Аналітыка

Новы твар еўрапейскай дыпламатыі. Ці стане Калас жалезнай лэдзі?

Кая Калас. Фота: valitsus.ee
Кая Калас. Фота: valitsus.ee
podpis źródła zdjęcia

З 1 снежня ў Еўрапейскім Звязе пачаў працаваць новы склад Еўрапейскай камісіі. І хоць старшынёй яе надалей застаецца Урзуля фон дэр Ляен з Нямеччыны, на іншых пасадах адбыліся змены. У тым ліку адмянілася і асоба, адказная за вонкавую палітыку. Ёю стала былая прэм’ер-міністрака Эстоніі Кая Калас, абвешчаная ў вышук у Расеі. Але ці замена адказнай асобы паўплывае на змяненне еўрапейскай палітыкі?

Наступныя пяць гадоў Еўракамісіяй працягне кіраваць Урзуля фон дэр Ляен – нямецкая прадстаўніца правацэнтрысцкай Еўрапейскай народнай партыі, якая атрымала перамогу на выбарах у чэрвені. А вось новай Вярхоўнай прадстаўніцай ЕЗ у замежных справах і палітыцы бяспекі замест іспанскага сацыяліста Жузэпа Бурэля стала эстонская лібералка Кая Калас. Яна – першая прадстаўніца ўсходняй і паўночнай Еўропы на гэтай пасадзе. Да таго там былі толькі прадстаўнікі заходняй часткі кантынента – Вялікай Брытаніі, Іспаніі, Італіі ды Нямеччыны. Таксама яна ўпершыню з 1999 года не належыць да Партыі еўрапейскіх сацыялістаў.

Хто такая Кая Калас

Сям’я 47-гадовай Калас мае трывалыя сувязі ў эстонскай і еўрапейскай палітыцы. Ейны бацька Сійм Калас быў прэзідэнтам банку Эстоніі, затым стаў міністрам замежных справаў і фінансаў Эстоніі, а ў 2002 годзе ўзначаліў урад. У 2004-2014 гадах ён таксама працаваў еўракамісарам у Еўрапейскай камісіі. Прадзед Вярхоўнай прадстаўніцы падчас вайны за незалежнасць 1918–1920 гадоў узначальваў добраавхотніцкую Лігу абароны Эстоніі, а бабуля і маці ў 1949 годзе былі высланыя з Эстоніі ў расейскую Сібір.

Сама Калас прыйшла ў палітыку ў 2010 годзе. Абіралася ў эстонскі і еўрапейскі парламенты. У 2018 годзе яна ўзначаліла ліберальную Эстонскую партыю рэформаў, якую ў 1994-м заснаваў ейны бацька. У 2021 годзе палітык стала першай жанчынай-кіраўніцай ураду ў гісторыі Эстоніі. На гэтай пасадзе яна заставалася да 22 ліпеня 2024 года.

Пасля расейскага ўварвання ва Украіну 24 лютага 2022 года Калас актыўна ўключылася ў яе падтрыманне – матэрыяльнае, фінансавае і вайсковае, за што брытанскі палітычны часопіс The New Statesman нават назваў яе «новай жалезнай лэдзі Еўропы». Яна рашуча падтрымала ўступленне Украіны ў Еўразвяз і заклікала спыніць выдаваць расейцам уязныя візы. За гэта яна была абвешчаная ўладамі Расеі ў вышук.

Менавіта пазіцыя Калас адносна Украіны і Расеі паспрыяла ейнаму абранню на пасаду ў Еўракамісіі, заявіў Рыгор Ніжнікаў з Фінскага інстытуту міжнародных стасункаў у каментары «Белсату».

,,

«Яна адной з першых заняла пазіцыю спікера і галоўнага наратара пазіцыі еўрапейскай дапамогі Украіне, што адразу зрабіла яе адной з галоўных вонкавапалітычных спікерак і актараў ва ўсім Еўразвязе. Таму, вядома, разляд яе на гэтую пазіцыю стаў вельмі натуральным», – сказаў ён.


Пры гэтым, як выявілася ў 2023 годзе, кампанія мужа Калас актыўна пастаўляла грузы ў Расею падчас вайны, што спрычынілася да скандалу ў Эстоніі. Таксама высветлілася, што фірма пастаўляла кампаненты для вырабу слёзацечнага газу, якім пасля разганялі пратэсты ў Беларусі ды РФ. Саму прэм’ер-міністра крытыкавалі за невыкананне перадвыбарчых абяцанняў і працяглы эканамічны крызіс у краіне. Шмат хто ў Эстоніі лічыў, што эстонскі ўрад вонкавымі пытаннямі дапамогі Украіны і расейскай пагрозы «спрабаваў замыльваць унутраныя пытанні», адзначыў Ніжнікаў.

Прыярытэты Калас

У лістападзе, выступаючы ў Еўрапарламенце, Калас назвала свае прыярытэты ў якасці Вярхоўнай прадстаўніцы Еўразвязу ў вонкавых пытаннях: «поўнамаштабная вайна на еўрапейскім кантыненце» і «канфлікт на Блізкім Усходзе, які разгараецца пасля агідных нападаў на Ізраіль». Паводле яе, Украіна павінна перамагчы, а для гэтага трэба «даваць столькі вайсковай, фінансавай і гуманітарнай дапамогі, колькі трэба», а таксама прапанаваць «выразны шлях уступлення Украіны ў ЕЗ».

Таксама Калас плануе займаць жорсткую пазіцыю ў дачыненні да Кітаю, бо разглядае яго як частку антызаходняй восі разам з Іранам, КНДР і Расеяй. Паводле яе, «без падтрымання Кітаю Расея не зможа працягваць канфлікт ва Украіне, таму Кітай таксама павінен адчуць рост кошту сваёй палітыкі». ЕЗ павінен знізіць залежнасць свайго ланцужка паставак ад КНР, мяркуе палітык.

Апроч таго, Калас хоча ўпэўніць будучага прэзідэнта ЗША Доналда Трампа ў тым, што падтрыманне Украіны «ў іх інтарэсах».

Сустрэча Каі Калас і прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў Кіеве, Украіна, 1 снежня 2024 г. Фота: president.gov.ua
Сустрэча Каі Калас і прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў Кіеве, Украіна, 1 снежня 2024 г. Фота: president.gov.ua

Частку названых прыярытэтаў Калас пацвердзіла і ў свой першы дзень на новай пасадзе Калас, які яна пачала з візіту ў Кіеў. Там яна заявіла пра неабходнасць далейшага падтрымання Украіны, каб «яна мела моцныя пазіцыі» за сталом перамоваў. Таксама новая кіраўніца еўрапейская дыпламатыі не стала выключаць з’яўленне ва Украіне заходніх войскаў і назвала сяброўства ў NATO самай надзейнай гарантыяй бяспекі Украіны пасля спынення агню.

Апроч таго, Калас 1 снежня раскрытыкавала дзеянні ўладаў Грузіі «на шляху дэмакратычнага адступлення». Паводле яе, іх палітыка будзе мець «наўпроставыя наступствы з боку Еўразвязу».

А што з беларускім пытаннем?

Новая кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі яшчэ на пасадзе эстонскага прэм’ера заяўляла пра небяспеку ад уладаў Аляксандра Лукашэнкі. Яна не аднойчы сустракалася з абранай прэзідэнткай Беларусі Святланай Ціханоўскай, апошні раз – падчас саміту NATO ў ліпені 2024 года ў Вашынгтоне. Там яны сярод іншага абмяркоўвалі стратэгію ЕЗ адносна Беларусі.

«Я з нецярпеннем чакаю ўмацавання нашага ўзаемадзеяння і сумеснай працы, каб вярнуць Беларусь у сэрца з’яднанай, дэмакратычнай і бяспечнай Еўропы», – адзначыла Ціханоўская, віншуючы новы склад Еўракамісіі.

Сустрэча Каі Калас і Святланы Ціханоўскай ў Вашынгтоне, ЗША, 12 ліпеня 2024 г. Фота: tsikhanouskaya.org
Сустрэча Каі Калас і Святланы Ціханоўскай ў Вашынгтоне, ЗША, 12 ліпеня 2024 г. Фота: tsikhanouskaya.org

Тым не менш, «Парламенцкі Канал» піша: у размовах з палітычнымі групамі ў Еўрапарламенце Калас не згадвала Беларусь, то бок, наша краіна не ўваходзіць у лік ейных прыярытэтаў.

«Гэта азначае, што тэма Беларусі аўтаматычна, як спадчына, не пераходзіць ад папярэдняга склада ЕК да новага. Патрэбна адбудоўваць новыя каналы камунікацыі, мець у тэлефоне кантакты тых, хто адчыняе дзверы кабінетаў еўракамісараў з абноўленымі шыльдамі, быць падрыхтаванымі, каб за пяць хвілінаў патлумачыць, чаму Беларусь гэта ключ да еўрапейскай бяспекі, быць здольным арганізаваць дыскусію па Беларусі, за сталом якой – еўракамісары, еўрадэпутаты, кіраўнікі краінаў. Без нашай працы, сістэмнай, мэтанакіраванай, прафесійнай, ні Калас, ні іншыя чыноўнікі не будуць трымаць беларускую тэму ў сваёй павестцы дня. Цуды здараюцца, але, як правіла, калі ты на іх працуеш 12-14 гадзінаў штодня», – адзначаў Анатоль Лябедзька, дарадца Ціханоўскай у пытаннях парламенцкай супрацы і канстытуцыйнай рэформ.

Ніжнікаў таксама прызнаў, што Беларусь – гэта далёка не першае пытанне ў парадку дня ў Бруселі. Ён адзначыў, што Эстонія мела актыўную пазіцыю адносна Беларусі пасля 2020 года. Талін, напрыклад, прасоўваў беларускае пытанне ў Радзе бяспекі ААН, калі меў там сталае прадстаўніцтва. Паводле палітолага, Эстонія прасоўваннем беларускага і ўкраінскага пытанняў у тым ліку спрабавала павялічваць свой статус у Еўразвязе.

,,

«Але гэта не значыць, што як толькі Кая Калас пераскочыць з аднаго крэсла ў іншае, яна таксама будзе працягваць тыя ж рэчы, якія, напрыклад, былі ў інтарэсах Эстоніі. На жаль, галоўная праблема Беларусі ў тым, што ні Захад, ні беларускія дэмакратычныя сілы ў эміграцыі не маюць ніякіх стратэгіяў, як зварушыць статус-кво», – сказаў Ніжнікаў.


Таму, паводле яго, сітуацыя для Беларусі, беларускай дзяржаўнасці і беларускага грамадства будзе толькі пагаршацца.

Галоўныя праблемы еўрапейскай дыпламатыі

Ніжнікаў адзначыў, што пры папярэдніку Калас, Бурэле, вонкавая палітыка Еўразвяза была рэакцыйнай, «заўсёды на крок ззаду ад падзеяў». І гэта пры тым, што яшчэ з сярэдзіны 2010-х гадоў у Еўразвязе казалі пра неабходнасць стратэгічнай аўтаноміі, геапалітызацыі, пра патрэбу больш увагі надаваць падрыхтоўцы да сучасных выклікаў.

«Але мы пабачылі, што і ў 2022 годзе, і падчас Беларускай рэвалюцыі 2020 года Еўразвяз заўсёды адклікаўся за спазненнем і не заўсёды адэкватна», – сказаў Ніжнікаў.

Тым не менш, паводле яго, адказ ЕЗ на вайну ва Украіне – «галоўную геапалітычную падзею апошніх дзесяцігоддзяў» – быў адэкватным. Гэта выявілася як у санкцыях і ў пераасэнсаванні стасункаў з Расеяй, гэтак і ў наданні Украіне, Малдове і Грузіі шанцу на далучэнне да Еўразвязу. Але ўсё ж пазней «развіць гэты поспех» у ЕЗ не атрымалася, падкрэсліў палітолаг.

,,

«Тут шмат кантраверсійнасці, шмат праблемаў, і Кая Калас атрымлівае даволі супярэчлівую спадчыну», – заявіў ён.


Ці зможа іх развязаць Калас?

Ніжнікаў мяркуе, што вонкавая палітыка Еўразвязу і надалей будзе рэактыўнай, бо Калас не зможа нічога зрабіць без кансэнсусу ўрадаў краінаў-чальцоў Еўразвязу. І любыя ейныя ініцыятывы могуць і надалей сутыкацца з супрацьстаяннем такіх дзяржаваў, як Славаччына і Вугоршчына, а з імі дамовіцца ў пытаннях Украіны, Расеі і Кітаю будзе цяжка.

«Я не бачу, каб Калас змагла змяніць гэтыя структурныя праблемы. Яна будзе шмат у чым паўтараць тое, што рабіў Бурэль», – сказаў палітолаг, адзначыўшы, што ў выніку Еўропа будзе і надалей рэагаваць на пытанні, а не быць лідарам у іх развязанні.

Таксама шмат у чым пазіцыя Еўразвязу будзе залежыць ад пазіцыі будучай амерыканскай адміністрацыі, напрыклад, у дачыненні Кітаю. На думку Ніжнікава, палітыка Трампа магла б адкрыць для Калас акно магчымасцяў і зменшыць супраціў з боку розных краінаў Еўразвязу.

Папярэдні кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жузэп Бурэль і Кая Калас. Фота: Kaja Kallas / X
Папярэдні кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жузэп Бурэль і Кая Калас. Фота: Kaja Kallas / X

«Пытанне Кітаю стаіць ужо не адзін год на парадку дня, пытанне, што рабіць з Украінай, стаіць не адзін месяц. Кансэнсус, што нешта рабіць трэба, ёсць, а крокаў наперад пакуль няма. Таму паглядзім, што будзе новага пры Калас, гэта пакуль адкрытае пытанне», – адзначыў палітолаг.

Пры гэтым Ніжнікаў не выключае, што ліберальныя погляды Калас могуць не спрыяць росту даверу да яе з боку новай адміністрацыі ЗША. Але галоўнае пытанне ўсё ж у тым, што дагэтуль невядома, якой будзе вонкавая палітыка Злучаных Штатаў, якія будуць іх пазіцыі ў галоўных пытаннях. На яго думку, Еўразвязу трэба шукаць магчымасці супрацы не толькі з новай адміністрацыяй ЗША, але і шукаць хаўруснікаў сярод рэспубліканцаў у Кангрэсе і Сенаце, каб карэгаваць патэнцыйныя памылкі Трампа.

Патрэбныя рэформы, якіх не хочуць

Каб развязаць праблемы вонкавай палітыкі Еўразвязу, на думку Ніжнікава, трэба праводзіць рэформы арганізацыі, перадаючы больш паўнамоцтваў наддзяржаўным структурам. Але на гэта не ўсе дзяржавы гатовыя ісці. Да таго ж, паводле Ніжнікава, у Еўразвязе сёння маецца «вакуум лідарства» і ідэяў.

,,

«Магчыма, Калас можа стаць новым лідарам. Не проста ў складанні прыгожых наратывыў, як трэба змагацца, рабіць Еўразвяз мацнейшым, дапамагаць Украіне перамагчы, а канкрэтнымі справамі і стратэгіямі», – сказаў Ніжнікаў.


Але ў любым разе без моцнага лідарства і падтрымання з боку такіх краінаў, як Францыя і Нямеччына, гэта будзе цяжка зрабіць. Пакуль жа там такога лідарства няма, падкрэсліў ён.

Макар Мыш belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10