Раніцай 3 лютага ў Маскве адбыўся выбух у жылым комплексе «Пунсовыя ветразі». У выніку выбуху пацярпеў кіраўнік Федэрацыі боксу «ДНР» Армэн Саркісян.
Як паведамляе ТАСС, выбух адбыўся ў холе першага паверха ЖК «Пунсовыя ветразі» на паўночным захадзе расейскай сталіцы. Пашкоджанні атрымалі шкленне і гіпса-кардонная столь. Пажару не было. Апорныя канструкцыі жылога дому, паводле папярэдніх звестак, не пашкоджаныя.
Адзначаецца, што ў выніку выбуху кіраўнік Федэрацыі бокса «ДНР» і стваральнік армянскага батальёну «Арбат», што ваюе супраць Украіны, Армэн Саркісян атрымаў цяжкія раненні пры выбуху. Загінуў ягоны ахоўнік. Пацярпелі яшчэ тры асобы. Стан усіх чатырох параненых ацэньваецца як цяжкі.
Расейскія следчыя распачалі крымінальную справу ў сувязі з інцыдэнтам. На месца выехаў кіраўнік СК у Маскве Андрэй Стрыжоў. Мэтай выбуху мяркуецца замах на забойства.
Паводле «ВЧК-ОГПУ», магутнасць выбуховага прыстасавання, закладзенага ў ВК «Пунсовыя Ветразі» складала 300-400 грамаў у тратылавым эквіваленце. Выданне адзначае, што ў параненага Саркісяна цесныя стасункі з чачэнскімі сілавікамі, яго называе братам камандзір спецназа «Ахмат» Апці Алаўдзінаў.
Па словах суседзяў, усіх чальцоў сям'і Саркісяна ахоўвалі некалькі зменаў службы бяспекі.
Сярод пацярпелых пры выбуху Алег Каспіровіч, які раней быў намеснікам камандзіра асобнага атраду спецпрызначэння ўпраўлення Крымскага тэрытарыяльнага камандавання ўнутраных войскаў МУС. Ён мог быць загінулым ахоўнікам Саркісяна.
У 13:27 «Коммерсантъ» паведаміў са спасылкай на праваахоўныя органы, што Саркісян памёр у рэанімацыі. Гэтую ж інфармацыю крыніца паведаміла і «РЕН ТВ». ТАСС адзначае, што «Саркісян перанёс клінічную смерць, яго падлучылі да ШВЛ». Затым інфармацыю пра смерць Саркісяна пацвердзілі і ў Следчым камітэце РФ.
Хто такі Армэн Саркісян
«Медиазона» адзначае, што 46-гадовы Саркісян вядомы як крымінальны аўтарытэт Армэн Горлаўскі, кіраўнік Федэрацыі бокса ДНР, а таксама стваральнік батальёна «АрБат». Падраздзяленне ваюе ва Украіне і ў Курскай вобласці РФ на баку Расеі і складаецца з этнічных армянаў, хоць былі звесткі пра вербаванне ў яго і інданезійцаў.
Саркісян расказваў, што яшчэ ў юнацтве пераехаў з Арменіі ў Горлаўку Данецкай вобласці Украіны. Там ён стаў віцэ-прэзідэнтам Федэрацыі бокса Данецка, пры гэтым у медыях звычайна фігураваў як крымінальны аўтарытэт. У 2014 годзе, падчас Еўрамайдану, яго абвінавачвалі ў арганізацыі разгону актывістаў у Кіеве і Данецку, прычым падчас аднаго з інцыдэнтаў загінуў журналіст Віталь Верамій.
Найбольшую вядомасць Саркісян атрымаў у 2022 годзе пасля стварэння «АрБата». Увосень 2024 года праваахоўныя органы Арменіі абвясцілі аб перадухіленай спробе гвалтоўнага захопу ўлады і затрыманні трох чалавек. Як сцвярджалася, змоўнікі планавалі арганізаваць падрыхтоўку байцоў на тэрыторыі «АрБата», а «А.С» у прэс-рэлізе называлі саўдзельнікам затрыманых.
Нагадаем, што раніцаю 17 снежня 2024 года прагрымеў выбух на Разанскім праспекце ў Маскве. Як выявілася, у выніку яго загінуў генерал-лейтэнант войскаў радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны ВС РФ Ігар Кірылаў. Паводле выдання, разам з Кірылавым загінуў ягоны кіроўца Ілля П., які прыехаў па начальніка, каб адвезці на працу.
Якуб Хруст belsat.eu