навіны

200 хвілінаў, 50 SMS, 2 Гб: у Беларусі зацвердзілі базавы мабільны тарыф

Мужчына са смартфонам і банкаўскай карткай
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мужчына са смартфонам і банкаўскай карткай. Фота: Anete Lusina / Pexels.com
podpis źródła zdjęcia

Ад 1 красавіка мабільныя аператары мусяць прапаноўваць базавы тарыф з абмежаваннем у рэнтабельнасці. Апрача таго, аператарам выставілі патрабаванні да пакрыцця 4G і хуткасці перадачы звестак.

Фота мае ілюстрацыйных характар. Крыніца: Freepik

Беларусь і Расея дамовіліся адмяніць роўмінг у 2025 годзе

навіны

Яшчэ летам 2024 года Аляксандр Лукашэнка ўказаў прыдумаць базавы тарыф на мабільную сувязь: нейкі мінімальны аб’ём паслугаў, які мабільныя аператары абавязаныя надаваць, пры гэтым мець з тарыфу рэнтабельнасць для сябе не большую за 25 %. 14 студзеня пастанова Савету Міністраў аб тым, што ўлучана ў базавы тарыф, была афіцыйна апублікаваная на Pravo.by.


Пастанова Савету Міністраў вызначае таксама, што ўсе тарыфныя планы на мабільную сувязь маюць дзеяць мінімум два гады ад дня ўвядзення.


Базавы тарыф мае ўключаць 200 хвілінаў тэлефанавання ўва ўсе сеткі ў Беларусі, 50 SMS-паведамленняў і 2 Гб інтэрнэт-трафіку. Гэты тарыф аператары мусяць прапаноўваць ад 1 красавіка 2025 года. Як трэба лічыць сабекошт, Міністэрства сувязі апісала ў пастанове № 33 ад 29 лістапада.


У новай пастанове Савету Міністраў пералічаныя спосабы, якімі карыстальнік можа пагадзіцца на наданне ці спыненне платных інфармацыйных і забаўляльных паслугаў (на нечаканае падключэнне якіх нярэдка скардзіліся абаненты). Цяпер гэта: выстаўленне пазнакі ў асабістым кабінеце абанента на сайце аператара ці ў мабільнай праграме; USSD-запыт ці SMS; заява ў сэрвісным цэнтры аператара; змена дамовы ў электронным выглядзе з лічбавым подпісам.


Указ таксама вызначае патрабаванні да якасці паслугаў сотавай сувязі на 2025–2030 гады.


Пакрыццё LTE-сеткамі (4G) у 2025 годзе мае скласці не менш за 94 % тэрыторыі, павялічвацца на адзін адсоткавы пункт штогод і ў 2030-м дасягнуць 99 %.


Сігнал, не слабейшы за –110 дБм на адкрытых участках (гэта значыць прыблізна «адна рысачка з пяці»), сёлета мае быць на рэспубліканскіх магістралях з індэксам М. У 2026 годзе – у паселішчах з насельніцтвам ад 50 чалавек, у 2027-м – на рэспубліканскіх дарогах з індэксам Р, у 2028-м – у паселішчах з насельніцтвам ад 25 чалавек, у 2029-м – на выбраных напрамках чыгункі (Ворша – Берасце і Гудагай – Гомель праз Менск, Езярышча – Ворша – Жлобін), у 2030-м – на 98 % тэрыторыі Беларусі.


Вызначаная таксама хуткасць перадачы звестак да абанента («на спампоўванне») і ад абанента («на запампоўванне») для Менску, абласных цэнтраў, раённых цэнтраў і іншай тэрыторыі; мінімальную хуткасць перадачы звестак для мінімум 90 % злучэнняў.


Кантраляваць выкананне нарматываў мае Дзяржаўная інспекцыя электрасувязі, звесткі маюць заносіць у сістэму «Хваля». Міністэрства сувязі да 1 красавіка мае зацвердзіць методыку правярання ахопу і якасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. 5G. Выява: Christoph Scholz / Flickr, CC BY-SA 2.0

Запуск сеткі 5G у Беларусі «на апошнім этапе ўзгаднення». Чакаюць Лукашэнку

навіны

***


Ва ўказе Лукашэнкі, які абавязаў увесці базавы тарыф, першым і, магчыма, галоўным пунктам быў адбор грошай у аператараў на карысць дзяржавы. Нейкую частку прыбыткаў, не меншую за 20 %, аператары мусяць аддаваць дзяржаве, а тая пералічваць іх на развіццё лініяў электрасувязі, пілотныя праекты ў «лічбавым развіцці» і інвестыцыйныя праекты, а таксама на штосьці засакрэчанае «для службовага карыстання».


Паводле статыстыкі Міністэрства сувязі, на канец ІІІ кварталу 2024 года ў Беларусі было 9,32 млн абанентаў бяздротавага шырокапалоснага доступу ў інтэрнэт (гэта больш за насельніцтва Беларусі: некаторыя маюць больш за адну SIM-картку) і 12,58 млн абанентаў шырокапалоснага доступу агулам, 3,26 млн – стацыянарнага. Ахоп сеткамі 2G – 99,3 % тэрыторыі, 3G – 98,6 % тэрыторыі, 4G – 93,1 % тэрыторыі. Сеткі 2G і 3G ахоплівалі 99,9 % насельніцтва, 4G – 99 %. Сеткі 5G усё яшчэ не запусцілі.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10