навіны

Дзяржкантроль – галоўны крытык сістэмы Лукашэнкі. Што бывае, калі ён правярае лясгасы

Старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў. Менск, Беларусь. 1 сакавіка 2021 года. Фота: president.gov.by
podpis źródła zdjęcia

Відавочна, што ў сістэме, збудаванай Аляксандрам Лукашэнкам, далёка не ўсё працуе належным чынам. І дзяржава ведае, наколькі кепска яна спраўляецца са сваёй справай. Гэта вынікае з дакументаў Камітэту дзяржаўнага кантролю, якія «BELPOL» перадаў «Белсату».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзяўчына супакойвае карову. Фота: Cottonbro Studio / Pexels.com
Ветэрынары сыходзяць з дзяржаўных клінік у прыватныя? Дзяржкантроль сказаў змагацца з прыватнымі навіны

Лукашэнка любіць рабіць «разносы»: хоць канкрэтнаму мотавелазаводу, хоць усёй сістэме аховы здароўя, хоць цэламу ўраду… Ды колькі б Лукашэнка ні рабіў «разносаў», у той жа сельскай гаспадарцы рэгулярна выяўляецца, што каровы ўсё роўна брудныя. Выглядае, што праблемы ў Беларусі не кропкавыя і не толькі на вышэйшым узроўні, а проста паўсюдныя.


«BELPOL» падзяліўся з «Белсатам» дакументамі КДК: у канцы 2023 года Калегія КДК «прайшлася» па лясной гаспадарцы.

Што з лесам у Віцебскай вобласці


У пастанове ад 5 кастрычніка 2023 года гаворыцца, што Калегія КДК атрымала справаздачу аддзялення КДК па Віцебскай вобласці «Аб негатыўных тэндэнцыях у лесагаспадарчай галіне», адзначыла пэўны прагрэс і патрэбу ў дадатковых захадах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Супрацоўнік Віцебскага лясгасу збірае бярозавы сок. Асінавіцкае лясніцтва, Беларусь. 21 сакавіка 2024 года. Фота: Vitleshoz.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Супрацоўнік Віцебскага лясгасу збірае бярозавы сок. Асінавіцкае лясніцтва, Беларусь. 21 сакавіка 2024 года. Фота: Vitleshoz.by

Лясгасы, падведамасныя Віцебскаму дзяржаўнаму вытворчаму лесагаспадарчаму аб’яднанню (ДВЛГА), гублялі эфектыўнасць працы, дапускалі незаконнае высяканне лесу, прыпіскі ў аб’ёмах працаў, неэфектыўна выкарыстоўвалі дзяржаўныя сродкі і маёмасці. Лясгасы таксама не вялі дакладнага ўліку нарыхтаванай прадукцыі, не выконвалі «фінансавую дысцыпліну» і праводзілі закупкі з парушэннем заканадаўства. Захоўваліся факты незаконнага высякання лесу самімі працаўнікамі лясгасаў – КДК пры тым адзначае, што Лукашэнка яшчэ ў 2021 годзе ўскладваў адказнасць за гэта на кіраўнікоў абласных вытворчых аб’яднанняў. Працягвалі і звальваць адходы ў неналежных месцах, і сістэматычна самавольна займаць зямельныя участкі.


На першую палову 2023 года планы на лясную гаспадарку былі не надта амбітныя: задумалі атрымаць толькі 71 % ад выручкі за аналагічны перыяд 2022 года. З планам агулам справіліся, але былі асобныя лясгасы, якія значна адсталі ад планаў. Найгорш спрацаваў Лёзненскі, які выканаў план выручкі толькі на 59,4 %. Рэнтабельнасць ад працы на ўнутраны рынак (гэта 63,5 % ад усёй выручкі) агулам знізілася на 5 %, найгорш – у Талачынскім лясгасе, на 14,9 %. Ад экспарту рэнтабельнасць склала 17,5 %, але Расонскі лясгас здолеў атрымаць ад экспарту драўніны адмоўную рэнтабельнасць у 1,1 %.


Усе лясгасы знізілі аб’ёмы нарыхтоўкі і рэалізацыі драўніны. Пры тым на складах заставаліся значныя яе запасы: на 1 жніўня 2023 года ляжала 403 тысячы м³ драўніны. У шэрагу лясгасаў запасы на складах толькі раслі. Заданне па загрузцы вытворчых магутнасцяў не выканалі дзевяць лясгасаў, Багушэўскі загрузіў свае магутнасці толькі на 62 %. Праз адсутнасць перспектыўных рынкаў збыту ў дзевяці лясгасах былі закансерваваныя акарочныя лініі, станкі, КДК называе сітуацыю «крытычнай» на 11 лініях і станках, а таксама на пелетных вытворчасцях у Бягомльскім і Талачынскім лясгасах, загружаных адпаведна на 9 % і 8 %.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Freepik
30 гадоў улада змагаецца з карупцыяй. Якія вынікі? навіны

Прастойвала закупленае, але не змантаванае абсталяванне на 2,1 млн еўра ў Багушэўскім лясгасе. Шмат грошай гублялася ад закупак праз пасярэднікаў (у выпадку Дзіснянсага лясгасу – праз ланцужок з двух пасярэднікаў з адным і тым жа заснавальнікам), а таксама ад закупак «тэхнікі, на якой няма каму працаваць ці ў якой не было неабходнасці». Значная частка купленых трактараў не зможа быць адрамантаваная па гарантыі, бо выкарыстоўвалася не па прызначэнні, а 35 % трактараў не абсталяваныя абаронай працоўнага месца, якой патрабуюць правілы аховы працы.


Супраць начальніка Багушэўскага лясгасу распачалі крымінальную справу за «Службовую халатнасць», адносна Віцебскага лясгасу распачалі праверку па факце нястачы гатовай прадукцыі на складзе. Пра вынікі гэтых справаў і праверкі навінаў не было. Дырэктараў Шумілінскага і Віцебскага лясгасу звольнілі. Указанні раздалі. Дапамагло не надта. 


У афіцыйных навінах пра паседжанне Калегіі КДК у канцы 2024 года згадваюць, што парадак у лясной гаспадарцы Віцебскай вобласці не навялі: захоўваюцца значныя аб’ёмы загінулых лясных культураў, халатнасць, прыпіскі, неналежны ўлік, незагружаныя магутнасці… Распачалі яшчэ дзве крымінальныя справы. Але генеральны дырэктар Віцебскага ДВЛГА Юрый Ліпскі, прызначаны ў верасні 2022-га, падобна, захоўвае пасаду.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Новы тралейбус «АКСМ – 43300D» у «Віцебсеаблаўатрансе». Віцебск, Беларусь. 27 снежня 2019 года. Фота: Voat.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Новы тралейбус «АКСМ – 43300D» у «Віцебсеаблаўатрансе». Віцебск, Беларусь. 27 снежня 2019 года. Фота: Voat.by

Камітэт дзяржаўнага кантролю – орган, які падпарадкоўваецца наўпрост Аляксандру Лукашэнку і сочыць за выкананнем ягоных даручэнняў, а таксама за дзейнасцю як дзяржаўных органаў, так і звычайных беларусаў – аж да кантролю цэнаў на рынках. Як паказалі раней здабытыя «BELPOL» дакументы, КДК можа фактычна загадваць прэм’ер-міністру разабрацца з нейкай праблемай – напрыклад, з неканкурэнтаздольнасцю дзяржаўных ветэрынарных клінік.


У структуру КДК уваходзіць Дэпартамент фінансавых расследаванняў, які сярод іншага займаецца палітычнымі рэпрэсіямі пад выглядам змагання з эканамічнымі злачынствамі, за што ДФР і ягонае кіраўніцтва трапілі пад санкцыі Еўразвязу і Злучаных Штатаў. Пры тым «кантралёры» самі карумпаваныя: сёлета ў лютым Лукашэнка пацвердзіў затрыманні ў КДК і ДФР за атрыманне хабару. 

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10