казала мне: Воль, заставайся, будзеш шкадаваць потым, што вярнулася ў Беларусь, – я нібы рогам уперлася», – распавядае жанчына.

Фота: Белсат
Фота: Белсат

Вярнулася на радзіму, але не на Гарадзеншчыну – паехала ў сталіцу. Працавала ў Менску паводле спецыяльнасці (мае гандлёвую адукацыю) у крамах, у тым ліку ў сеткавай «Mary Kay». Жыццё наладжвалася, сын рос. Напрыканцы 2015 года сябры з-пад Лодзі прапанавалі Вользе адсвяткаваць разам Каляды. З радасцю згадзілася. Цёмным зімовым ранкам 24 снежня дабраліся да Лодзі, дзе яе і сына сустрэў кіроўца сяброў. Трэба было пераадолець яшчэ некалькі дзясяткаў кіламетраў…


«Была ў крытычным стане»


«Зіма была тады як зараз. Туманны золак. 24 снежня… Я і падумаць не магла, што праз некалькі гадзінаў буду ляжаць у рэанімацыі, а маё жыццё перакуліцца, як тая машына на трасе…» – кажа Вольга Майхроўска.

Мужчына за стырном заснуў. Рыпенне тармазоў – аўтамабіль закруціла, выкінула на ўзбочыну і перавярнула. Даніэль, якому на той момант было 11 гадоў, сядзеў побач з кіроўцам і быў прышпілены пасам бяспекі. Гэта яго выратавала: хлопчык толькі спіну падрапаў, калі вылазіў з аўта. Кіроўца таксама абышоўся драпінамі на ілбе. У Вольгі (сядзела на заднім седале непрышпіленая) аскольчаты пералом хрыбетніка і разрыў селязёнкі. А яшчэ – паламаныя рэбры, лапатка і хвасцец.

,,

«Была ў крытычным стане. І мама не магла да мяне дазваніцца, нічога не ведала. Пачала званіць у амбасаду і толькі праз пасольства даведалася пра аварыю. А я была ў клінічнай коме дзесяць дзён. З першага разу не прачнулася, толькі з другога вывелі мяне з наркозу пасля аперацыі», – згадвае Вольга.


Жанчына з пяшчотай у голасе ўспамінае, як медсёстры ў польскім шпіталі запляталі ёй косы, бо яна мела тады даўгія валасы. Згадвае, як пажылы ўжо нейрахірург спрабаваў яе абнадзеіць: маўляў, будзе пані яшчэ хадзіць з кійком, калі будзе займацца рэабілітацыяй… Забягаючы наперад: надзеі гэтыя не спраўдзіліся, хоць цягам чатырох гадоў, ужо ў Беларусі, Вольга рабіла ўсё, каб ізноў стаць на ногі.


«Сын Даніэль – сэнс майго жыцця»


Тады, у 2015-м, Вольга вярнулася з Польшчы ў Беларусь на інвалідным вазку. І на вазку ўжо – дзясяты год. Дарэчы, той, на якім ізноў з'ехала ў Польшчу ў 2024 годзе (пра гэта – крыху пазней), ужо стары. Перамяшчаецца на ім пяты год. А замяніць у Польшчы на новы не так і проста (а каб цалкам задарма, дык, напэўна, і немагчыма). Самы просты вазок актыўнага тыпу («Актыўнага! Бо я ж вельмі актыўная!» – смяецца) каштуе сама меней 5000 злотых (1200 еўраў).

Фота: Белсат
Фота: Белсат

Калі частуе нас печывам да толькі што запаранай чорнай кавы, заўважаем на ейнай руцэ крыху размытую татуіроўку па-англійску. «Сын Даніэль – сэнс майго жыцця», – выбіта на перадплеччы. Прызнаецца, што зрабіла тату ў гонар сына, але не адразу пасля ягонага нараджэння, а пазней.

«Сын таксама моцна змяніўся пасля таго ДТЗ. Быў да гэтага вельмі актыўным. Ездзілі з ім усюды: заапаркі, цыркі, атракцыёны, у Іспанію ляталі на адпачынак… А пасля аварыі хлопчык пачаў замыкацца ў сабе. Нікуды не хацеў без мяне. А я ўжо не магла…» – дзеліцца Вольга.

Даніэлю цяпер 20 гадоў. У Беларусі ён скончыў ліцэй у Наваградку паводле спецыяльнасці «кухар-афіцыянт». Пасля пераезду ў Польшчу працуе ў рэстаранах, але марыць атрымаць адукацыю, звязаную з сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі (мае польскае грамадзянства). Дапамагае маці ўва ўсім і ўвесь час побач. Калі б не ён, то вельмі лёгка было б страціць той самы сэнс жыцця…


«Думаю, можа, у мяне ўжо дах паехаў…»


Але вернемся ў Беларусь. Апынуўшыся ў інвалідным вазку, Вольга працавала ў Менску менеджарам продажаў і адміністратарам. Атрымлівала таксама пенсію ад дзяржавы памерам 600 рублёў. Каб неяк выжыць, займалася рукадзеллем: вязала на продаж дзіцячае адзенне, шапачкі і шалікі. У 2020 годзе аддала подпіс за Віктара Бабарыку («Сімпатычны мужчына, і ягоныя думкі мне вельмі падабаліся».) і пачала вязаць чырвоныя шапкі з бел-чырвона-белымі сцягамі. Разам з сяброўкамі ўдзельнічала ў мірных маршах пратэсту ў Менску.

У рукі амапаўцаў тады не трапіла, але пазней, у 2022 годзе, наваліўся страх: жанчына зразумела, што ейны тэлефон праслухоўваюць. Больш за тое, пачала заўважаць, што ейнаю асобаю цікавяцца людзі ў характэрным цывільным адзенні – проста віжуюць за ёю.

«Думаю, можа, у мяне ўжо дах паехаў, шчыра вам кажу…» – гаворыць Вольга.

З дахам у Вольгі было ўсё ў парадку, але вось у такім напружанні, на мяжы шызафрэніі, давялося (і даводзіцца сёння шматлікім людзям) жыць у краіне, дзе пануе рэжым татальнага паліцэйскага нагляду.

Фота: Белсат
Фота: Белсат

На пачатку 2024 года Вольга Майхроўска едзе ў Лодзь паказацца нейрахірургу. Вяртаецца праз Варшаву, па дарозе спісваецца з хлопцамі з «Інклюзіўнага барысты», якія збіраліся тады адкрыць новую кавярню. Запытваецца, ці могуць узяць яе на працу.

«Запрасілі мяне пад’ехаць да іх. Я прыехала, пазнаёміліся. Ведаеце, я ж сама вельмі каву люблю. Дома ўвесь час камбінавала, запарваючы: што можна дадаць, як можна малако ўзбіць у хатніх умовах. Ну і думаю: а чаму б і не паспрабаваць барыстай?» – распавядае жанчына.

Яна ненадоўга вярнулася ў Беларусь, атрымала запрашэнне на кававы фестываль ад «
Inclusive Barista» і ў лютым 2024-га чарговы раз прыехала ў Польшчу – вучыцца парыць каву і працаваць.


«Тут няма гэтых жаласлівых позіркаў»


«А ведаеце, неяк мне лёгка было. Напэўна, калі нешта падабаецца, то і атрымліваецца лёгка, я так лічу», – заўважае беларуска.

Перапрашае, што не можа ўдома пачаставаць нас кавай ад сапраўднага барысты, хай сабе пакуль і пачаткоўца. Запарвае проста ў кубку, заліваючы каву кіпнем (як казалі раней у Беларусі, «па-польску»). І распавядае, што першы месяц жыла ў прыгарадзе Варшавы, Зомбках, у гостэле для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Кватэру для вазочніцы знайсці было не так і проста. Трэба, каб умовы адпавядалі: у доме з ліфтамі і пандусамі на выхадзе, дастатковай прасторай унутры, каб можна было перамяшчацца на вазку. І, што вельмі важна, з добрым даездам да месца працы.

Фота: Белсат
Фота: Белсат
Былы палітвязень Сяргей Гунь у Варшаве, Польшча. 6 лютага 2025 года. Фота: Белсат

«Уяві сабе: у цябе велізарная рваная рана…» Былы палітвязень Сяргей Гунь – пра аднаўленне псіхікі, неабходнасць пазітыву і саксафон сваёй мары

Гісторыі

Вольга адзначае, між іншым, што па Варшаве перамяшчацца ў вазку лягчэй, чым па Менску.

«У аўтобусах тут заўжды пандусы ёсць. У Менску не ўсюды. Ужо не кажу пра незадаволеныя твары менскіх кіроўцаў аўтобусаў. Так, і метро ў Варшаве цалкам даступнае, трамваі таксама. Ну і людзі тут ставяцца да цябе па-іншаму – як да здаровай. У Варшаве я ніколі не адчула сябе інвалідам. Тут няма гэтых жаласлівых позіркаў, якія сустракаеш у Беларусі, калі на цябе глядзяць, абарочваюцца, калі бабулі да цябе падыходзяць, маўляў, такая маладая, а ўжо ў інвалідным вазку…» – дзеліцца назіраннямі Вольга.


«Лепш эўтаназія, чым такое жыццё»


Варшаўскія кіроўцы ўжо пазнавалі і радасна віталі Вольгу, калі яна ехала на працу. Але з кастрычніка да «Інклюзіўнага барысты» яна ездзіць не можа. Мінулай восенню Вольгу напаткала цяжкая хвароба – з неўтаймоўнай гарачкай за 40 градусаў і гнойнай ангінай.

Вольга распавядае, што магла нешта з'есці, толькі прыняўшы добрую дозу абязбольвальных сродкаў. Пачалі выпадаць валасы. Запісацца на прыём да лекара ці купіць моцных антыбіётыкаў не магла, бо не мела яшчэ карты побыту.

Жанчына даволі жорстка выказваецца наконт польскай сістэмы аховы здароўя, якая можа паставіцца да чалавека «як да бруду з-пад пазногцяў», калі ты замежнік і не маеш яшчэ патрэбных папераў і страхоўкі. Маўляў, лягчэй памерці. Гэтае пекла працягвалася тры тыдні.

Фота: Белсат
Фота: Белсат

«Вельмі цяжка было… Ведаеце, у мяне нават нейкае памутненне было, напэўна, ад усяго гэтага. І ў галаве такія думкі ўжо круціліся: лепш бы ўжо эўтаназія, чым такое жыццё. Ну вось шчыра! А потым, калі сябры пачалі дапамагаць і да лекара пайшла, то неяк і думкі ўгару пайшлі, нейкі пазітыў прабіўся. І нават гемаглабін пачаў уздымацца, таму што гэта ж таксама ад настрою залежыць», – расказвае Вольга.

Па карту побыту Вольга, як кажа, ездзіла яшчэ ў напаўпрытомным стане. Пасля адразу запісалася на прыём да лекара і атрымала рэцэпт на моцны антыбіётык.

За час хваробы жанчына схуднела на 15 кілаграмаў.

«Не, зараз ужо набрала троху. А тады вельмі страшна выглядала. У мяне скура вісела, як у бабы Ягі. Зараз ужо можна і пажартаваць, а тады не да жартаў было. Калі не баіцеся, то зараз знайду відэа, якое я падчас хваробы запісала…» – прапаноўвае Вольга.


Вельмі патрэбная нашая дапамога


Валасы ўжо пачалі адрастаць – цяпер у Вольгі хлапчуковы вожык на галаве. А ў вушах – завушніцы ў форме сэрца і некалькі кліпсаў («Нядаўна прабіла – трэба ж неяк даводзіць сябе да ладу», – пасміхаецца Вольга.). Не выкараскалася б з хваробы, каб не падтрыманне сяброў (у тым ліку з «Інклюзіўнага барысты») і не штодзённая апека сына, які гатаваў ежу, бегаў па лекі, спаў побач, пераварочваў маці ў ложку.

Але пазбегчы ўтварэння пролежня не ўдалося. Калі зараз не зрабіць аперацыі, можа пачацца сепсіс.

Фота: Белсат
Фота: Белсат

Ужо 4 сакавіка Вольгу кладуць у шпіталь, на 6-га запланаваная пластычная аперацыя. Вольга спадзяецца, што яе кошт пакрыецца страхоўкай для беспрацоўных – беларуска паспела зарэгістравацца на біржы працы. Але пасля аперацыі два тыдні будзе ляжаць у шпіталі, а потым як мінімум месяц удома.

«Так, буду ляжаць у ложку, перамяшчацца не змагу. І нам патрэбная будзе сядзелка, таму што сын адзін проста не дасць рады, будзе ж працаваць. Толькі таму і асмельваюся звярнуцца па дапамогу да іншых беларусаў…» – тлумачыць Вольга Майхроўска.

А трэба яшчэ разабрацца з анеміяй: пасля хваробы арганізм чамусьці адмаўляецца засвойваць жалеза і бялок. Жанчыне прызначылі даследаванні: гастра- і калонаскапію. За гэта таксама давядзецца плаціць. Два ці тры месяцы па аперацыі Вольга не зможа працаваць.

І ёй вельмі патрэбная зараз нашая
дапамога.

«І мяне чакаюць на працы. Я і сама ўжо рвуся! Дзень таму літаральна
Саша Аўдзевіч напісаў: "Воля, спадзяюся мы дачакаемся цябе да лета". Адказала: так. Вось і значыцца, летам я вярнуся да працы», – кажа Вольга.

«Можа, яшчэ кавы?» – пытаецца, калі развітваемся.

«Не, Вольга, прыйдзем да вас на кубачак кавы летам – у "Інклюзіўнага барысту". Папраўляйцеся!» – зычым на развітанне.

«А я ж пра кепскае ўжо і думаць перастала», – праводзіць нас усмешкай Вольга Майхроўска.

Зміцер Міраш
belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10