У Магілёве на скрыжаванні вуліцаў Астроўскага і Пушкінскай ДАІ і міліцыя затрымалі чалавека. Сілавікі заяўляюць, што затрыманым быў «экстрэміст» – так улады называюць усіх нязгодных з іх палітыкай.
«МОГИЛЕВ Live» са спасылкай на відавочцаў піша, што затрыманы парэзаў дваіх чалавек.
Між тым, паводле звестак МУС, супрацоўнікі ГУБАЗіКу апазналі мясцовага жыхара, абвінавачанага ў датычнасці да «экстрэмісцкай» дзейнасці.
«Падчас прафілактычнай гутаркі мужчына раптам дастаў нож і нанёс удары міліцыянтам. Магілёвец затрыманы. Пры ім таксама знойдзеныя яшчэ адзін нож і пісталет», – заявілі ў МУС.
Параненаму міліцыянту надаецца медычная дапамога. На месца здарэння асабіста выехаў міністр унутраных справаў Іван Кубракоў.
«Наша Ніва» адзначае, што міліцыянты, якіх параніў магілёвец, былі ў цывільнай вопратцы. Сілавікі не тлумачаць, у чым заключалася «прафілактычная гутарка» на вуліцы і як яна праходзіла, што беларус быў вымушаны пачаць адбівацца.
Якуб Хруст belsat.eu