Сеткі 5G працуюць па ўсёй Еўропе. Пакуль беларускія чыноўнікі разважаюць пра стратэгічную важнасць запуску 5G, Беларусь абагналі нават некаторыя краіны Афрыкі, а беларускі мабільны інтэрнэт застаўся адным з найпавольнейшых у свеце.
Міністр сувязі і інфарматызацыі Беларусі Канстанцін Шульган на канферэнцыі «A1 Tech Day» расказаў, што ў Беларусі вось-вось змогуць пачаць запускаць сеткі 5G – пятае пакаленне стандартаў мабільнай сувязі. Ягоныя словы перадае Tochka.by.
Пытанне запуску 5G у Беларусі ўжо «выразна вызначанае», сказаў міністр:
,,«Яно патрабуе толькі юрыдычнага афармлення ў выглядзе ўказу прэзідэнта. Праект ужо праходзіць апошні этап узгаднення. Я думаю, у найбліжэйшай будучыні прыступім да яго выканання».
Міністр дадаў, што ў Беларусі яшчэ «ёсць рэзерв у развіцці 4G», а новыя тэхналогіі – «гэта ўсяго толькі тэхналогіі»: маўляў, «карыстальнікам у канчатковым выніку без розніцы, якім спосабам яны атрымліваюць паслугу, няхай гэта будзе 4G ці нават 7G, калі яна якасная».
Праблема ў тым, што сувязь у Беларусі няякасная паводле сусветных мерак. Мабільны інтэрнэт у Беларусі – адзін з найпавольнейшых у свеце. Паводле тэстаў хуткасці інтэрнэту «Speedtest», Беларусь на 108-м са 111 месцаў у сусветным рэйтынгу. Павольнейшы мабільны інтэрнэт – у Сірыі, Балівіі і Афганістане (без уліку краінаў, у якіх не змаглі правесці тэсты). Станам на кастрычнік 2024 года ў Беларусі зарэгістравалі сярэднюю хуткасць мабільнага інтэрнэту 13,09 Мбіт/с, у Расеі – 25,69, ва Украіне – 30,32, у Польшчы – 61,66, у Латвіі – 94, у Літве – 97,76.
Хуткасць стацыянарнага інтэрнэту адстае не так драматычна: Беларусь на 80-м месцы са 158, між Манголіяй і Багамамі, недалёка ад Чэхіі.
Сеткі 5G у Беларусі тэставалі яшчэ ў 2020 годзе ў Менску, Гомлі і Мікашэвічах. У 2023 годзе Рада стратэгічных праектаў пры Аляксандру Лукашэнку прыйшла да высновы, што сеткі 5G можна аднесці да стратэгічных для Беларусі праектаў. Летам 2024 года прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка казаў, што 5G – «у ліку прыярытэтных задачаў у сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіяў». А ў верасні Рада стратэгічных праектаў яшчэ раз разгледзела пытанне ўкаранення 5G і адпаведны бізнес-план.
Развіццё 5G у Беларусі пастанавілі аддаць не мабільным аператарам, а дзяржаве, як раней зрабілі з 4G. Будаваць 5G збіраюцца паводле «інфраструктурнай» мадэлі: дзяржаўны рэгулятар вызначае, што і калі рабіць. Паводле Шульгана, у Беларусі «абавязаны» з’явіцца мабільны аператар «Белтэлекам», дзяржаўная кампанія мае для гэтага ліцэнзію і «думае», у якім выглядзе гэта зрабіць, але чакае, якім шляхам пойдзе развіццё 5G.
Як відаць з мапы пакрыцця сеткамі 5G (PDF), Беларусь застаецца адной з апошніх краінаў Еўропы, дзе 5G не атрымаў распаўсюду. Такіх сетак таксама амаль няма ва Украіне і Малдове, Сербіі, Босніі і Герцагавіне, Албаніі. Але такія сеткі 5G распаўсюджаныя, напрыклад, у Іране і Кеніі.
Алесь Наваборскі belsat.eu