«Белсат» аналізуе вынікі чарговага тыдня поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра становішча на фронце станам на 25 лістапада чытайце ў нашым матэрыяле.
Лакальныя змены на Куршчыне
Цягам апошняга тыдня працягваліся актыўныя баявыя дзеянні на стыку Суджанскага і Коранеўскага раёнаў Курскай вобласці Расеі, пры гэтым ініцыятыва ў асноўным захоўвалася за Узброенымі сіламі РФ, якія ў выніку дасягнулі лакальных поспехаў. Так, пасля масіраваных штурмаў расейскія войскі канчаткова выбілі праціўніка з сяла Дар’іна, а таксама занялі прылеглыя да яго тэрыторыі.
Акрамя гэтага, войскі РФ прасунуліся паўночней па лініі сутыкнення, заняўшы выступ паміж населенымі пунктамі Тоўсты Луг і Ніжні Клін. Яшчэ ў пачатку кастрычніка ў выніку контрнаступу праціўніка ўкраінскія вайскоўцы трапілі ў паўатачэнне на гэтым участку фронту, але да апошняга, знаходзячыся ў нязручным для абароны становішчы, утрымлівалі пазіцыі.
Тым часам на паўночным захадзе ад гораду Суджа прасунуліся самыя Збройныя сілы Украіны, заняўшы тэрыторыю ўрочышча Круглік (уздоўж дарогі на Курск).
Пры гэтым агулам пакуль лінія фронту на Куршчыне выглядае адносна стабільнай, хоць гэты кірунак і мае сур'ёзнае палітычнае значэнне для расейцаў: відавочна, што камандаванне УС РФ, сканцэнтраваўшы вялізныя сілы, разлічвае цягам наступных месяцаў – да пачатку прэзідэнцтва Трампа ў Злучаных Штатах – выціснуць праціўніка за дзяржаўную мяжу, каб мець больш выгадныя пазіцыі на магчымых перамовах.
Плацдармы ЗСУ каля рэк Аскіл і Жарабец
На паўночным усходзе Харкаўскай вобласці Украіны працягваецца наступальная аперацыя УС РФ на левым беразе ракі Аскіл, адкуль яны намагаюцца выбіць праціўніка. Істотных зменаў лініі сутыкнення за апошні тыдзень зафіксавана не было, аднак лакальныя поспехі расейскія войскі ўсё ж маюць.
Так, на паўночным флангу кірунку яны пачалі замацоўваюцца на паўночна-ўсходніх ускрайках гораду Купянск, адначасова з гэтым абазначыліся спробы заняць пазіцыі на тэрыторыі прамысловай зоны населенага пункту.
Прарасейскія крыніцы пішуць, што пакуль ЗСУ ўдалося часткова стабілізаваць сітуацыю ў Купянску. Пры гэтым агулам сам участак фронту характарызуецца нізкай медыйнасцю, таму часцяком інфармацыя пра змены на ім прыходзіць са спазненнем.
На паўднёвым флангу кірунку расейскія войскі завязалі баі на ўскрайках сяла Глушкоўка. Магчымы поспех на гэтым участку адкрые для УС РФ перспектывы атачэння Купянску з паўднёвага ўсходу.
Яшчэ ніжэй па фронце войскі РФ, перакінуўшы рэзервы, паступова развіваюць поспех у ваколіцах населеных пунктаў Першатраўневае і Капанкі, што ўказвае на намер выхаду да пасёлку Баравая ў Ізюмскім раёне на Харкаўшчыне.
Падобным чынам развіваецца сітуацыя і на суседнім ліманскім кірунку, дзе расейскія вайскоўцы выціскаюць ЗСУ з плацдарму на левым беразе ракі Жарабец, атакуючы ў ваколіцах населеных пунктаў Церны і Торскае. Каля апошняга фіксуюцца прасоўванні на асобных пазіцыях.
Становішча на поўначы Данбасу
Менш медыйным у апошнія месяцы з’яўляецца і краматорскі кірунак у паўночна-ўсходняй частцы Данецкай вобласці. Разам з тым самыя вайскоўцы ЗСУ паведамляюць, што праціўнік паступова праціснуў некалі стабільную лінію сутыкнення, якая праходзіла па канале Сіверскі Данец – Данбас, і цяпер намагаецца з розных бакоў падысці да гораду Часаў Яр, на паўночным усходзе якога ўжо і без таго ідуць баі.
Аналітыкі праекту «Deepstate» пішуць, што расейцы маюць значныя прасоўванні і ніжэй па фронце – на ўчастку ў ваколіцах населеных пунктаў Клішчыеўка і Андрыеўка. Пры гэтым дакладную лінію сутыкнення вызначыць цяжка, паколькі інфармацыя пра замацаванне УС РФ на новых пазіцыях патрабуе ўдасканалення.
На тарэцкім кірунку асноўныя баявыя дзеянні лакалізуюцца на тэрыторыі аднайменнай агламерацыі. Вайскоўцы ЗСУ адзначаюць, што сітуацыя ў самім Тарэцку складаная, бо цяпер праціўнік кідае ўсе сілы на захоп вышыннай забудовы ў цэнтры гораду, што дазволіць яму атрымаць агнявы кантроль над наваколлем, а таксама дасць перавагу ў плане аэравыведкі і выкарыстання ўдарных БпЛА.
Ніжэй ад гэтага ўчастку ідуць баі за мікрараён Забалка, дзе ЗСУ апынуліся ў паўатачэнні, але пакуль абараняюцца, абапіраючыся на свае пазіцыі на тэрыторыі мясцовай шахты імя Дзяржынскага. Пры гэтым істотная перавага расейцаў у жывой сіле ўсё ж дазваляе ім паступова прасоўвацца ў шчыльнай забудове.
Агулам сітуацыя на тарэцкім кірунку характарызуецца цяжкімі гарадскімі баямі, пазіцыі праціўнікаў у якіх часцяком раскіданыя хаатычна, што робіць лінію сутыкнення невыразнай.

Праблемы ЗСУ на паўднёвым флангу
На пакроўскім кірунку Узброеныя сілы РФ у асноўным трымаюцца чыгуначнай лініі Сэлыдава – Пакроўск, займаючы прылеглыя да яе населеныя пункты. Імаверна, адсюль расейскія войскі імкнуцца прабіцца да трасы Шаўчэнка – Наватроіцкае – Ясэновае (укр. Ясенове), што дазволіць у далейшым выйсці да Пакроўску з поўдня. Пры гэтым ужо цяпер лінія сутыкнення праходзіць прыкладна за 5,5 кіламетра ад гораду.
Між тым па-ранейшаму найбольш складаная сітуацыя для Збройных сілаў назіраецца на курахаўскім кірунку.
На паўночным флангу расейскія войскі цягам тыдня занялі населены пункт Берасткі, у выніку чаго стварыліся спрыяльныя ўмовы для далейшага руху на захад да рубяжу Старыя Церны – Сонцаўка і поўнага заняцця паўночнага берагу Курахаўскага вадасховішча.
Ніжэй па фронце ідзе штурм самога гораду Курахава, усходняя частка якога ўжо знаходзіцца пад кантролем Расеі. Акрамя таго, наперадзе УС РФ чакаюць значныя тэрыторыі прыватнага сектару, што з улікам іх перавагі ў жывой сіле дазваляе прагназаваць далейшы рух.
З поўдня ад населенага пункту ідзе паступовае выраўноўванне фронту па рубяжы Дальняе – Канстанцінопальскае: цяпер падраздзяленні ЗСУ, знаходзячыся пад агнявым кантролем праціўніка, адыходзяць з утворанага на ўсход ад гэтай лініі выступу.
Пагоршылася становішча ЗСУ і на суседнім урэмаўскім кірунку, дзе праціўнік цягам тыдня завязаў баі за сяло Раздольнае і пасёлак Вялікая Навасёлка: тут праводзяцца шматлікія механізаваныя штурмы з выкарыстаннем разнастайнай тэхнікі і вялікай колькасці пяхоты. Улічваючы канфігурацыю фронту, існуе верагоднасць, што неўзабаве расейцы паспрабуюць прарвацца і з ваколіцаў Рыўнопалю, у выніку чаго могуць апынуцца ў атачэнні вайскоўцы ЗСУ з поўдня ад Вялікай Навасёлкі.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
Наталля Кулыгіна belsat.eu