Чытайма замежных аўтараў або па-беларуску, або ў арыгінале!
Андрэй Дубовік у вольны час перакладае кнігі на беларускую мову. Ён пабачыў, што замежныя аўтары ў Беларусі «абруселі», то бок прадаюцца зазвычай у перакладзе на расейскую. Як гэта дапусцілі прафесійныя перакладчыкі і выдаўцы?
Андрэй – айцішнік і перакладчык-аматар. Перакладам мастацкіх твораў ён заняўся, як той казаў, не ад добрага жыцця. Перайсці на беларускую мову яму дапамаглі кнігі Уладзіміра Караткевіча і Васіля Быкава. А вось з замежнымі аўтарамі ўсё куды горш – беларускі пераклад, скажам, Рэмарка трэба добра пашукаць. Андрэй кажа, што гэта адзін з фактараў русіфікацыі, калі ўсё замежнае «паводле дэфолту» ў Беларусі на расейскай мове.
Андрэй спрабаваў разабрацца ў сітуацыі, у тым ліку распытваючы выдаўцоў, напрыклад, Змітра Коласа. Чаму так цяжка знайсці перакладзеныя на беларускую мовы творы? Якім чынам Мытны саюз тармозіць выданне беларускіх кнігаў? Як прыклад Гэнры Форда можа натхніць выдавецтва заняцца перакладной літаратурай па-беларуску? З якімі галаваломкамі сутыкаецца перакладчык мастацкай прозы? Чаму ў размове пра кнігі мы згадалі лядовыя палацы?
У граматычнай частцы вядоўца Віктар Шукеловіч падкажа, як сакавіта адказаць таму, хто прапануе вам нешта зусім непатрэбнае.
Адукацыйную праграму «Мова нанова» глядзіце кожную нядзелю на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн, у закладцы «Праграмы» на нашай старонцы або на канале YouTube.
Калаж з фота: president.gov.by; Jamie Morrison / unsplash; kinopoisk.ru