навіны

«Іншыя берагі». У Варшаве прайшоў Першы Кангрэс беларускай культуры ў эміграцыі

Першы кангрэс беларускай культуры ў эміграцыі адкрыўся хвілінаю маўчання ў памяць пра мастака Алеся Пушкіна і выступам Вольнага хору. (Фота: Света Фар / Белсат)
Першы кангрэс беларускай культуры ў эміграцыі адкрыўся хвілінаю маўчання ў памяць пра мастака Алеся Пушкіна і выступам Вольнага хору. (Фота: Света Фар / Белсат)
podpis źródła zdjęcia

«Мы не павінны разлучацца».

У Варшаве 16–17 верасня адбыўся Першы Кангрэс беларускай культуры ў эміграцыі. Як захаваць культуру і забяспечыць яе развіццё, жывучы па-за радзімай? Акурат на гэтае пытанне меліся адказаць удзельнікі форуму. Журналісты «Белсату» пабывалі на сустрэчах і дыскусіях, якія ладзіліся ў межах культурніцкага з’езду.
Першы кангрэс беларускай культуры ў эміграцыі адкрыўся хвілінаю маўчання ў памяць пра мастака Алеся Пушкіна і выступам Вольнага хору. (Фота: Света Фар / Белсат)
Першы кангрэс беларускай культуры ў эміграцыі адкрыўся хвілінаю маўчання ў памяць пра мастака Алеся Пушкіна і выступам Вольнага хору. (Фота: Света Фар / Белсат)
Кангрэс адкрыўся хвілінаю маўчання на знак памяці пра палітзняволенага мастака Алеся Пушкіна, якая была абвешчаная пасля пранізлівага выступу Вольнага хору. Дырыжорка, музыка і адна з арганізатараў сустрэчы Галіна Казіміроўская зазначыла на адкрыцці форуму, што такой масавай культурніцкай эміграцыі Беларусь яшчэ не бачыла.
«Варшава ўслухоўваецца ў вашыя галасы»
«Нягледзячы на фрустрацыю і сумненні, вы сабраліся сёння на першы кангрэс культуры. Бо ведаеце, што без культуры народ чэзне… У беларускай культуры ёсць патэнцыял стаць тым стрыжнем, які ўтрымае беларускі народ у рэчышчы еўрапейскай традыцыі», – сказаў на адкрыцці кангрэсу былы амбасадар Польшчы ў Беларусі, а з 31 жніўня – адмысловы прадстаўнік МЗС Польшчы ў справах супрацы з дэмакратычнымі сіламі Беларусі Артур Міхальскі.
Пра разнароднасць, адкрытасць і вольнасць Варшавы, якая прымае форум, казаў ва ўступнай прамове дырэктар варшаўскага Бюро культуры Артур Юзьвік. Ён паабяцаў, што Варшава будзе ўслухоўвацца ў голас беларускіх культурных дзеячаў і «трымаць кулакі за дэмакратычную Беларусь».
Літаратарка і старшыня Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай адзначыла на адкрыцці, што «дзяржава выраклася нас».
Беларуская літаратарка, праваабаронца, старшыня Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай на Першым Кангрэсе беларускай культуры ў эміграцыі. Варшава, Польшча. 17 верасня 2023 года. (Фота: Карына Пашко / Белсат.)
Беларуская літаратарка, праваабаронца, старшыня Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай на Першым Кангрэсе беларускай культуры ў эміграцыі. Варшава, Польшча. 17 верасня 2023 года. (Фота: Карына Пашко / Белсат.)
«Сёння мы, беларусы, не маем сваёй дзяржавы. Маем краіну, у якой мы павінны гэтую дзяржаву вярнуць. Але ў нас ёсць саюзнікі, і дзякуючы ім мы зможам не толькі вытрымаць і выжыць, але і паспрабаваць захаваць нашую культуру, развіваць яе і дапамагчы тым, хто знаходзіцца ўнутры Беларусі», – сказала Таццяна Нядбай.
Самым моцным хаўруснікам беларусаў яна назвала Польшчу.
«Быць амбасадарамі беларускай культуры»
Адна з панэляў першага дня кангрэсу была прысвечаная культурніцкай эміграцыі ў беларускай гісторыі. Спікеры параўноўвалі эміграцыйныя хвалі розных часоў і спрабавалі вызначыць, што з досведу колішніх беларускіх мігрантаў магло б прыдацца сёння.
Гісторык, прафесарка ўніверсітэту Казіміра Вялікага ў Быдгашчы Алена Глагоўская расказала пра беларускую эміграцыю пасля Першай сусветнай вайны. Выступоўца адзначыла, што гэтая хваля была шматкультурная, шматнацыянальная і збольшага – пратэставая. Была супрацівам бальшавіцкай уладзе, з якой дзеячы не маглі пагадзіцца. Многія пазней вярталіся ў Беларусь і заплацілі за гэта ў 1930-я гады сваім жыццём.
Паводле даследніцы гісторыі беларускай эміграцыі і галоўнай рэдактаркі альманаху «Запісы БІНіМ» Наталлі Гардзіенкі, пасля Другой сусветнай вайны ў БССР не вярнулася каля 100 тыс. нашых суайчыннікаў. Многім беларускім дзеячам давялося займацца на чужыне цяжкай працай, каб выжыць і пракарміць семʼі. Наталля Арсеннева працавала на фабрыцы, Майсей Сяднёў – у ліцейным цэху. Беларусы і тады праходзілі праз жорсткія выпрабаванні. Але, нягледзячы на гэта і поўную адарванасць ад метраполіі, працягвалі ствараць мастацкія творы.
Наталля Гардзіенка казала пра выпрацоўванне звычкі ахвяраваць на культуру і пра фармаванне місіі «быць рэпрэзентантамі вольнай і несаветызаванай беларускай культуры».
«Вобразна кажучы, яны стараліся паставіць Беларусь на мапу свету, зрабіць Беларусь бачнаю – праз кнігі, выставы, музыку і гэтак далей. То бок рабілі тое, што так важна рабіць і сучаснай эміграцыі, – быць амбасадарамі беларускай культуры ў свеце», – сказала выступоўца і зазначыла, што сённяшнія эмігранты маюць для гэтага больш магчымасцяў.
Белы сцяг Дурэйкі
Беларускі мастак і куратар арт-праектаў Андрэй Дурэйка, рэпрэзентуючы сучасны стан беларускай культуры за межамі радзімы, узняў на пачатку прамовы «чорны сцяг» (чорную тэчку), але скончыў свой выступ «белым сцягам», які сімвалізаваў, з аднаго боку, невядомасць, з другога – адкрытую прастору.
Дурэйка казаў пра неабходнасць вучыцца і інтэгравацца ў еўрапейскае грамадства, не ствараць гета, а ствараць інстытуцыі, бо «адзін чалавек можа згубіцца».


,,

«Калі мы ў сваёй краіне не змаглі стварыць Еўропы, то, можа, тыя, хто хацеў гэтага, стануць сапраўднымі еўрапейцамі тут… І, канечне, важна, каб будаваліся інстытуцыі і каб адбывалася іх кааперацыя», – заўважыў Андрэй Дурэйка.


Яшчэ адна дыскусія ў першы дзень форуму была прысвечаная магчымым шляхам узаемадзеяння еўрапейскіх і беларускіх культурніцкіх арганізацыяў.
«Як Украіне патрэбная зброя, так беларускай нацыянальнай культуры патрэбнае падтрыманне», – так казала падчас дыскусіі яе мадэратарка, дырэктарка берлінскага філіялу Інстытуту Пілецкага Ганна Радзеёўская.
«Мы не павінны разлучацца»
«Мастацтву і культуры патрэбная свабода. Калі яе няма, то ні пра якую культуру казаць не можам. Культура без свабоды пачынае служыць прапагандзе. І тая культура, якая застаецца ў Беларусі, не ўсведамляючы, пачынае быць часткай прапаганды», – казаў на другі дзень кангрэсу беларускі пісьменнік Альгерд Бахарэвіч, уздымаючы балючую праблему «тых, хто зʼехаў», і «тых, хто застаўся».
Беларускі пісьменнік Альгерд Бахарэвіч на Першым Кангрэсе беларускай культуры ў эміграцыі. Варшава, Польшча. 17 верасня 2023 года. (Фота: Карына Пашко / Белсат.)
Беларускі пісьменнік Альгерд Бахарэвіч на Першым Кангрэсе беларускай культуры ў эміграцыі. Варшава, Польшча. 17 верасня 2023 года. (Фота: Карына Пашко / Белсат.)
На думку Бахарэвіча, такі падзел «катастрафічны для культуры», але гэта «зусім не ўнікальная сітуацыя» – праз гэта ўжо прайшлі іншыя народы: палякі і літоўцы.
Тэатральны рэжысёр Аляксандр Гарцуеў параўнаў гэтае раздваенне паміж культурай эміграцыі і метраполіі з падзелам на Паўночную і Паўднёвую Карэю.
«Вельмі баюся гэтага. Мы не павінны разлучацца», – заклікаў Аляксандр Гарцуеў.
«Але гэта ўжо было, усё было. І нашыя пісьменнікі-эмігранты вярнуліся ў беларускі кантэкст. Якраз пра гэта казала Наталля Гардзіенка. Так што не толькі мы вернемся, але і нашыя творы, і нашыя дзеянні прасякнуць Беларусь. І мы не ўпусцім гэты час, каб Беларусь ператварылася ў Паўночную Карэю», – адказала на гэта сузаснавальніца кампаніі «Будзьма беларусамі» і старшыня рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Ніна Шыдлоўская.
Сузаснавальніца кампаніі «Будзьма беларусамі», старшыня рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Ніна Шыдлоўская на Першым Кангрэсе беларускай культуры ў эміграцыі. Варшава, Польшча. 17 верасня 2023 года. (Фота: Карына Пашко / Белсат.)
Сузаснавальніца кампаніі «Будзьма беларусамі», старшыня рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Ніна Шыдлоўская на Першым Кангрэсе беларускай культуры ў эміграцыі. Варшава, Польшча. 17 верасня 2023 года. (Фота: Карына Пашко / Белсат.)
Аптымістычны погляд на пераадоленне культурнага разлому паміж «беларускімі Карэямі» выказала падчас круглага стала, прысвечанага ролі культуры ў фармаванні нацыянальнай ідэнтычнасці ў другі дзень кангрэсу, і паэтка Юля Цімафеева. Яна казала пра адраджэнне нацыянальнай культуры ў апошнія дзесяцігоддзі і перамены ў стаўленні да беларускай мовы.


,,

«Не магу сказаць, што ідзе да Паўночнай Карэі, бо раней было яшчэ горш. А цяпер людзі не ўспрымаюць беларускую мову як нейкую дзікасць і спрабуюць рабіць на ёй важныя рэчы», – заўважыла Юля Цімафеева.


Пад канец дыскусіі прадстаўніца Абʼяднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык заклікала не выключаць з беларускай прасторы нікога, хто называе сябе беларусам, – нягледзячы на тое, на якой мове гаворыць ці ў якой краіне жыве.
«Мы павінны рабіць усё, каб абʼядноўвацца, але не трэба засяроджвацца на тым, што мы ўсе мусім быць аднолькавыя. Нашае багацце ў тым, што мы розныя», – сказала Аліна Коўшык.
«Забыцца на тое, што мы, «беларусікі», нікому не патрэбныя»
У межах форуму прайшлі чатыры спецыялізаваныя панэлі, удзельнікі якіх размаўлялі пра праблемы і магчымасці візуальнага мастацтва, беларускага тэатру, традыцыйнага мастацтва і выдавецкай справы ва ўмовах эміграцыі. У дыскусіях бралі ўдзел вядомыя беларускія дзеячы культуры і мастацтва – выдавец Андрэй Янушкевіч, перакладчык і рэдактар выдавецтва «Вясна» Сяргей Шупа, мастацтвазнаўца і дырэктарка Берлінскай галерэі сучаснага мастацтва «Prater Galerie» Лена Прэнц, спявачка і педагог Наста Някрасава, народная артыстка Беларусі і акторка тэатральнай групы «Купалаўцы» Зоя Белахвосцік ды іншыя.
Гэтак, Зоя Белахвосцік на пытанне мадэратара тэатральнай секцыі, рэжысёра Андрэя Саўчанкі, пра тое, дзе ж мы цяпер, адказала: «У паветры».
«Вельмі шчаслівыя, калі ўдаецца пабачыць нашага гледача. І ўвесь час мы чакаем», – прызналася Зоя Белахвосцік.
На ейны погляд, тыя маладыя беларускія акторы, якія захочуць інтэгравацца ў польскі тэатр, зробяць правільны выбар.
Між тым, польскі тэатральны рэжысёр і дырэктар тэатру «neTTheatre» Павэл Пасіні заўважыў падчас дыскусіі, што прысутнасць у польскай тэатральнай прасторы беларускіх актораў ёсць добраславеннем.


,,

«Можа, недарэчы гаварыць у гэтай сітуацыі, што гэта выдатна, але гэта так. Не думаў, што мне давядзецца працаваць з артыстамі найвышэйшага ўзроўню, якія вымушаныя былі сысці ў падполле. І для польскага тэатру моцная прысутнасць беларускіх актораў – гэта добраславенне, і ў гэтым сэнсе нічога лепшага не магло з намі здарыцца», – сказаў Павэл Пасіні.


Гаворачы пра сітуацыю, у якой апынуўся, рэжысёр і мастак Юрый Дзівакоў параіў не забывацца «пра свой індывідуальны шлях». Ён параўнаў яго з пераплываннем ракі з аднаго берагу на другі.
«Гэта найлепшы тэатр, які можа быць. Найлепшая камунікацыя паміж сабой. Адплыць ад свайго берагу, каб выйсці на іншы – у іншую культуру. Але ты пераплываеш вельмі цяжкую раку», – падсумаваў Юрый Дзівакоў.
Рэжысёр Аляксандр Гарцуеў заўважыў на гэта, што ў адну раку немагчыма ўвайсці двойчы, і прызнаўся, што, адплываючы ад роднага берагу («бо там сабакі кусаюцца»), пакуль што, магчыма, канчаткова не даплыў да чужога.
Тэатральны рэжысёр Аляксандр Гарцуеў падчас Кангрэсу беларускай культуры ў эміграцыі. Варшава, Польшча. 17 верасня 2023 года. (Фота: Карына Пашко / Белсат.)
Тэатральны рэжысёр Аляксандр Гарцуеў падчас Кангрэсу беларускай культуры ў эміграцыі. Варшава, Польшча. 17 верасня 2023 года. (Фота: Карына Пашко / Белсат.)
Горача дыскутуючы пра стратэгіі існавання на чужыне, акторы і рэжысёры закраналі балючыя пытанні пра тое, як знайсці сваё месца (і працу!) на «іншым беразе», як выходзіць з гета да замежнага гледача, як не губляць кантакту адно з адным.
«Радзіма – гэта не толькі межы дзяржавы. Гэта нашмат шырэй», – казаў падчас сустрэчы рэжысёр і кіраўнік фонду «TUTAKA» Павел Станкевіч.
Пра магчымасць і неабходнасць інтэгравацца ў еўрапейскі і сусветны кантэкст гаварыла з залы акторка Марына Якубовіч.
«Цалкам згодная з тым, што нам трэба развіваць сістэму менеджменту, бо маем шмат цікавых праектаў, рэжысёраў і ідэяў. І нам трэба яшчэ забыцца на тое, што мы «беларусікі», якія нікому не патрэбныя… Гэта не так. Трэба развіваць беларускія праекты, але даводзіць іх не да мясцовага пухіра, а выстаўляць на еўрапейскія і сусветныя фестывалі», – заклікала Марына Якубовіч.
«Сустрэцца, абняцца і пагаварыць»
У межах Першага Кангрэсу беларускай культуры ў эміграцыі адбыўся прагляд фрагментаў з апошніх інтэрвʼю Алеся Пушкіна, якія запісваў з мастаком журналіст Раман Шэль («Алесь Пушкін. Цытаты»).
Падчас літаратурных чытанняў свае новыя кнігі прэзентавала пісьменніца Юля Цімафеева – «Менскі дзённік: 2020–2021» і пераклад паэтычнай кнігі Іллі Камінскага «Рэспубліка глухіх» (пераклад зроблены разам з паэткай Вальжынай Морт). Альгерд Бахарэвіч чытаў свае вершы і ўрывак «пра ружовую стужку» з раману «Хлопчык і снег».
Цягам двух дзён на кангрэсе культуры працаваў кніжны кірмаш, на якім можна было набыць кніжкі іншых беларускіх і замежных аўтараў. Пасля літаратурных чытанняў адбылася аўтограф-сесія.
Юля Цімафеева падпісвае сваю новую кнігу арт-менеджарцы Ганне Чыстасердавай на Кангрэсе беларускай культуры ў эміграцыі. Варшава, Польшча. 17 верасня 2023 года. (Фота: Карына Пашко / Белсат.)
Юля Цімафеева падпісвае сваю новую кнігу арт-менеджарцы Ганне Чыстасердавай на Кангрэсе беларускай культуры ў эміграцыі. Варшава, Польшча. 17 верасня 2023 года. (Фота: Карына Пашко / Белсат.)
На апошняй панэлі форуму была створаная працоўная група для выпрацоўвання спосабаў і механізмаў паляпшэння камунікацыі і каардынацыі паміж рознымі беларускімі культурніцкімі ініцыятывамі.
Суарганізатарка кангрэсу культуры Таццяна Нядбай адзначыла ў размове з «Белсатам», што гэтая вялікая імпрэза сталася выдатнаю «магчымасцю сустрэцца, абняцца і пагаварыць». У гэтым сэнсе кангрэс выканаў сваю функцыю.


,,

«А што тычыцца адказаў на пытанні, якія ставіліся напачатку, то можна сказаць, што кангрэс запусціў інтэлектуальную працу, якая будзе нас стымуляваць і натхняць на пошукі адказаў і вынікаў», – сказала Таццяна Нядбай.


«На другім беразе». Афіша. Крыніца: gomelkino

«Кіно – гэта ідэалогія». Што там «На другім беразе»?

навіны
Паводле яе, ужо сама назва першага кангрэсу культуры разумее працяг адліку і перспектыву. Першы Кангрэс беларускай культуры ў эміграцыі прайшоў 16–17 верасня ў Цэнтры крэатыўнасці ў Варшаве. Рэгістрацыя на форум была спыненая за тры дні да пачатку ў сувязі з вялікаю колькасцю ахвочых трапіць на імпрэзу. Кангрэс наведалі сотні беларусаў у эміграцыі з розных краінаў свету. Арганізатарамі форуму выступіў Інстытут беларускай культуры «Inbelkult 2.0» пры фондзе «VOLNY CHOR».
Зміцер Міраш belsat.eu
больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10