Аналітыка

«Дзяржава забірае ў бацькоў манаполію на выхаванне». Каго выхоўваюць закрытыя спецшколы ў Беларусі?

Вучні Магілёўскага дзяржаўнага спецыяльнага прафесійна-тэхнічнае вучылішча закрытага тыпу № 2
Вучні Магілёўскага дзяржаўнага спецыяльнага прафесійна-тэхнічнага вучылішча закрытага тыпу № 2 дрэваапрацоўкі. Фота: vestnikmogileva.by
podpis źródła zdjęcia

На пачатку лютага бягучага года ў Беларусі пастановай Міністэрства адукацыі №179 быў вызначаны парадак дзейнасці спецыяльных выхаваўчых установаў. Яшчэ летась у Законе аб пытаннях прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў няпоўнагадовых туды дазволілі накіроўваць па заяве бацькоў. Паглядзелі, як будуць працаваць гэтыя ўстановы і пагутарылі з заснавальніцай установы «Лекары за праўду і справядлівасць» Вольгай Вялічкай і псіхолагам Наталляй Скібскай пра тое, навошта ў Беларусі ўзяліся за спецшколы і ці сапраўды яны могуць выправіць дзіця.

У спецшколу з 11 гадоў


Паводле пастановы Міністэрства адукацыі, спецыяльная выхаваўчая ўстанова – гэта такая адукацыйная ўстанова, якая рэалізуе праграму выхавання дзяцей, якія маюць патрэбу ў асаблівых умовах выхавання, а таксама праводзіць комплексную рэабілітацыю выхаваўцаў, якія спажывалі ці спажываюць наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы, алкагольныя і слабаалкагольныя напоі, у тым ліку, піва.


Спецыяльныя выхаваўчыя ўстановы ў Беларусі існуюць у двух формах: школа закрытага тыпу ці спецыяльнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча таксама закрытага тыпу. На сённяшні дзень такіх установаў чатыры:


  • Петрыкаўскае дзяржаўнае спецыяльнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча закрытага тыпу ў г. Петрыкаў Гомельскай вобласці – туды адпраўляюць дзяўчынак да 14 гадоў.
  • Магілёўская спецыяльная школа закрытага тыпу – для хлопчыкаў да 14 гадоў.
  • Магілёўскае спецыяльнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча закрытага тыпу – для хлопцаў, старэйшых за 14 гадоў.
  • Крывічская лячэбна-выхаваўчая ўстанова – для хлопчыкаў, якія маюць патрэбу не толькі ў асаблівых умовах выхавання, але і ў лячэнні.


У спецыяльную выхаваўчую ўстанову могуць размясціць няпоўнагадовых ва ўзросце ад 11 да 18 гадоў, якія маюць патрэбу ў асаблівых умовах выхавання, а таксама вырак ці рашэнне суду аб прымяненні прымусовых мераў выхаваўчага характару, ці па заяве аднаго з законных прадстаўнікоў няпоўнагадовых, калі згодна з заканадаўствам быў усталяваны факт ужывання гэтымі няпоўнагадовымі наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, алкагольных, слабаалькагольных напояў ці піва. Паводле заканадаўства, бацькі змогуць аддаваць дзіця ў спецшколу «з мэтай рэабілітацыі».


Як бацькі могуць здаць дзіця?


Да падпісання Лукашэнкам у 2024 годзе змяненняў у Закон аб пытаннях прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў няпоўнагадовых накіраваць падлетка, які ўжывае забароненыя рэчывы, у спецшколу, можна было толькі па рашэнні суду пасля таго, як на ўжыванні дзіця некалькі разоў лавіла міліцыя, а таксама калі яно стаіць на ўліку ў нарколага.

Магілёўская спецыяльная школа закрытага тыпу. Крыніца: yandex.by
Магілёўская спецыяльная школа закрытага тыпу. Крыніца: yandex.by

Цяпер бацькі ці апекуны змогуць звярнуцца наўпрост у спецыяльную выхаваўчую ўстанову і падаць заяву «аб арганізацыі комплекснай рэабілітацыі няпоўнагадовага». Да заявы трэба будзе прыкласці дакументы, якія пацвярджаюць, што дзіця ўжывала алкаголь ці наркотыкі, і тлумачэнне, чаму было прынятае рашэнне аддаць яго ў спецшколу.


Бацькі таксама могуць вызначыць пажаданы тэрмін, на які яны аддаюць дзіця – ад школьнай чвэрці да каляндарнага года. Пры жаданні бацькі змогуць забраць дзіця дамоў раней.


Дырэктар спецустановы павінен узгадніць рашэнне аб прыёме дзіцяці з Міністэрствам адукацыі.


Забароненыя тэлефоны, кампутары, флэшкі


 У пастанове ўтрымліваецца пералік рэчаў, забароненых да выкарыстання і захоўвання выхаванцамі спецыяльных установаў. Да іх, напрыклад, адносяцца прадукты харчавання, якія патрабуюць тэрмічнай апрацоўкі (крупы, кашы, мяса, рыба, пакетаваныя супы і інш.), алкагольныя напоі, тытуневыя вырабы, электронныя цыгарэты, агнястрэльная і халодная зброя, хімічныя і ядавітыя рэчывы, гука-, фота- і відэазапісваючыя прылады, сродкі мабільнай і іншай сувязі, насіцелі інфармацыі (дыскі, флэшкі і т.п.), персанальныя кампутары, планшэты і інш.


За пералікам забароненых рэчываў ідзе пратакол асабістага дагляду выхаваўцы і ягоных рэчываў, а таксама акт выняцця знойдзеных забароненых прадметаў. Гэта ўсё вельмі нагадвае сапраўдныя пенітэнцыярныя ўстановы. Таксама незразумела, якім чынам якасны адукацыйны працэс можа ажыццяўляцца без тэхнікі – кампутараў, мабільных тэлефонаў. Такая выхаваўчая ўстанова больш нагадвае не школу, а турму.


Ці ёсць у пастанове штосьці станоўчае?


Пракаментаваць працу спецыяльных выхаваўчых установаў у Беларусі і іхны ўплыў на дзяцей мы папрасілі Вольгу Вялічку – заснавальніцу публічнай установы «Лекары за праўду і справядлівасць», псіхолага, былую кіраўніцу гарадзенскага дзіцячага хоспісу, аўтарку даследванняў турэмнай медыцыны і псіхалогіі і кнігі «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме».


Вольгу бянтэжыць магчымасць размяшчэння ў адной установе дзяцей, якія трапілі туды паволе прысуду, бо здзейснілі правапарушэнне, разам з дзецьмі, што засталіся без апекі бацькоў ці на якіх бацькі самі аддалі «на перавыхаванне».

,,

«Я не разумею, як можна гэтых дзяцей збіраць разам у адной установе», – кажа заснавальніца ўстановы «Лекары за справядлівасць».


Ілюстрацыйны здымак. Фота: gp.by

Як у Глуску 15-гадовую дзяўчыну на два гады адправілі ў «калонію для непаўналетніх» за абразу міліцыянта – не дапамаглі ні апеляцыя, ні наяўнасць абодвух бацькоў

навіны

Адначасова Вольга знаходзіць у пастанове і станоўчыя моманты – напрыклад, сам факт таго, што Міністэрства адукацыі займаецца арганізацыяй адукацыйнага працэсу для дзяцей, накіраваных у закрытыя навучальныя ўстановы, а таксама што прапісваецца праца спецыяльных прафесійна-тэхнічных навучальных установаў, што дае шанец дзецям атрымліваць адукацыю. У той жа час Вольга з жалем адзначае адсутнасць магчымасці для асуджаных падлеткаў атрымліваць вышэйшую адукацыю.


«На жаль, няпоўнагадовыя ў выхаваўчых установах не маюць магчымасці паступаць у ВНУ. Тое, што асуджаныя дзеці могуць атрымаць толькі прафесійна-тэхнічную адукацыю, абмяжоўвае іхныя правы», – кажа экспертка.


З 2020 года дзяржава актыўна ўмешваецца ў сям’ю


Той факт, што апошнім часам у Беларусі ўвогуле ўзяліся за працу спецыяльных выхаваўчых установаў, быў зменены «Закон аб пытаннях прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў няпоўнагадовых», паводле Вялічкі, кажа пра агульную тэндэнцыю ўмяшальніцтва дзяржавы ў сям’ю, якое пачалося з 2020 года.


«У школах і дзіцячых садках на поўную катушку ўключаная ідэалагічная машына. Сістэма, дзе сям’я, бацькі адказвалі за выхаванне дзіцяці, а дзяржава – за іншыя рэчы, разбалансаваная. Раней існаваў 18 дэкрэт, які да 2020 года выкарыстоўваўся па прызначэнні – дзяцей забіралі, калі насамрэч была пагроза жыццю ці здароўю. З 2020 года дзяржава ўключыла рэпрэсіўны механізм і пачала актыўна ўмешвацца ў структуру сям’і ды ўводзіць ідэалагічны кампанент у навучальных установах. У выніку бацькі не вельмі разумеюць, як цяпер выхоўваць дзяцей», – кажа Вольга Вялічка.

Настаяцель прыхода храма Узнясення Гасподняга протаіерэй Дзмітрый Пасечнік наведаў установу адукацыі Петрыкаўскае дзяржаўнае спецыяльнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча закрытага тыпу. Петрыкаў, Гомельская вобласць, Беларусь. 15 красавіка 2018 года. Фота: turov.by
Настаяцель прыхода храма Узнясення Гасподняга протаіерэй Дзмітрый Пасечнік наведаў установу адукацыі Петрыкаўскае дзяржаўнае спецыяльнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча закрытага тыпу. Петрыкаў, Гомельская вобласць, Беларусь. 15 красавіка 2018 года. Фота: turov.by

Калі сям’я не пагаджаецца «з адзінай палітыкай партыі», яе запужваюць, пагражаюць забраць дзяцей, ствараюць умовы, калі немагчыма працаўладкавацца – дзяржава робіць усё, каб бацькі не маглі нармальна выконваць свае абавязкі, мяркуе наша суразмоўца.


«Вынікі гэтай палітыкі ўжо адбіваюцца на дэмаграфічнай сітуацыі, але дзяржава ідзе далей, забірае ў бацькоў манаполію на выхаванне дзяцей і прапаноўвае – пішыце заяву і мы будзем іх выхоўваць. Фактычна ж, дарослыя людзі – дзяржава ў асобе чыноўнікаў і бацькі высвятляюць паміж сабой адносіны, і ніхто насамрэч не думае, што будзе з дзецьмі. Гэта нагадвае стары савецкі фільм «7 нянек», у якім камсамольцы ўзялі на перавыхаванне дзіцёнка, які краў, і зрабілі з яго «нармальнага савецкага чалавека». Вось гэтыя састарэлыя, жорсткія, анцігуманныя савецкія нормы і хочуць вярнуць цяпер чыноўнікі», – каментуе Вольга Вялічка магчымасць напраўляць дзяцей у закрытыя ўстановы па заяве бацькоў.


Якія дарослыя з іх вырастуць?


Псіхолаг і грамадская дзяячка зазначае, што ў выпадках, калі дзіця здзяйсняе сапраўды сур’ёзнае правапарушэнне ці злачынства, і ў яго ўжо наступіў узрост грамадзянскай адказнасці – 14 гадоў, яго трэба ізаляваць. Аднак трэба ацэньваць сур’ёзнасць злачынства і яго небяспеку для грамадства – так робяць у цывілізаваных краінах.

,,

«А цяпер на дзяцей хочуць павесіць адказнасць з 11 гадоў. Гэта яшчэ глыбокія дзеці, тым больш – хлопчыкі. Гэта яшчэ пачатковая школа. Што трэба было рабіць з гэтым дзіцёнкам, каб з ім не маглі справіцца ні бацькі, ні школа, і яго трэба было размясціць у закрытую ўстанову?», – пытаецца экспертка.


Вольга Вялічка таксама задаецца пытаннем, што будзе з дзецьмі, калі яны выйдуць з гэтых спецыяльных выхаваўчых установаў? Якія дарослыя з іх вырастуць?


«Мы ж ужо бачым на прыкладзе сіротаў, якія выходзяць з дзіцячых дамоў, што гэта людзі, якія напалову не ўмеюць жыць у соцыуме. А гэтыя закрытыя ўстановы – увогуле рэжымныя аб’екты. Што будзе з дзецьмі пасля таго, як яны там пабудуць?».


Вольга звяртае ўвагу, што, нягледзячы на дзейнае даволі жорсткае заканадаўства ў Беларусі і працу закрытых установаў, пагаршаецца не толькі дэмаграфічная абстаноўка – сярод дзяцей і моладзі толькі павялічваецца колькасць злачынстваў па «наркатычным» артыкуле 328, а акрамя таго – сур’ёзна «памаладзелі» суіцыды.


«Дзецям гэта неўласціва. Каб дзіця давесці да думкі «скончу з сабой», што трэба рабіць з гэтым дзіцёнкам?», – пытаецца аўтарка даследаванняў пра турэмную медыцыну і псіхалогію.


Дзяцей караюць за тое, у чым вінаватыя дарослыя

Вучні спецыяльнай школы закрытага тыпу, размешчанай у Магілёве, наведалі Трохсвяціцельскі сабор. 25 лютага 2016 года. Фота: church.by
Вучні спецыяльнай школы закрытага тыпу, размешчанай у Магілёве, наведалі Трохсвяціцельскі сабор. 25 лютага 2016 года. Фота: church.by

Паводле Вольгі, цяпер у Беларусі трэба найперш не ствараць новыя закрытыя ўстановы для дзяцей, а сканчаць рэпрэсіі, думаць, якім чынам прымірыць два бакі, на якія падзялілі беларусаў – «змагароў» і «ябацек», аднаўляць краіну да таго стану, у якім яна была, і наганяць згубленае.


«Дзяржава павінна выконваць сваю функцыю – дапамагаць грамадзянам. Калі вы бачыце, што ў сям’і ёсць праблемы, думайце, як гэтай сям’і дапамагчы, а не як яе пакараць і забраць дзяцей, – кажа экспертка. – Калі дзіця здзяйсняе злачынствы, трэба стварыць такую псіхолага-педагагічную службу, суправаджэнне, каб гэтаму дзіцяці дапамагчы. Бо калі яно здзейсніла нейкае сур’ёзнае правапарушэнне ці злачынства, у яго, напэўна, былі матывы. Трэба іх зразумець і дапамагчы вырашыць праблему. А ў нас усё робіцца не каб дзіцяці дапамагчы, а дзяржаве ўтрымліваць сваю ідэалагічную лінію».


Псіхолаг Наталля Скібская, якая мае досвед працы з «цяжкімі» падлеткамі, кажа, што спецыяльныя школы ёсць і ў еўрапейскіх краінаў, і ад іх у пэўных сітуацыях можа быць карысць. Але што падобныя ўстановы ў Беларусі, дзе ўсё дзяржаўнае кіраванне пабудаванае на гвалце, могуць некага выправіць, адмыслоўца сумняецца:

,,

«Каб папраўчыя ўстановы выконвалі сваю функцыю, патрэбныя спецыяльныя праграмы, у тым ліку, па рэсацыялізацыі, і дзяржава тут павінна рабіць вельмі шмат захадаў. Сумнеўна, што ў Беларусі ўсё гэта цяпер робіцца».


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: narcolog-praktik.ru

Без суда – на прымусовае лячэнне. У падлеткаў адабралі права голасу

навіны

Агулам жа Наталля лічыць размяшчэнне дзяцей у закрытыя ўстановы несправядлівым.


«Фактычна, іх караюць за тое, у чым вінаватыя дарослыя - бацькі, школа, грамадства, якія не могуць стварыць добрыя ўмовы для дзіцяці. Правапарушальнікамі часцей становяцца дзеці, у якіх няма падтрымкі, дапамогі, разумення, спакою. Часта дзеці з непажаданамі паводзінамі – гэта ахвяры хатняга гвалту. У выніку яны пакараныя двойчы – спачатку ў сваёй сям’і, дзе з іх здзекваліся, а потым іх пакарала дзяржава. Дзіця сваімі паводзінымі нібы кажа – мне дрэнна, а яго за гэта садзяць у турму», – кажа псіхолаг.


«Я такі кепскі, што мае мама і тата ад мяне адмовіліся»


Ізаляцыя ў закрытай і зусім несяброўскай установе – моцны эмацыйны стрэс для дзіцяці, і чым яно малодшае, тым стрэс мацнейшы.


«Я працавала з такімі дзецьмі – мне іх вельмі шкада, – кажа Наталля Скібская. – На жаль, у нашым грамадстве дагэтуль распаўсюджаная парадыгма, што калі дзіця паводзіць сябе нейкім непажаданым чынам, то яно заганнае. Калі дзіця жыве ў асацыяльных умовах, яго б’юць, у пэўным сэнсе ізаляцыя можа стаць для яго ўратаваннем. Але нават у самых асацыяльных сем’ях дзіця прывязанае да бацькоў. Адарванне ад людзей, якія з’яўляюцца для дзіцяці падмуркам, разбуральнае для ягонай асобы».


Каб даць рады з паводзінамі дзіцяці асабліва ў падлеткавым узросце, бацькам самім трэба быць у рэсурсе, зазначае псіхолаг:


«А дзе яго ўзяць, калі такая сітуацыя ў краіне, калі побач ідзе вайна, калі ўвогуле незразумела, што будзе? Усё, што мы цяпер перажываем – рэпрэсіі, запужванні, няпэўнасць, раздзяленне сем’яў, калі хтосьці з бацькоў вымушаны ўцякаць, стварае напружанне і адбіваецца на паводзінах дзяцей. Мы тут усе закладнікі – і дарослыя, і дзеці».

Петрыкаўскае дзяржаўнае спецыяльнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча закрытага тыпу ў г. Петрыкаў Гомельскай вобласці, Беларусь. Фота: petrikovsptu.by
Петрыкаўскае дзяржаўнае спецыяльнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча закрытага тыпу ў г. Петрыкаў Гомельскай вобласці, Беларусь. Фота: petrikovsptu.by

Самай жахлівай, паводле Наталлі Скібскай, выглядае сітуацыя, калі дзіця трапляе ў спецшколу па заяве бацькоў.

,,

«Дзіця ў гэтай сітуацыі будзе адчуваць: я такі кепскі, што мае мама і тата, мая сям’я ад мяне адмовілася. Гэта здрада ад людзей, якія яго ў гэты свет прывялі. Гэта вельмі разбуральна для псіхікі».


Паводле псіхолага, першае, што трэба рабіць, калі дзіця здзяйсняе правапарушэнні ці паводзіць сябе непажаданым чынам, гэта разбірацца, што адбываецца ў сям’і і ў бліжэйшым атачэнні дзіцяці. І высвятляць корань праблемы трэба не ў судзе, не ў закрытай школе з турэмнымі ўмовамі, а сустракацца з сям’ёй у добразычлівай атмасферы пры супрацы педагогаў і псіхолагаў і шукаць шляхі, як дапамагчы і бацькам, і дзіцяці, рэзюмуе псіхолаг.


Ганна Ганчар belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10