Перамены бываюць толькі мірнымі. Нямірным бываюць паўстанні ды рэвалюцыі.
Рэвалюцыя 1917 года, якая пачалася ў лютым, цалкам, як падавалася, мірна, да кастрычніка плаўна перайшла ў гатовасць усіх бакоў да найбольш кровапралітнага супрацьстаяння ў сусветнай гісторыі. Што, у прынцыпе, чалавецтва і атрымала. А магло бы і не атрымаць.
Праблема ў тым, што запазнелыя рэформы – як запазнелае адкручванне балтоў, што ўтрымліваюць вечка на старым паравым катле. Будзеш спрабаваць адвінціць – можа ірвануць, паспадзяешся на тое, што вечка трымаецца – усё роўна рване, ды так, што мала нікому не падасца. Але ў першым выпадку прынамсі ёсць надзея паспець да выбуху.
Для гэтага патрэбнае жаданне тых, хто гэтыя балты закруціў. Тых, хто, уласна кажучы, тэмпературу ў катле і падтрымлівае. Яны не хочуць і ўсё яшчэ спадзяюцца: адагнаць нас ад катла няма каму, так што як-небудзь дасядзім.
Ну ну. Вы яшчэ на волю народа спашліцеся.
Але я цяпер не пра ўладу. Я пра тых, хто выстраіўся ў чаргу ў чаканні мірных пераменаў, якія яна са сваіх рук і павінна была падаць народу. Памятаеце, як у «Вайне і міры» выходзіць гасудар Аляксандр Паўлавіч на балкон, народ унізе цешыцца, а ў гасудара бісквіт абламаўся і ўпаў. Ну, народ і кінуўся яго падымаць. Гасудар у сваю чаргу ўсцешыўся і пачаў кідаць бісквітамі ў натоўп… Штурханіна – да ўсеагульнага захаплення! Нават задушаная бабулька пакідала гэты свет з кранальнай усмешкай на вуснах і пакорай у позірку, нібыта ёй другі раз дазволілі балатавацца ў прэзідэнты.
Вось яно – кранальная яднанне ўлады і шырокай дэмакратычнай грамадскасці ў Рэспубліцы Беларусь. Толькі да тэмпературы ў катле гэта не мае ніякага дачынення. Ды і бісквіт кінулі зусім не тым, хто яго чакаў.
,, Кажу праўду: мірных пераменаў можна дамагчыся, але іх нельга выпрасіць. І калі вам падаецца, што публічна дэклараваць гатовасць да мірных пераменаў – у адрозненне ад тых, каго вы ўслед за ўладай лічыце нямірнымі – гэта гарантыя таго, што просьба будзе задаволеная, то вы жорстка памыляецеся.
Гэта калі стаіць пытанне пра жыццё і смерць, то дзейнічае прынцып пушкінскага Савельіча:
– Батюшка, что тебе станется, плюнь да поцелуй у злодея ручку…
А калі нічога не пагражае, то чарга з тых, хто хоча ручку пацалаваць і зусім падаецца бясконцай. І – толькі адпаведна стажу стаяння ў ёй вас дапусцяць. Вы спадзяваліся, што вам – як інвалідам апазіцыйнай працы – па-за чаргой? Не, так не бывае. Тут перад вамі столькі партыяў перастаяла і, з нагі на нагу пераступаючы, што яны акурат і заслужылі права быць абранымі і прадстаўленымі ў саветах. А вы яшчэ трохі пастойце, пахадзіце да міністраў, паразважайце пра тое, што калі воля народа – то і з Данбасам, і з Крымам прымірыцца можна. Дастаіцеся.
Быў такі сацыял-дэмакрат Юлій Мартаў (Цэдэрбаўм). У вольны ад царскіх высылак і турмаў вершы пісаў. У тым ліку – пародыі. Адна з іх – на матыў вядомай песні «Варшавянка»:
Грозные тучи нависли над нами,
Темные силы в загривок нас бьют,
Рабские спины покрыты рубцами,
Хлещет неистово варварский кнут.
Но, потираючи грешное тело,
Мысля конкретно, посмотрим на дело.
Кнут ведь истреплется, скажем народу;
Лет через сто ты получишь свободу.
Медленным шагом, робким зигзагом
Тише вперед, рабочий народ…
Сто гадоў яшчэ не прайшло, ды і сорак таксама, і псеўдаапазіцыйныя Майсеі ды Майсешы маюць цудоўную магчымасць вадзіць сваіх прыхільнікаў па пустыні ў пошуках збаўчага глытку вады. Працэс для іх больш цікавы, чым вынік. А свабода, як бісквіт, выпадзе з найвышэйшых рук, – а дакладней тое, што ад бісквіту застанецца праз сто гадоў. Або пуга пашарпаецца.
Лідзія Ярмошына казала, што агітацыйная кампанія ў нас праходзіла сумна. Гэта праўда. Лідзіі Міхайлаўне ў скрыню кінулі хаця бы адну ўлётку, а мне дык і зусім ніводнай. Як і большасці. Але быў адзін яркі момант: інтэрв’ю з кандыдатам у дэпутаты Гомельскага (здаецца, гарадскога) савета Юліяй Ганісеўскай. Я са здзіўленнем даведаўся, што кандыдат ад нядаўна зарэгістраванай арганізацыі «Гавары праўду» адначасова прадстаўляе рух «Антымайдан Беларусь» (дарэчы, арганізацыя зарэгістраваная ці не?). Аналаг украінскай структуры, якая ўрачыста спрабавала не дапусціць адкручвання гаек з паравога катла ўлады ў Кіеве, які ўжо падскокваў. Вось дакладна там і рванула…
Мы мусім падзякаваць за тое, што незалежны журналіст задаў спадарыні Ганісеўскай пытанне пра яе стаўленне да магчымых спробаў раздзялення беларускай дзяржавы, акупацыі Беларусі і падобным паўтарэнням украінскіх прэцэдэнтаў трохгадовай даўніны. І зусім не за тое, якія адказы ён пры гэтым атрымаў. А вось за тое, што ніхто з больш дасведчаных – у тым ліку і ў палітычнай рыторыцы – яе таварышаў па арганізацыі спадарыню Ганісеўскую публічна не паспяшаўся паправіць – за гэта дзякуй. Бо цяпер ужо зразумела, хто і за чым стаў у чаргу. Хто на чыім баку будзе, калі выбар рабіць усё-ткі прыйдзецца.
Хоць – яны проста ўвагі не звярнулі, бо акурат у чарзе да найвышэйшай рукі стаялі. Баяліся празяваць.