навіны

Пра што дамовіліся на канферэнцыі «Новая Беларусь». Галоўнае

Канференцыя Новая Беларусь, другі дзень. Вільня, Літва. 4 жніўня 2024 года. Фота: Белсат
Канференцыя Новая Беларусь, другі дзень. Вільня, Літва. 4 жніўня 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

У Вільні 3–4 жніўня прайшла трэцяя канферэнцыя дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь». «Белсат» пераказвае галоўнае з апошняй дыскусіі канферэнцыі – аб Каардынацыйнай радзе – і з падвядзення вынікаў усёй канферэнцыі.

У першы дзень прайшлі чатыры дыскусіі. Пераказ першай, якая тычылася галоўных выклікаў, чытайце тут. Пераказ другой пра Беларусь, Еўропу і аддзяленне беларусаў ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, – тут. Пра трэцюю дыскусію – аб эканамічнай сітуацыі ў Беларусі – чытайце тут. Галоўнае з чацвёртай дыскусіі «Беларуская ідэнтычнасць у 2025 годзе: як захаваць і ўмацаваць» – тут


Другі дзень канферэнцыі пачаўся з дыскусіі «Беларускія добраахвотнікі і ветэраны: грамадскае стаўленне і сістэмная падтрымка», пра яе чытайце тут. Наступныя дыскусіі былі пра палітвязняў і рэпрэсаваных, рэабілітацыю і салідарнасць.


Пасля дыскусіяў 3 жніўня выбраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская прызначыла трох новых прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінету і разам з Кабінетам адказала на пытанні наведнікаў. Затым дэмакратычныя сілы прэзентавалі пагадненне аб супрацы між трыма структурамі і «Платформу 2025». Падрабязней пра гэта чытайце тут.


Жывую трансляцыю канферэнцыі ладзілі на Youtube.


Якія галоўныя вынікі 


Ціханоўская рэзюмавала вынікі канферэнцыі:


  • Прэзентавалі трох чальцоў Аб’яднанага пераходнага кабінету, якія неўзабаве пачнуць супрацу.
  • Прынялі пратакол узаемадзеяння офісу Ціханоўскай, Кабінету і Каардынацыйнай рады.
  • Прынялі «Платформу-2025», якую цяпер трэба «напоўніць дзейнасцю», і акрэслілі прыярытэты дзейнасці.
  • Прэзентавалі Міжнародны фонд дапамогі рэпрэсаваным.
  • Па выніках дыскусіяў распрацавалі праекты дэкларацыяў аб падтрымцы палітвязняў і падтрымцы незалежных медыяў; аргкамітэт прыняў дэкларацыі аб прыярытэтах замежнай палітыкі, аб аднаўленні справядлівасці і аб выбарах у 2025 годзе.


Ціханоўская заклікала:


,,

«Давайце часцей задаваць сабе пытанне, што я магу зрабіць для Беларусі, а не што Ціханоўская можа зрабіць для мяне».


Дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка пракаментаваў «Белсату» вынікі канферэнцыі і мінулага года дзейнасці дэмакратычных сілаў. 


Камусьці яны могуць здацца слабымі: няшмат дасягнулі чагосьці, што могуць адчуць звычайныя беларусы. Вячорка на такое адказаў:

,,

«Дэмакратычныя сілы трымаюць удар. Нягледзячы на ціск, на выгнанне працягваецца праца, захоўваюцца адзінства. Ёсць яснасць, хто каму падпарадкоўваецца, хто чым займаецца. Якая роля ў Ціханоўскакай, якая ў Кабінету. І гэта дапаможа ў вырашэнні праблемаў з легалізацыяй, з тым, каб адбіваць нейкія баны супраць беларусаў. У нейкіх перамовах патэнцыйных па вызваленні палітычных вязняў, таму што зараз зноў стала актуальная тэма. 


Мы прыйшлі на гэтую канферэнцыю ў вельмі цяжкім стане. Мы знаходзімся ў стане перманентнага крызісу ад 2020 года, таму што ўмовы цяжкія, але таксама ў вельмі складанай геапалітычнай сітуацыі, калі ідзе вайна, не ясна, якая будзе будучыня рэгіёну, і калі беларуская незалежнасць апынулася пад прамой пагрозай.

,,

Сама прысутнасць і функцыянальнасць дэмакратычных сілаў дае шанец беларусам, што нашую краіну не аддадуць Расеі, што Беларусь застанецца як суб’ект і што інтарэсы беларусаў будуць улічаныя пры любых перамовах.


Задача дэмакратычных сілаў – гэта быць голасам тых людзей у Беларусі, якія не могуць гаварыць або якія сядзяць у турмах, якія з цяжкасцю зараз выязджаюць за мяжу. Гаварыць ад іхнага імя, што яны хочуць. Яны хочуць вандраваць, яны хочуць вучыцца ў еўрапейскіх універсітэтах, яны хочуць нармальна развіваць бізнес…І менавіта на гэтай канферэнцыі была канцэнтрацыя найлепшых экспертаў, актывістаў і палітыкаў, якія гэтыя пытанні могуць вырашаць практычна. Таму я ўдзячны ўсім удзельнікам. Я ведаю, што мы не вырашым усе пытанні за адну хвіліну і нават за адну канферэнцыю. Але так крок за крокам, часам вялікімі, часам маленькімі, мы вырашаем. Нешта атрымліваецца. 


Гуманітарны фонд дапамогі палітычным вязням створаны. Служба „Адно вакно“, куды кожны можа напісаць, звярнуцца са сваёй праблемай і атрымаць адказ альбо параду, кансультацыю – і зразумець, што рабіць далей, – таксама.  


Абмежаванні на мяжы дзесьці ўводзяцца, дзесьці мы іх адбіваем, гэта таксама вырашаецца. Таму трэба задаць пытанне: а што, калі б не было дэмакратычных сілаў? Магчыма, тады б ніхто нават і не думаў, закрываць межы ці не – а проста бы абрэзалі, наогул спынілі выдачу візаў. Таму задача дэмакратычным сілам – проста не губляць фокусу і памятаць пра тое, што важна беларусам як унутры краіны, так і тым, хто з’ехаў».


Што з Каардынацыйнай радай? 


Дыскусія аб КР мела назву «Што мы можам зрабіць для Беларусі ў 2025 годзе». Выбары новага складу КР прайшлі ў канцы траўня, першае паседжанне прайшло 12 чэрвеня. 


Мадэратар дыскусіі, дарадца Ціханоўскай па парламенцкай супрацы і колішні «дэпутат незалежнасці» Анатоль Лябедзька нагадаў, што дэлегаты КР атрымалі не дэпутацкія паўнамоцтвы, а крымінальныя справы. Ён пусціў па залі стос папер для «банку прапановаў» – заклікаў наведнікаў не крытыкаваць КР, а напісаць прапановы па тым, што варта рабіць КР.


Аляксандр Кныровіч. Канференцыя Новая Беларусь, другі дзень.  Вільня, Літва. 4 жніўня 2024 года. Фота: Белсат
Аляксандр Кныровіч. Канференцыя Новая Беларусь, другі дзень. Вільня, Літва. 4 жніўня 2024 года. Фота: Белсат

Дэлегат КР з фракцыі «Беларусы» Аляксандр Кныровіч назваў КР «імітацыяй дэмакратыі і імітацыяй дзейнасці»: з чатырох прынятых новым складам дакументаў толькі адзін меў практычны сэнс. Але ён заклікаў не казаць, што «мы не збіраемся працаваць»: фракцыя ўдзельнічае ў камісіях і ўносіць прапановы. Кныровіч настойвае на фармаванні грамадзянскай палаты пры КР, абмеркаванні стратэгіі-2025 у КР і справаздачы Аб’яднанага пераходнага кабінету перад КР.


Прадстаўнік «Каманды Латушкі і руху „За свабоду“» ў КР Арцём Брухан згадаў учорашні выступ прадстаўніка фракцыі «Беларусы» Андрэя Ягорава і запярэчыў: місія КР – не здавацца і працягваць дзейнасць, быць дэмакратычнай альтэрнатывай Лукашэнку і ўзмацняць гэтую альтэрнатыву. Брухан сярод іншага анансаваў ухваленне праграмы бальшыні ў КР. 


Кныровіч запярэчыў: Ягораў казаў, што стратэгія мінулых гадоў не прывяла да вынікаў, таму, можа, варта мяняць палітвязняў на вяртанне заходніх амбасадараў у Беларусь – не казаў пра прызнанне паразы.


Спікер блоку «Воля» ў КР Максім Дзенісевіч перадаў прывітанне жонцы, якой сем гадоў таму 4 жніўня зрабіў прапанову. Ён назваў гэта найвялікшай перамогай у жыцці, але сказаў, што чакае наступнай перамогі: вяртанне радзімы. Каб дасягнуць гэтага, трэба мець навыкі і прафесіяналаў, упэўненасць і сталёвую волю, ідэнтычнасць і сваю культуру.

Канференцыя Новая Беларусь, другі дзень.  Вільня, Літва. 4 жніўня 2024 года. Фота: Белсат
Канференцыя Новая Беларусь, другі дзень. Вільня, Літва. 4 жніўня 2024 года. Фота: Белсат

Сябра фракцыі КР «Наша справа» Андрэй Лаўрухін заклікаў арыентавацца на сутнасць справы, а не на асобы. Сутнасць – ізаляцыя, стыгматызацыя і дыскрымінацыя беларусаў як грамадзянаў краіны-суагрэсара, страта ўвагі да праблемаў беларусаў, патрэба ў іх кансалідацыі.


Сябра фракцыі «Еўрапейскі выбар» Артур Фінькевіч падкрэсліў, што без падтрымкі людзей у Беларусі не дамагчыся пераменаў – а ў Беларусі дагэтуль ёсць нізавыя ініцыятывы. Важна выбудоўваць гарызантальныя сувязі ў Беларусі і вырашаць праблемы беларусаў у эміграцыі, а разам з тым рыхтаваць алгарытм еўрапейскай інтэграцыі нашай краіны, папулярызаваць еўрапейскі выбар.


Лідар «Моладзевага Наступу» Яўген Караулаў згадаў, што ў кааліцыйных дамовах, якія прапаноўвалі фракцыі, было галасаванне ўсёй кааліцыі адным голасам, а гэта супярэчыла прынцыпам фракцыі, дзе кожны галасуе, як лічыць слушным. Фракцыя, расказаў ён, выступае не толькі ў абарону інтарэсаў моладзі ў палітычнай працы, а і за працу ў Беларусі, як то для пашырэння мабільнасці ў атрыманні міжнароднага досведу, і за міжнародную працу – дзеля прастоўвання інтарэсаў той жа моладзі. 


Лідарка фракцыі КР «Хопіць Баяцца!» Таццяна Мартынава назвала першым прыярытэтам людзей у Беларусі. Беларусы, у адрозненне ад расейцаў, упэўненая яна, умеюць будаваць гарызантальныя сувязі, гэта і трэба падтрымліваць. 

 Канференцыя Новая Беларусь, другі дзень.  Вільня, Літва. 4 жніўня 2024 года. Фота: Белсат
Канференцыя Новая Беларусь, другі дзень. Вільня, Літва. 4 жніўня 2024 года. Фота: Белсат

Чальцы Каардынацыйнай рады ўжо прапанавалі стварэнне шэрагу камісіяў па канкрэтных напрамках. Спікерка КР Анжаліка Мельнікава прапанавала Каардынацыйную раду як пляцоўку для дыскусіяў па тэме палітвязняў як палітычных інстытутаў, так і праваабарончых арганізацыяў – закрыты «круглы стол» па самых вострых пытаннях.


Алесь Новаборскі «Белсат» 

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10