навіны

Расейскі палітолаг: Пуцін баіцца мяняць Лукашэнку на каго-небудзь іншага

Уладзімір Пуцін. Фота: kremlin.ru
Уладзімір Пуцін. Фота: kremlin.ru
podpis źródła zdjęcia

Расейскі палітолаг Іван Праабражэнскі ў эфіры «Белсату» пракаментаваў стаўленне кіраўніцтва Расеі да «выбараў» у Беларусі і да Аляксандра Лукашэнкі. Паводле яго, для Крамля няма жадання мяняць яго на кагосьці іншага.

Іван Праабражэнскі адзначыў, што Уладзімір Пуцін яшчэ ў 2020 годзе зрабіў «асабістую стаўку» на Аляксандра Лукашэнку і змяняць сваё рашэнне не збіраецца.

,,

«Расея проста робіць стаўку на ўзурпатара да самага канца, і ніякіх іншых ідэяў у Крамлі не вітаецца, не разглядаецца. Адміністрацыя прэзідэнта не рыхтуе ніякіх альтэрнатыўных планаў», – заявіў ён.


Амбасадар Украіны ў асаблівых даручэннях у Беларусі Ігар Кізім выступае на «Форуме Астрожскіх» у Кіеве, Украіна. 16 лістапада 2024 года. Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат

Амбасадар Кізім: Для Украіны «выбары» ў Беларусі нічога не змяняюць

навіны

На думку расейскага палітолага, Крэмль нават можа не пагадзіцца адпусціць Лукашэнку, калі раптам той знойдзе кандыдатуру на сваё месца. Ён нагадаў, што кіраўнік ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі «памёр, што называецца, на баявым пасту», у такой сітуацыі знаходзіцца і лідар Камуністычнай партыі Расейскай Федэрацыі Генадзь Зюганаў.

«Пуцін баіцца замяняць людзей на кагосьці новага, тым больш ён будзе баяцца гэта рабіць у Беларусі, бо любы чалавек – гэта абавязкова перамены. А любыя перамены ў гэтай сітуацыі хутчэй не на карысць Крамля і не на карысць Расеі, бо ўсім відавочна, што з пункту гледжання стратэгічнай цікавасці Беларусі трэба старацца дыстанцыявацца ад Расеі», – адзначыў Праабражэнскі.

На яго думку, Лукашэнка стане нявыгадным Крамлю толькі тады, калі паспрабуе сур'ёзна аднаўляць стасункі з Захадам.

Не чакае палітолаг і анексіі Беларусі з боку Расеі. Тым больш, што ў яго ўжо быў такі шанец у 2022 годзе, «калі яна дэ-факта была акупаваная расейскім войскам паўнавартасна». І цяпер ён «заўсёды можа давезці туды войскі і так ці інакш дабіцца далучэння Беларусі да Расеі».

Аднак, дадаў Праабражэнскі, Пуціну няма ніякай неабходнасці далучаць Беларусь цалкам дэ-юрэ, бо яму значна зручней мець «нібыта нейкага саюзніка незалежнага» хаця б для таго, каб з яго дапамогай абыходзіць санкцыі. Галоўнай жа пагрозай для Беларусі палітолаг мяркуе знаходжанне ў статусе суагрэсара разам з Расеяй і далейшае ўцягванне ў гэта.

Макар Мыш belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10