Расейская і беларуская мова памяняліся месцамі

Беларускі сегмент «ТыкТоку» дэманструе, што маладыя беларусы і беларускі надаюць перавагу беларускай мове. Гэтым захапляецца Макар Валынкін, які летась напісаў кнігу «Апошняе пакаленне» пра моладзь у рэаліях Беларусі пасля 2020 года.

Макар Валынкін вядзе свой блог у «Інстаграме», дзе дзеліцца ўражаннямі ад прачытаных кніг. Чытаннем Макар заняўся, каб авалодаць беларускай мовай. Але ён пачаў з сучасных аўтараў, напрыклад, Евы Вежнавец (псеўданім Святланы Курс), і ўжо потым звярнуўся да такіх класікаў, як Уладзімір Караткевіч, бо класіка асацыявалася са школьным беллітам.

,,

«Я пачаў чытаць. Мне не была цікавая ўся класічная беларуская літаратура – у мяне была траўма са школы, – іранізуе Макар. – Неяк са школы… Вёска – каханне – вайна… Абсалютна мне было гэта нецікава – і я пачаў шукаць нейкую сучасную беларускую літаратуру».


Якія беларускія кнігі Макар раіць прачытаць? Чаму яму самому захацелася напісаць кнігу? Якія героі паказаныя ў «Апошнім пакаленні»?

У адным з мінулых выданняў праграмы Віктар Шукеловіч паразмаўляў з Андрэем Дубовікам, які робіць аматарскія пераклады літаратурных твораў.

Віктар Шукеловіч і Андрэй Дубовік
Віктар Шукеловіч і Андрэй Дубовік

У граматычнай частцы Віктар Шукеловіч распавёў, як беларусы прыдумалі літару «ў».

Кожны беларус вельмі ганарыцца літарай «ў», бо яе няма ў іншых кірылічных алфавітах. У Полацку ў самым цэнтры гораду нават паставілі памятны знак гэтай літары. Але мала хто ведае, што нашая любімая літара магла выглядаць зусім не так, як цяпер. І варыянтаў было мноства!

Упершыню ў сучаснай беларускай мове асобная літара для гука [ў] з’явілася ў сярэдзіне XIX стагоддзя, калі шырока ўжывалася беларуская лацініца. Ян Чачот у 1846 годзе ў сваёй брашуры «Да мілых мужычкоў» пісаў «ú». Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, калі трэба было паказаць гук [ў], проста вылучаў літару «u» курсівам: «jon umieu». Так сама рабіў і Кастусь Каліноўскі ў публікацыях 1862-63 гадоў. Сустракаюцца таксама варыянты «ǔ», «w̆». Этнограф Міхаіл Федароўскі, перадаючы ў сваіх працах аўтэнтычныя тэксты, выкарыстоўвае варыянт «u̯». У некаторых месцах, каб паказаць вельмі кароткі гук, ідзе варыянт «ŭ».

Варыянт «ŭ», у якім літара зафіксавалася, упершыню сустракаецца ў 1845 годзе ў працы Габрыэля Асоўскага. У 1853-54 гадах гэты знак ужывае этнограф і выдавец Аляксандр Рыпінскі. І, вядома, смела і шырока «ŭ» ужываецца ў кракаўсім выданні «Дудкі беларускай» Францішка Багушэвіча (1891 год).

Ад 1870 года маем прыклады і кірылічнага ўжывання літары «ў». То бок кірылічнай літары «ў» больш за 150 гадоў, а ў лацінцы і ўвогуле 180!

Адукацыйную праграму «Мова нанова» глядзіце штонядзелю на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), на YouTube-канале «БЕЛСАТ LIFE» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.