Начальнік Генеральнага штабу Збройных сілаў Беларусі генерал-маёр Павел Муравейка ў інтэрв’ю дзяржаўным медыям расказаў, што сабою ўяўляе мірнае неба. Калі кіравацца гэтаю фармулёўкаю, яго ў краіне няма.
«Мірнае неба – гэта ж не нешта ўмоўнае, абстрактнае. Гэта сапраўды калі свеціць сонца, няма дыму ад падпаленых гарадоў, вёсак, лясоў, калі не чакаеш прылёту беспілотнікаў, снарадаў... Гэта элемент спакою і дабрабыту», – сказаў генерал у размове з sb.by.
Паводле яго, адным з паказнікаў эфектыўнасці працы вайскоўцаў, сілавога блоку ёсць «тое, што ў нас па вуліцах можна спакойна хадзіць у любы час, працуе грамадскі транспарт, мы можам займацца любімымі справамі, наведваць тэатр, праводзіць масавыя мерапрыемствы і гэтак далей».
Разам з тым у Беларусі забароненыя любыя несанкцыянаваныя ўладамі масавыя акцыі праз пагрозу рэпрэсіяў. Пры гэтым рэпрэсіі закранаюць у тым ліку і тэатр, які згадаў Павел Муравейка. Ёсць пытанні і адносна таго, наколькі спакойна можна хадзіць па вуліцах, каб не быць затрыманым. Больш за тое, за апошнія некалькі месяцаў падчас расейскіх атак на Украіну ў паветраную прастору Беларусі рэгулярна залятаюць дроны-камікадзэ тыпу «Шагэд».
У некаторых выпадках беспілотнікі перахоплівае беларуская авіяцыя. Гэтак, у ноч на 5 верасня ў ваколіцах Гомля ВПС Беларусі знішчылі два расейскія дроны, падзенне абломкаў выклікала пажар на гарадскім складзе. Пацярпелых не было. 3 кастрычніка дрон упаў у Калінкавічах. Жанчыну, камера на доме якой зафіксавала яго падзенне, затрымалі сілавікі. Над Ельскім раёнам беспілотнік быў збіты ўначы 20 кастрычніка.
Жыхары Хойніцкага раёну 14 кастрычніка стварылі петыцыю з просьбай да ўладаў абараніць іх і асабліва дзяцей ад беспілотнікаў.
Паводле «Беларускага Гаюна», дроны лётаюць над Беларуссю і ўдзень. За содні 24 і 25 лістапада ў Беларусі зафіксаваны рэкорд за ўвесь перыяд маніторынгу: над нашаю краінаю лёталі як мінімум 38 расейскіх БПЛА-камікадзэ тыпу «Шагэд».
Якуб Хруст belsat.eu