навіны

Візавую праграму для беларусаў сапсавалі шпіёны Расеі: выйшла справаздача Польшчы наконт «візавага скандалу»

Польская віза ў беларускім пашпарце
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польская віза ў беларускім пашпарце. Фота: Таццяна Верамеева / Белсат
podpis źródła zdjęcia

У Польшчы раскрылі асноўныя палажэнні справаздачы, падрыхтаванай Вярхоўнай кантрольнай палатай аб «візавым скандале». Згодна з ёю, праграмаю для беларускіх айцішнікаў маглі карыстацца расейскія шпіёны, а таксама ў Польшчу масава прыязджалі людзі з краінаў, уразлівых з пункту гледжання міграцыйнай рызыкі, піша «Gazeta Wyborcza».

Выданне перадае асноўныя тэзісы справаздачы Вярхоўнай кантрольнай палаты:


- міністры замежных справаў партыі «Права і справядлівасць» (PiS – да нядаўняга часу партыя ўлады ў Польшчы) не здолелі пракантраляваць выдачу візаў;


- у 2018 – 2023 гадах Польшча выдала 6,1 мільёна візаў, у тым ліку 366 тысячаў падазроных дакументаў для выхадцаў з мусульманскіх і афрыканскіх краінаў;


- у 2021 і 2022 гадах Польшча выдала больш за ўсё шэнгенскіх візаў сярод усіх чальцоў Еўрапейскага Звязу.

,,

«Калі польскія жаўнеры і памежнікі, рызыкуючы здароўем і жыццём, абаранялі нас ад хвалі нелегальнай міграцыі, арганізаванай Пуціным і Лукашэнкам, урад «Права і справядлівасці» ўпусціў, у тым ліку за хабар, 366 тысячаў асобаў з Азіі і Афрыкі. Справаздача ВКП пацвердзіла нашыя горшыя падазрэнні», – заявіў прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск.


Паводле справаздачы, пасля 1 сакавіка 2022 года, нягледзячы на абмежаванне на выдачу візаў грамадзянам Расейскай Федэрацыі, візы ўсё яшчэ выдаваліся ім у межах праграмы «Poland. Business Harbour». Да канца 2023 года грамадзянам Расеі было выдадзена 1838 візаў.


Poland. «Business Harbour» – праграма, запушчаная ў верасні 2020 года тагачаснай віцэ-прэм'еркаю Польшчы Ядвігаю Эмілевіч.


Першапачатковая ідэя заключалася ў прыцягненні ў Польшчу ІТ-адмыслоўцаў з Беларусі. Праграма дазваляла выдаваць візу тэрмінам на адзін год. Яна была разлічаная на айцішнікаў і іхных сямейнікаў. Паводле Вярхоўнай кантрольнай палаты, на практыцы атрыманне візы ў межах гэтай праграмы зрабілася самым простым, хуткім і танным спосабам займець магчымасць уезду на тэрыторыю ўсяго Еўрапейскага Звязу не толькі для беларусаў.

,,

«Роля консула ў працэсе разгляду заявы на візу звялася практычна да яе выдачы», – адзначаюць аўдытары.


У дакуменце сцвярджаецца, што гэтая схема магла істотна знізіць бяспеку Польшчы.


Былі і іншыя выпадкі выдачы візаў расейскім грамадзянам, названыя «памылкаю або наўмыснаю выдачаю візы».


«Gazeta Wyborcza» паведамляе, што атрымала доступ да лістоў, што сведчаць пра тое, што Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы інфармавала чыноўнікаў PiS пра «ўзрослую міграцыю грамадзянаў Расейскай Федэрацыі» ў Польшчу і «пагрозы дзяржаўнай бяспекі, якія ўзнікаюць, у тым ліку разведвальнага і тэрарыстычнага характару, а таксама пра магчымасць пранікнення ў Польшчу людзей, звязаных са злачыннымі групоўкамі, разам з прытокам расейскіх мігрантаў».


Акрамя таго, у справаздачы гаворыцца, што былы намеснік міністра замежных справаў Пётр Ваўжык 25 жніўня 2022 года «запусціў прыярытэтны шлях у прыёме заяваў на атрыманне візы ад замежных рабочых, занятых на будаўніцтве комплексу «Olefins III» у Плоцку [нафтахімічны праект. – Заўв. рэд.], парушыўшы гэтым незалежнасць консулаў».


Паводле справаздачы, колькасць работнікаў, якія маглі скарыстацца спрошчанай працэдураю, мусіла скласці каля 700 чалавек толькі да канца 2022 года. Меркавалася, што «Orlen» будзе выкарыстоўваць працу грамадзянаў з Туркменістану, Турцыі, Пакістану, Індыі і Філіпінаў. Ваўжык быў праінфармаваны пра тое, што «рэалізацыя вышэй згаданых інвестыцыяў звязаная з прыцягненнем у Польшчу значнай колькасці замежнікаў з краінаў, уразлівых з пункту гледжання міграцыйнай рызыкі».


Аднак ён пагадзіўся на ўвядзенне спрошчаных працэдураў, што абмежавала незалежнасць консулаў.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10