Праз петарды і феерверкі беларусы атрымалі траўмы рук, ног, вачэй. Ратавальнікі, як і раней, раяць пазбягаць выкарыстання піратэхнікі або прынамсі выконваць правілы бяспекі.
Міністэрства надзвычайных сітуацыяў Беларусі апублікавала зводку аб траўмах ад піратэхнікі, атрыманых у навагоднюю ноч.
Першае здарэнне адбылося ў Нясвіжы: 12-гадовы хлопец разам з хросным бацькам запускаў петарду вертыкальнага дзеяння, тая ў момант запуску нахілілася, трапіла хлопцу ў твар. Хлопец шпіталізаваны. Бліжэй да поўначы два піратэхнічныя вырабы ўзарваліся ў руках 6-гадовага і 16-гадовага хлопцаў у Барысаве, у абодвух выпадках абышлося без шпіталізацыі.
У Горадні 32-гадовы мужчына страціў фалангу пальца на руцэ, у Пінску 35-гадовы мужчына страціў фалангу пальца і атрымаў траўмы яшчэ двух пальцаў рукі, у Асанаве пад Маладзечнам 45-гадовы мужчына атрымаў траўму вока ад феерверку, у Малінаўцы пад Менскам 23-гадовы мужчына атрымаў траўмы абедзвюх ног – стаяў на рондалі, пад які падклаў запаленую петарду…
МНС заклікае адмовіцца ад піратэхнікі на навагоднія святы або хаця б выконваць правілы бяспекі:
- Купляць піратэхніку толькі ў заводскім пакунку з інструкцыямі на беларускай ці расейскай мовах, выконваць інструкцыі.
- Правяраць тэрмін прыдатнасці і сертыфікат адпаведнасці.
- Захоўваць феерверкі ў пакунку, далей ад крыніцаў цеплыні і ад дзяцей.
- Не кідаць піратэхнічныя вырабы проста так. Тым больш, не кідаць у вогнішча.
- Не выкарыстоўваць феерверкі з дэфектамі, у тым ліку памятыя ці мокрыя.
- Не разбіраць і не мадыфікоўваць піратэхніку.
- Не нахіляцца над запаленымі піратэхнічнымі вырабамі.
- Не спрабаваць паўторна запусціць піратэхнічны выраб, калі той не спрацаваў, а пачакаць 10–15 хвілін на бяспечнай дыстанцыі, і калі тлення не відаць, пакласці выраб у ваду на некалькі гадзін.
Алесь Наваборскі belsat.eu