навіны

Наталля Пінчук у Варшаўскім універсітэце: «Беларусь – адна вялікая клетка»

Жонка палітвязня Наталля Пінчук у Варшаўскім універсітэце. Варшава, Польшча. 21 сакавіка 2023 года. (Фота: Аліса Ганчар / Белсат)
Жонка палітвязня Наталля Пінчук у Варшаўскім універсітэце. Варшава, Польшча. 21 сакавіка 2023 года. (Фота: Аліса Ганчар / Белсат)
podpis źródła zdjęcia

«…у гэтым змрочным народным маўчанні»

21 сакавіка ў Варшаўскім універсітэце прайшла сустрэча, прысвечаная беларускаму праваабаронцу і лаўрэату Нобэля Алесю Бяляцкаму, які больш за 600 дзён утрымліваецца за кратамі менскага СІЗА-1 на Валадарскага. На імпрэзе «Алесь Бяляцкі – беларускі змагар за свабоду і лаўрэат Нобэлеўскай прэміі Міру» прысутнічала жонка палітвязня Наталля Пінчук. Карэспандэнты «Белсату» пабывалі на імпрэзе.
Жонка палітвязня Наталля Пінчук у Варшаўскім універсітэце. Варшава, Польшча. 21 сакавіка 2023 года. (Фота: Аліса Ганчар / Белсат)
Жонка палітвязня Наталля Пінчук у Варшаўскім універсітэце. Варшава, Польшча. 21 сакавіка 2023 года. (Фота: Аліса Ганчар / Белсат)
Яшчэ перад пачаткам сустрэчы Наталля Пінчук прызналася нам, што «ўжо троху стомленая» і на вялікае інтэрв’ю сіл наўрад ці хопіць: мела ў першай палове дня сустрэчу з прэмʼер-міністрам Польшчы Матэвушам Маравецкім, потым – з міністрам замежных справаў Збігневам Раў. Варшаўская праграма жонкі палітвязня і Нобэлеўскага лаўрэата вельмі насычаная. Грунтоўнае і няспешнае інтэрвʼю адклалі на потым.
Імпрэзу на кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэту адкрыў ягоны рэктар прафесар Алёйзы Новак.
Рэктар Варшаўскага ўніверсітэту Алёйзы Новак на сустрэчы, прысвечанай беларускаму праваабаронцу і лаўрэату Нобэля Алесю Бяляцкаму. Варшава, Польшча. 21 сакавіка 2023 года. (Фота: Аліса Ганчар / Белсат)

«Алесь Бяляцкі ёсць часткай нас, ёсць часткай універсітэту. І гэтае спатканне дае надзею на будучыню, бо паказвае, што чалавек – найважнейшае. Я веру, што прыйдзе час, калі Алесь Бяляцкі зойдзе ў гэтую аўдыторыю, каб прачытаць лекцыю», – сказаў Алёйзы Новак.
Тэма прысутнасці ва ўніверсітэцкіх сценах Бяляцкага гучала ў прамовах выступоўцаў не раз. Гэтак адзін са спікераў прапанаваў надаць Нобэлеўскаму лаўрэату ганаровае званне прафесара Варшаўскага ўніверсітэту.
Між тым, аўдыторыя, у якой адбывалася сустрэча, запоўнілася больш чым напалову (каля 80 чалавек). Сярод прысутных заўважылі прадстаўнікоў Абʼяднанага кабінету Аліну Коўшык і Паўла Латушку, амбасадара Польшчы ў Беларусі Артура Міхальскага, палітыка Аляксандра Мілінкевіча, вядомага святара Вячаслава Барка, мовазнаўцу Вінцука Вячорку, паэтку Анхелу Эспіносу ды іншых.
Сустрэча, прысвечаная беларускаму праваабаронцу і лаўрэату Нобэля Алесю Бяляцкаму ў Варшаўскім універсітэце. Варшава, Польшча. 21 сакавіка 2023 года. (Фота: Аліса Ганчар / Белсат)
Сустрэча, прысвечаная беларускаму праваабаронцу і лаўрэату Нобэля Алесю Бяляцкаму ў Варшаўскім універсітэце. Варшава, Польшча. 21 сакавіка 2023 года. (Фота: Аліса Ганчар / Белсат)
І вядома: прысутнасць самога Алеся Бяляцкага была вельмі адчувальная. Як, дарэчы, і прысутнасць «Вясны», якая (ужо без двукоссяў) разгаралася за вокнамі ўніверсітэту.
«Беларусь – адна вялікая клетка. У нашай краіне рэпрэсіі ідуць кожны дзень. Іх адсочваюць і дапамагаюць людзям тыя «вясноўцы», якія засталіся на волі і працягваюць справу Алеся», – казала ў сваёй прамове Наталля Пінчук.
Яна сцвердзіла, што ў сувязі з расейскай агрэсіяй супраць Украіны для Беларусі «настаў вырашальны момант». Лукашэнкаўскі рэжым, які дапамагае Пуціну, «па сутнасці праводзіць этнацыд беларусаў у інтарэсах Крамля». Мэта так званага саюзу Беларусі і Расеі – анексія Беларусі, каб пазбавіць яе будучыні.
«Супраць гэтага ўсё сваё свядомае жыццё і змагаецца Алесь. Алесь – носьбіт ідэі міру, за што і ўшанаваны міжнароднай супольнасцю. Таму ў сваім апошнім слове на судзе ён нагадаў пра будучую патрэбу нацыянальнага прымірэння ў Беларусі. Але менавіта – будучую. Ён звяртаўся не да ўзурпатара, а да паслухмяных выканаўцаў ягонай волі, каб спыніліся. І назваў тэрміновае вызваленне зняволеных як умову для магчымага дыялогу. Алесь не мае ілюзіяў наконт сутнасці рэжыму», – патлумачыла Наталля Пінчук тэзу аб «нацыянальным прымірэнні», якую агучыў на судзе яе муж і якая выклікала ў беларусаў гарачую дыскусію.
Сустрэча, прысвечаная беларускаму праваабаронцу і лаўрэату Нобэля Алесю Бяляцкаму ў Варшаўскім універсітэце. Варшава, Польшча. 21 сакавіка 2023 года. (Фота: Аліса Ганчар / Белсат)
Сустрэча, прысвечаная беларускаму праваабаронцу і лаўрэату Нобэля Алесю Бяляцкаму ў Варшаўскім універсітэце. Варшава, Польшча. 21 сакавіка 2023 года. (Фота: Аліса Ганчар / Белсат)
Наталля Пінчук казала пра неабходнасць для беларусаў «прайсці гэты ахвярны шлях», захаваць сябе і падтрымліваць адзін аднаго «у гэтым цяжкім і небяспечным супрацьстаянні».
У сваёй прамове яна дзякавала Варшаўскаму ўніверсітэту «за магчымасць выказацца ў абарону Алеся», а таксама – «Беларускаму дому» ў Польшчы і Літве за дапамогу і арганізацыю паездкі ў гэтыя краіны, якія «займаюць самую прынцыповую пазіцыю ў дачыненні рэжыму Лукашэнкі».
Сустрэча, прысвечаная беларускаму праваабаронцу і лаўрэату Нобэля Алесю Бяляцкаму ў Варшаўскім універсітэце. Варшава, Польшча. 21 сакавіка 2023 года. (Фота: Аліса Ганчар / Белсат)
Сустрэча, прысвечаная беларускаму праваабаронцу і лаўрэату Нобэля Алесю Бяляцкаму ў Варшаўскім універсітэце. Варшава, Польшча. 21 сакавіка 2023 года. (Фота: Аліса Ганчар / Белсат)
«За вольнасць нашую і вашую!» – так скончыла свой выступ Наталля Пінчук і ў яе ціхіх, спакойных словах сапраўды адчувалася моц і энергія Алеся Бяляцкага. Наталля стала ягоным голасам.
Прамова жонкі палітзняволенага праваабаронцы была сустрэтая гучнымі воплескамі. Потым загучалі беларускія спевы. «Купалінка» ў выкананні дуэту «Бартосікі» на нейкі момант запоўніла залу цішынёй. Быццам усе сцішылі дыханне…
На імпрэзе прагучаў голас і самога Алеся Бяляцкага – з ягонай анлайн-прамовы 28 красавіка 2021 года, якую зладзіў з нагоды прызначэнні яму АБСЕ ўзнагароды «Абаронца дэмакратыі» – за некалькі месяцаў да затрымання.
Пра жыццёвы лёс будучага Нобэлеўскага лаўрэата распавядаў на спатканні ягоны «біёграф» і журналіст Валер Каліноўскі. Ён жа прэзентаваў кнігу «Алесь Бяляцкі на Свабодзе», якая выйшла на пачатку снежня 2022 года.
Артур Міхальскі на сустрэчы, прысвечанай беларускаму праваабаронцу і лаўрэату Нобэля Алесю Бяляцкаму. Варшава, Польшча. 21 сакавіка 2023 года. (Фота: Аліса Ганчар / Белсат)
Артур Міхальскі на сустрэчы, прысвечанай беларускаму праваабаронцу і лаўрэату Нобэля Алесю Бяляцкаму. Варшава, Польшча. 21 сакавіка 2023 года. (Фота: Аліса Ганчар / Белсат)
Адказваючы на пытанні прысутных, Наталля Пінчук расказвала, як важна, нягледзячы ні на што, пісаць лісты да палітвязняў («Алесь не атрымлівае, але іншыя, магчыма, атрымаюць») і дасылаць ім пасылкі («Гэта таксама свайго кшталту пасланне для іх»). Казала, што адна пасылка да Алеся Бяляцкага дайшла нават з Польшчы.
Хтосьці запытаўся Наталлю, наколькі можна спадзявацца на нейкія змены.
«Скажу так: з надзеяй на вызваленне я сяброўскіх адносін не маю… Марыць пра гэта мы сабе забараняем», – адказала жонка палітвязня.
Наталля таксама паведаміла, што па почырку ў лістах, якія атрымала ад Алеся Бяляцкага, зразумела, што ў яго пагаршаецца зрок. Перадаць яму акуляры было вялікай праблемай, бо яму не маглі выпісаць у турме рэцэпт. Таму акуляры, якія перадалі Алесю за краты, выбіралі наўгад («Каб мог хоць азнаёміцца з тымі 180 тамамі справы…»).
З залы запыталіся, ці крывавыя рэпрэсіі не задушылі цалкам пратэставыя настроі ў Беларусі.
«У пэўнай ступені рэпрэсіі спынілі магчымасць выказваць свой пункт гледжання, але ніяк не змянілі погляд на ўладу. Значная частка людзей, якія раней выказвалі сваю незадаволенасць, засталася ў Беларусі, толькі пад гэтым рэпрэсіўным ціскам людзі не могуць яе праяўляць. Але яна ёсць, і яна даволі паказальная ў гэтым змрочным народным маўчанні. Гэта ёсць маўклівым адказам на рэпрэсіі. Але не трэба забывацца, што рэпрэсіі ўсё пашыраюцца і пашыраюцца…» – адказала Наталля Пінчук.
Сустрэчу ў Варшаўскім універсітэце праводзіў прафесар і кіраўнік кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэту Радаслаў Калета. Напрыканцы імпрэзы была прэзентаваная кніга ўспамінаў і шматлікіх інтэрвʼю Алеся Бяляцкага, выдадзеная Беларускім ПЭНам у 2022 годзе. Яна так і называецца – «Алесь Бяляцкі».
Алесь Бяляцкі – праваабаронца, заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна». Быў затрыманы 14 ліпеня 2021 года. 3 сакавіка 2023 года Алеся Бяляцкага прысудзілі да 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у кантрабандзе (арт. 228 КК) і ў фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.2 арт. 342 КК). Бяляцкага ўтрымліваюць у СІЗА-1 разам з «вясноўцамі» Валянцінам Стэфановічам і Уладзімірам Лабковічам.
7 кастрычніка 2022 года Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру.
Жонка палітвязня Наталля Пінчук у Варшаўскім універсітэце. Варшава, Польшча. 21 сакавіка 2023 года. (Фота: Аліса Ганчар / Белсат)
Жонка палітвязня Наталля Пінчук у Варшаўскім універсітэце. Варшава, Польшча. 21 сакавіка 2023 года. (Фота: Аліса Ганчар / Белсат)
Зміцер Міраш belsat.eu
больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10