Гісторыі

Забруджаныя чарнобыльскай катастрофай землі вяртаюць у абарот. Гэта небяспечна і наўрад ці патрэбна

Участак МЗГ1 з падвышанай шчыльнасцю забруджвання стронцыем-90
Участак МЗГ1 з падвышанай шчыльнасцю забруджвання стронцыем-90, рэкамендаваны да вяртання ў сельскагаспадарчы абарот. Блізу вёскі Ніжні Млынок, Мазырскі раён, Беларусь. Фота: справаздача аб даследаванні забруджаных тэрыторыяў / Інстытут лесу НАН РБ / BELPOL
podpis źródła zdjęcia

Аб’яднанне «BELPOL» падзялілася з «Белсатам» дакументамі пра тое, што і як дзяржава робіць з наступствамі чарнобыльскай катастрофы. Вынікі неадназначныя: для лясной і сельскай гаспадаркі хочуць вылучыць новыя землі сумнеўнай бяспекі, а грошы на ўжо вылучаныя землі не могуць нармальна размеркаваць.

Інстытут лесу і Інстытут радыебіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук у 2022–24 гадах праводзілі ў Гомельскай вобласці абследаванне тысячы ўчасткаў, забруджаных радыенуклідамі і выведзеных з сельскагаспадарчага абароту. Па выніках склалі базу звестак: што прыдатна для сельскай гаспадаркі, што для лясной, што непрыдатна. «BELPOL» здабыў і перадаў «Белсату» ліст пра гэта, скіраваны 11 снежня 2024 года з Інстытуту лесу ў Гомельскі аблвыканкам, а таксама самі базы звестак.

У сельскую гаспадарку хочуць вярнуць землі плошчай 11 540 футбольных палёў


Агульная плошча абследаваных участкаў – каля 31 тысячы гектараў. Для выкарыстання земляў у лясной гаспадарцы вызначылі радыяцыйныя нормы: магутнасць дозы гамма-выпраменьвання – не больш за 0,6 мікразівертаў на гадзіну, шчыльнасць забруджвання глебы цэзіем-137 – не больш за 40 кюры на квадратны кіламетр, стронцыем-90 – не больш за 3 Кі/км². З усіх абследаваных земляў аддаць у лясную гаспадарку рэкамендавалі ўчасткі агульнай плошчай 995,2 га (гэта як 1394 футбольных поля).  


Большая частка абследаваных земляў – пойменныя лугі, непрыдатныя для гаспадаркі. Як гэты:

Участак РЧГ4, які рэкамендавалі не чапаць, нягледзячы на на такія і высокія паказнікі забруджвання. Блізу вёскі Гагалі, Рэчыцкі раён, Беларусь. Фота: справаздача аб даследаванні забруджаных тэрыторыяў / Інстытут лесу НАН РБ / BELPOL
Участак РЧГ4, які рэкамендавалі не чапаць, нягледзячы на на такія і высокія паказнікі забруджвання. Блізу вёскі Гагалі, Рэчыцкі раён, Беларусь. Фота: справаздача аб даследаванні забруджаных тэрыторыяў / Інстытут лесу НАН РБ / BELPOL

Але частку земляў палічылі дастаткова чыстай і прыдатнай для сельскай гаспадаркі. Землі агульнай плошчай 8240,4 га (11 540 футбольных палёў) рэкамендавалі выкарыстоўваць пад сенакосы, пасеў сельскагаспадарчых культураў, выпас жывёлы і іншыя патрэбы. 


Самая забруджаная з земляў, рэкамендаваных для сельскай гаспадаркі, гэта ніва каля пасёлку Селішча ў Веткаўскім раёне, на самай мяжы з Расеяй. Там сярэдняя магутнасць дозы гама-выпраменьвання – 0,41 мкЗв/гдз, максімальная – 0,44; забруджанасць цэзіем – 25,4 Кі/км², стронцыем – 0,18 Кі/км². 


Чаму гэта важна


Беларусь моцна пацярпела ад чарнобыльскай катастрофы. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС сталася прычынаю пашырэння раку шчытавіцы, лейкозу ды іншых хваробаў у людзей, а таксама забрудзіла вялікія тэрыторыі (дэталёвая мапа забруджвання цэзіем-137 тут). Частку тых тэрыторыяў аднеслі ў зону адчужэння. Яшчэ частку аднеслі ў Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік. Але запаведнік ахоплівае не ўсе забруджаныя тэрыторыі: дзесці радыяцыі больш за норму, але перавышэнне не крытычнае.

Мапа забруджвання Беларусі радыяцыяй, фрагмент. Зона каля Нароўлі з рыскамі толькі справа зверху ўлева ўніз, без рысак крыж накрыж, гэта запаведнік, але не зона адчужэння. Выява: Chernobyl.mchs.gov.by
Мапа забруджвання Беларусі радыяцыяй, фрагмент. Зона каля Нароўлі з рыскамі толькі справа зверху ўлева ўніз, без рысак крыж накрыж, гэта запаведнік, але не зона адчужэння. Выява: Chernobyl.mchs.gov.by

Агулам на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях Беларусі жывуць каля 930 тысячаў чалавек. У Беларусі паступова падчышчаюць заканадаўства ад выразу «зона адчужэння», у дзяржаўных медыях часцей кажуць пра Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік, які залучае таксама тэрыторыі, дзе дазволеная пэўная гаспадарчая дзейнасць. Да таго ж, у 2022 годзе Аляксандр Лукашэнка закрыў адмысловы Дэпартамент ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС. Ствараецца ўражанне, што ў «запаведніку» ўжо бяспечна жыць і там можна весці сельскую гаспадарку, як заклікае Лукашэнка.


З аднаго боку, радыеактыўныя элементы распадаюцца самі сабою. Калі перыяд паўраспаду стронцыю-90 складае 29 гадоў і цэзію-137 – 30 гадоў, значыць, такіх атамаў на забруджаных тэрыторыях ужо стала ўдвая менш, а ў чатыры разы менш стане ў 2045–2046 гадах. З другога боку, якія ўзроўні цэзію і стронцыю напраўду бяспечныя?


0,6 мкЗв/гдз, 40 Кі/км² – гэта многа ці мала?


Радыяцыйны хімік і адмысловец у галіне радыялагічнай бяспекі Сяргей Бесараб у каментары «Белсату» называе вяртанне забруджаных земляў у сельскую і лясную гаспадарку «бруднай бомбай па-беларуску»: радыенукліды з забруджанай зямлі разнясуць па тэрыторыі Беларусі. 

Сяргей Бесараб у інтэрв’ю праекту «Жыццё-маліна». Скрыншот: Жизнь-малина / Youtube
Сяргей Бесараб у інтэрв’ю праекту «Жыццё-маліна». Скрыншот: Жизнь-малина / Youtube

Выкарыстанне забруджаных земляў у сельскай гаспадарцы ён лічыць катастрофай. За мінулыя гады «чарнобыльскія» цэзій і стронцый паспелі праз натуралньыя працэсы апусціцца ў падлесак і глебу на 15–20 см глыбіні, зафіксавацца там у гумінавых і фульвакіслотах. Цяпер іх «падымаюць з магілы» наверх і дадаюць у наваколле. Бесараб згадвае, як у Баварыі – за тысячу з лішнім кіламетраў ад Чарнобылю – знайшлі надзвычайныя ўзроўні радыеактыўнага цэзію ў мясе дзікоў, якія харчаваліся труфелямі з той самай глыбіні. 

Украінскі ратавальнік. Фота: ДСНС
«Не хвалюйцеся»: МНС пра ўзровень радыяцыі ад лясных пажараў паблізу ЧАЭС навіны

Шафа, зробленая з дрэва з забруджаных тэрыторыяў, не будзе аж страшна фаніць, але радыенукліды трапяць у арганізм людзей праз пыл у час дрэваапрацоўкі ці праз дым ад дроваў. Бесараб згадвае, што ўздымаў гэтае пытанне яшчэ два з паловай гады таму, калі пад Лунінцам актыўна перабудоўвалі аэрадром: касілі траву і секлі дрэвы на забруджаных тэрыторыях.


0,6 мкЗв/гдз або 60 мікрарэнтгенаў на гадзіну – гэта ўсё яшчэ шмат, даводзіць Бесараб. Максімальная дазволенная для пражывання насельніцтва магутнасць дозы – гэта каля 20 мкР/гдз. Такім узроўнем можа «пахваліцца» толькі адзін вядомы беларускі райцэнтр: Слаўгарад. У астатнім па беларускіх гарадах гэты паказнік – каля 10 мкР/гдз. То бок, у дакуменце прапісаная норма для лясной і сельскай гаспадаркі, утрая большая за дазволеную норму абпраменьвання для насельніцтва і прыкладна у шэсць разоў вышэйшая за сярэдні паказнік па краіне. 


Навуковец дадае: міжнародная камісія па радыяцыйнай абароне (ICRP) лічыць бяспечнымі для насельніцтва магутнасць дозы ў 1 мЗв/год. У выпадку пражывання на тэрыторыі з манутнасцю дозы у 0,6 мкЗв/гдз чалавек атрымае больш за 5 мЗв/год, то бок пяцікратнае перавышэнне. На думку Бесараба, любы чалавек са здаровым глуздам і мінімальным разуменнем асноваў радыелагічнай бяспекі павінен пазбягаць месцаў, дзе магутнасць дозы вышэй за сярэднюю па краіне, 10–15 мкР/гдз.


А многа ці мала, калі шчыльнасць забруджвання глебы цэзіем-137 не большая за 40 Кі/км² і стронцыем-90 – не большая за 3 Кі/км²? Гэта залежыць ад клопату чалавека пра сваю бяспеку, адказвае Бесараб. Для сябе ён арыентуецца на наступныя лічбы.


Цэзій. Калі менш за 5 Кі/км² або 185 кБк/м², то «жыць небяспечна, але можна» з абавязковым сістэматычным дазіметрычным кантролем. Калі 5–15 Кі/км² або 555–1480 кБк/м², то жыць можна часова і «пад дамоклавым мячом» – лепш думаць пра адсяленне. Звыш гэтага – тэрмінова адсяляцца. А 40 Кі/км² у лясной гаспадарцы, якую актыўна распрацоўваюць, па словах Бесараба, «не назваць інакш як этнацыдам і мэтанакіраваным спланаваным дыверсійным актам».


Стронцый. 0,15–0,5 Кі/км² або 5,5–18,5 кБк/м² – «жыць небяспечна, але можна»; 0,5–2 Кі/км² або 18,5–74 кБк/м² – «думаць пра адсяленне», 2–3 Кі/км² або 74–111 кБк/м² – «тэрмінова адсяляцца»; больш за 3 Кі/км² (верхняя мяжа ў дакуменце для лясной гаспадаркі) або 111 кБк/м² – «высяляць без пытанняў, бо інакш давядзецца пахаваць». 


Ці трэба тыя землі сельскай і лясной гаспадарцы?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў. Менск, Беларусь. 1 сакавіка 2021 года. Фота: president.gov.by
Дзяржкантроль – галоўны крытык сістэмы Лукашэнкі. Што бывае, калі ён правярае лясгасы навіны

Хоць Лукашэнка часам пужае голадам, Беларусь выдатна забяспечвае сябе сельскагаспадарчай прадукцыяй. Праблема хіба з эфектыўнасцю сельскай гаспадаркі, але ніяк не з бракам земляў на тое, каб пракарміць беларусаў. На брак земляў пад лясную гаспадарку таксама не наракалі, у лясгасаў іншыя праблемы.


Яшчэ адзін з дакументаў, які «BELPOL» перадаў «Белсату», гэта ліст ад Камітэту дзяржаўнага кантролю да Савету міністраў, датаваны 1 ліпеня 2024 года. У лісце скардзяцца на шэраг праблемаў вакол змагання з наступствамі чарнобыльскай катастрофы і заклікаюць прыняць захады. 


Першая праблема – адносна невялікая. Дзяржаўная праграма пераадолення наступстваў аварыі на ЧАЭС на 2021–25 гады не выконваецца ў поўным аб’ёме, некаторыя задачы выкананыя толькі на 90 %. У 2023 годзе былі недапрацоўкі з вапнаваннем кіслай глебы, унясеннем калійных і фосфарных угнаенняў, захадамі спрыяння сацыяльна-эканамічнага развіцця пацярпелых рэгіёнаў, будаўніцтвам дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтру «Сідзельнікі» ў Мазырскім раёне. 


У асобным пазнейшым дакуменце Галоўнае ўпраўленне па праблемах ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы Гомельскага аблвыканкаму піша старшыням райвыканкамаў, што за першыя 10 месяцаў 2024 года ўнеслі толькі 92 % фосфарных і 93,2 % калійных угнаенняў ад гадавога задання «чарнобыльскай» дзяржаўнай праграмы. Да таго ж, на 13 лістапада 2024 года вапнаванне кіслых глебаў на забруджаных радыенуклідамі сельскагаспадарчых землях выканалі толькі на 94 % ад гадавога плану (хоць патрэбная для гэтага даламітавая мука ёсць у наяўнасці).


Другая згаданая КДК праблема – куды большая. Міністэрствы і выканкамы неэфектыўна кіруюць грашыма. 


Грошы ў «чарнобыльскай» праграме ёсць, але імі не заўсёды карыстаюцца


За 2023 год абвыканкамы і Міністэрства надзвычайных сітуацыяў не змаглі пераразмеркаваць незапатрабаваныя планавыя асігнаванні на суму ў больш як 50 млн рублёў – грошы можна было б скарыстаць на сацыяльную абарону, медычную дапамогу, аздараўленне, радыяцыйную абарону і іншае. Не скарысталі ўсе грошы, наўпрост прызначаныя на гэтыя мэты: з 621,2 млн рублёў фактычна засвоілі 615,2 млн, незапатрабаванымі засталіся 6 млн. 

Два сабакі ідуць па закінутым горадзе Прыпяць, Украіна, у 2022 годзе, непадалёк месца катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе. (Фота: Дымітар Дылкаў (DIMITAR DILKOFF) / AFP)
Што чарнобыльскія бадзяжныя сабакі могуць распавесці нам пра радыяцыю? навіны

Пры тым не знайшлося грошай на шэраг праектаў, як то на дабудову Чэрыкаўскай цэнтральнай раённай лякарні, пабудову басейну ў Слаўгарадзе, рэканструкцыю корпусу дзіцячага рэабілітацыйнага цэнтру «Ждановічы» і на іншае. Былі і іншыя праблемы: «Гомелькамплект» пазбег пені за спазненне з пастаўкамі на звыш 1 млн рублёў праз фіктыўныя накладныя; былі выпадкі нямэтавага выкарыстання сумарна 60 тысяч рублёў, прызначаных на закупку мінеральных угнаенняў, і гэтак далей. 


Агулам радыяцыйны запаведнік за 2023 год атрымаў 2,9 млн рублёў выручкі – столькі ж, колькі ў 2022 годзе (у якім, дарэчы, праз запаведнік на Кіеў ішлі расейскія войскі). Ды былі недаатрыманыя 78,3 тысячы рублёў ад продажу лесапрадукцыі і 80 тысяч – ад пілапрадукцыі; з 31 тысячы да 24 тысяч рублёў знізілася гадавая выручка ад паляўнічых тураў. 


З 2019 года не змаглі забяспечыць эксплуатацыю сістэмы радыяцыйна-метралагічнага, пажарнага і відэакантролю: са 186 змантаваных камераў больш за 100 не выкарыстоўваліся праз недахоп энергіі з сонечных батарэяў і недастатковую прапускную здольнасць каналу сувязі ад аператара «А1».


Не закупаюць сродкі індывідуальнай абароны і не кантралююць радыяцыйнае забруджванне


Камітэт па сельскай гаспадарцы Гомельскага райвыканкаму скардзіўся на канкрэтныя праблемы з дзяржаўнай праграмай у дакуменце ад 19 лістапада 2024 года. 


Найгоршая праблема: не закупілі камплекты індывідуальнай абароны для асобаў, якія працуюць на тэрыторыях з забруджваннем цэзіем і стронцыем. На закупку другіх камплектаў згодна разлікам патрэбаў выдаткавалі 298,7 тысячы рублёў, а засвоілі толькі крыху больш за чвэрць – 79,5 тысячы. У Буда-Кашалёўскім, Гомельскім, Добрушскім, Кармянскім і Лоеўскім раёнах да засваення сродкаў на другія камплекты абароны нават не прыступалі. У чым праблема закупіць камплекты, з дакументу незразумела.

Чарнобыльскі мемарыял у Брагіне, Беларусь. 26 красавіка 2022 года. Фота: Mchs.gov.by
Што з радыяцыяй у Брагіне? Фон у 2,5 раза вышэйшы за дапушчальныя межы навіны

Толькі часткова скарысталіся грашыма на кантроль радыеактыўнага забруджвання сельскагаспадарчай прадукцыі: з ужо выдаткаванай субвенцыі ў амаль 27 тысяч рублёў засвоілі толькі 15,8 тысячы. У Чачэрскім раёне засвойваць грошы нават не пачалі.


У Брагінскім раёне не скарысталіся грашыма на стварэнне на пацярпелых тэрыторыях «палепшаных лугавых земляў для жывёлы асабістых падсобных гаспадарак»: было вылучана 10,2 тысячы рублёў, не выкарысталі ні капейкі.


Выходзіць, не вельмі і хацелася тыя землі засвойваць.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10