Нацыянальны банк Беларусі 17 снежня паведаміў пра часовае змяненне парадку здзяйснення асобных аперацыяў банкамі і іншымі пастаўнікамі плацежных паслугаў. Датычыць гэта картак, эмітаваных банкамі-нерэзідэнтамі, а таксама ўнясення неідэнтыфікаванымі фізічнымі асобамі гатоўкі для папаўнення рахункаў фізічных асобаў у банках.
«Адпаведная пастанова прынятая праўленнем Нацыянальнага банку з улікам аператыўнай інфармацыі, што паступае ад праваахоўных органаў Рэспублікі Беларусь, у мэтах зніжэння рызыкаў здзяйснення рознага роду супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні грамадзянаў і юрыдычных асобаў», – патлумачылі ў Нацбанку.
Згодна з гэтым дакументам з 20 снежня 2024 года да 1 лютага 2025 года ў банкаматах беларускіх банкаў зняць з адной карткі, эмітаванай банкам-нерэзідэнтам, можна будзе не больш як 25 базавых велічыняў (1000 рублёў) цягам каляндарнага месяца. Атрымаць гатоўку большага аб’ёму можна будзе ў касе банку з прад’яўленнем дакументу, што сведчыць асобу.
Унясенне гатоўкі праз банкаматы, інфакіёскі, іншыя прылады самаабслугоўвання для папаўнення рахункаў фізічных асобаў з дапамогаю сістэмы АРІП будзе магчыма толькі з выкарыстаннем карткі або іншага плацежнага інструменту, што прадугледжвае ідэнтыфікацыю яго трымальніка. Таксама гэтую аперацыю можна будзе здзейсніць у касах банкаў, паказаўшы дакумент, што сведчыць асобу.
Нагадаем, што 22 лістапада Аляксандр Лукашэнка дапусціў поўнае адключэнне інтэрнэту ў Беларусі ў выпадку пратэстаў супраць арганізаваных ім выбараў – «адключым наагул». Тым часам сілавікі ў Беларусі праводзяць перадвыбарчыя вучэнні. Напрыклад, у Горадні ў сувязі з імі ўводзілі «рэжым контртэрарыстычнай аперацыі». А ў адной з папраўчых калоніяў адпрацоўвалі дзеянні пры бунце і захопе закладнікаў у калоніях.
Якуб Хруст belsat.eu