навіны

Літва перадумала забараняць уезд аўтаў на беларускіх нумарах, але не ўсіх. Вось што змянілася

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Радыё Свабода
podpis źródła zdjęcia

З 16 жніўня Літва планавала забараніць уезд аўтаў з беларускімі нумарамі на сваю тэрыторыю. Аляксандр Лукашэнка ўжо назваў такія дзеянні суседзяў Беларусі «вар’яцтвам». А беларускія дэмакратычныя сілы вялі перамовы аб тым, каб зрабіць паслабленні ў рашэнні літоўскіх уладаў. І тыя ўрэшце пайшлі на змены надзённага для шматлікіх беларусаў пытання. 

Ад сёння літоўскія ўлады мусілі перастаць прапускаць на сваю тэрыторыю аўтамабілі на беларускіх нумарах. Насамрэч забарона пачала дзейнічаць ужо з 18 ліпеня, але да 16 жніўня быў дадзены дазвол на ўезд аўтамабіляў, прызначаных не для продажу, калі за рулём знаходзіцца ўладальнік транспарту, у якога ёсць дазвол на ўезд у краіну – віза ці від на жыхарства. 

Аляксандр Лукашэнка ўжо назваў такі крок літоўскіх уладаў «вар’яцтвам». Пры гэтым дадаўшы, што і «дзякуй богу», што забараняюць, бо «нашы» (маючы на ўвазе беларусаў і расейцаў) «перастануць вывозіць грошы за межы Беларусі і Расеі». На думку Лукашэнкі, дзякуючы эканамічнаму турызму з Беларусі і Расеі вывозіліся велізарныя грошы – «мільярды долараў». А ў беларусаў гэта таксама было як «шаленства» – абавязкова трэба было купіць нешта імпартнае: «калі не "GUCCI" ці "VERSACE" – то ўсё, ты ўжо ніякі». 

У сваю чаргу напярэдадні старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка адзначыў выданню «Зеркало», што дэмакратычныя сілы спрабуюць паўплываць на краіны-суседкі, і ў прыватнасці на Літву, каб змяніць гэтыя ўмовы. І ёсць шанец, што літоўскія ўлады перагледзяць сваё рашэнне, адзначыў Вячорка. 

«З Літвой зараз вядзем перамовы, шукаем кампраміснае рашэнне, якое б адпавядала інтарэсам і беларусаў, і літоўскай дзяржавы. У якасці кампрамісу прапануем зрабіць шырокія выключэнні для беларусаў, якія маюць літоўскія дакументы, візы, ВНЖ ці ПМЖ. Гэта б вырашыла праблему для дзясяткаў тысяч беларусаў, якія рэгулярна перасякаюць мяжу з Літвой. Паколькі заўтра [16 жніўня. – рэд. "Белсат"] заканчваецца тэрмін дзеянняў выключэнняў, спадзяемся, Літва пойдзе нам насустрач», – паведаміў Франак Вячорка. 

Дарадца Святланы Ціханоўскай сказаў, што раней была дасягнутая дамоўленасць з Польшчай аб тым, што аўтамабілі на беларускіх нумарах будуць працягваць пускаць, як і раней, калі за рулём знаходзіцца іх уласнік. У прыватнасці, пра гэта Святлана Ціханоўская размаўляла з міністрам Радаславам Сікорскім, і гэтае пытанне таксама абмяркоўвалі Павел Латушка і прадстаўнікі Кабінета на розных сустрэчах. 

Таксама ўдалося дамовіцца з Латвіяй пра тое, што аўтамабілі на беларускіх нумарах будуць пускаць у краіну, але пры выкананні адной умовы: у індывідуальным парадку дазвол на ўезд у Латвію можа даць Служба фінансавай выведкі краіны, калі аўтамабіль увозіцца ў краіну не для продажу.

Улады Літвы пайшлі на паслабленні

І вось уночы 16 жніўня літоўская мытня паведаміла пра выключэнні, зробленыя для ўезду ў Літву аўтамабіляў на беларускіх нумарах. Згодна з імі дазволена:

- увозіць на тэрыторыю Літвы легкавы аўтамабіль, які не прызначаны для продажу і належыць грамадзяніну Беларусі, які мае дзейную візу Літоўскай Рэспублікі або дзейны дазвол на часовае ці пастаяннае пражыванне ў Літве, які дазваляе ўезд у Еўразвяз і якія пры ўездзе ў ЕЗ кіруе гэтым транспартным сродкам толькі ў асабістых мэтах (выключэнне не распаўсюджваецца на аўтамабілі, якія належаць юрыдычным асобам або выкарыстоўваюцца ў камерцыйных мэтах);

- увезці на тэрыторыю Літвы аўтамабіль, які не прызначаны для продажу і належыць грамадзяніну краіны-члена Еўрапейскага Звязу, калі ён з'яўляецца рэзідэнтам Беларусі і пры выездзе ў краіны Еўразвязу кіруе гэтым транспартным сродкам выключна ў асабістых мэтах. 

Пры гэтым у мытні нагадалі, што пасля 18 студзеня 2025 года аўтамабілі, зарэгістраваныя ў Беларусі, не змогуць знаходзіцца на тэрыторыі Літвы.

Асобы, якія будуць кіраваць аўтамабілямі з беларускімі нумарамі пасля гэтага, будуць прызнавацца парушальнікамі і прыцягвацца да адміністрацыйнай адказнасці, што прадугледжвае штраф і канфіскацыю аўтамабіля.

Да 18 студзеня 2025 года аўтамабілі з беларускімі рэгістрацыйнымі нумарамі могуць удзельнічаць у дарожным руху на тэрыторыі Літвы, а таксама ўвозіцца і рэгістравацца ў Літве.

Забарона не распаўсюджваецца на аўтамабілі, зарэгістраваныя ў Беларусі, якія ўязджаюць на тэрыторыю Еўразвязу, а таксама Літвы, у дыпламатычных мэтах або калі парэшткі загінулых перавозяцца аўтамабілямі, зарэгістраванымі ў Беларусі.

Нагадаем, што 29 чэрвеня Рада ЕЗ увяла санкцыі супраць Беларусі, падобныя да тых, што дзейнічаюць супраць Расеі, уключаючы абмежаванні на перавозку грузаў аўтатранспартам з беларускімі нумарамі па тэрыторыі ЕС. Латвія, Літва і Эстонія забаранілі ўезд беларускіх аўтамабіляў, а Польшча пакуль дазваляе ўезд з некаторымі абмежаваннямі. Офіс Святланы Ціханоўскай прапанаваў краінам ЕЗ змякчыць гэтыя абмежаванні, уводзячы шырокія выключэнні.

Раман Шавель, «Белсат»

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10