Праваабарончы цэнтр «Вясна» вывучыў лічбы рэпрэсіяў за 2024-ы і выявіў, што мінулы год для Беларусі выдаўся яшчэ больш рэпрэсіўным, чым два папярэднія.
Рэйды на салідарнасць, хвалі масавых затрыманняў у маленькіх гарадах, звальненні з буйных прадпрыемстваў паводле палітычных матываў, затрыманні былых палітвязняў і тых, хто вяртаўся ў Беларусь з-за мяжы, – тое, чым адзначыўся 2024-й, аналізуюць праваабаронцы.
Паводле звестак «Вясны», з рознымі відамі рэпрэсіяў (затрыманні, допыты, ператрусы) летась сутыкнуліся не менш за 8895 чалавек. Чвэрць рэпрэсаваных – жанчыны. Самаю рэпрэсіўнаю часткаю Беларусі застаецца Менск і Менская вобласць – там толькі паводле праваабаронцаў былі рэпрэсаваныя 2772 асобы. Далей у колькасці рэпрэсіяў ідуць Берасцейская і Гарадзенская вобласці – 1925 і 1363 асобы адпаведна.
Таксама праваабаронцы падлічылі, што ў мінулым годзе ва ўсёй Беларусі адбылося не менш за 5890 судоў паводле палітычных адміністратыўных артыкулаў. І гэта амаль на 2000 судовых працэсаў болей, чым у 2023 годзе.
У большасці выпадкаў беларусаў судзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП). Але пасля масавага рэйду КДБ на салідарнасць у студзені 2024 года сваякоў і родных палітвязняў пачалі судзіць яшчэ паводле ч. 2 арт. 24.15 КаАП – «выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі для ажыццяўлення тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці або іншых дзеянняў, забароненых заканадаўствам». Гэты артыкул раней у Беларусі не ўжываўся. Падставаю для пераследу зрабілася дапамога сем'ям палітвязняў з прадуктовымі перадачамі праз Е-дастаўку ад ініцыятывы «INeedHelpBY», што ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем». У выніку больш за 150 чалавек атрымалі вялікія штрафы.
Надзея Вольная belsat.eu