Намеснік кіраўніка Менскага аўтазаводу Сяргей Жыліч пацвердзіў версію аб’яднання «BELPOL» пра тое, што аўтобусы прадпрыемства гараць з увагі на заходнія санкцыі. Ён сказаў выданню «Настоящее время», што, зрэшты, уведзеныя абмежаванні – толькі адна з прычынаў інцыдэнтаў.
Напачатку красавіка арганізацыя «BELPOL» паведаміла, што на загад Аляксандра Лукашэнкі чыноўнікі падрыхтавалі справаздачу пра прычыны ўзгарання аўтобусаў Менскага аўтазаводу. У дакуменце названыя тры чыннікі:
Прынамсі адну з гэтых прычынаў – санкцыі – пацвердзіў намеснік генеральнага дырэктара МАЗа Сяргей Жыліч. «У тым ліку, але гэта было на пачатковым этапе. Адна з прычынаў, адна з…», – сказаў топ-менеджар. На пытанне, якая цяпер сітуацыя, ён адказваць адмовіўся.
Акадэмічны дырэктар эканамічнага цэнтру BEROC Леў Львоўскі таксама схіляецца да думкі, што менавіта санкцыі паўплывалі на якасці менскіх аўтобусаў, калі МАЗ страціў доступ да заходніх кампанентаў:
«Яны мусілі цалкам перасабраць свой аўтобус. Можна рабіць і з кітайскімі дэталямі, уласна, кітайцы робяць свае аўтобусы. Проста патрэбна нанова прадумаць усю праводку, усю схему».
Аднак такая перазборка патрабуе часу, а на прыпыненне працы МАЗа не наважыліся.
«Тады інжынеры заводу знайшлі больш-менш падобныя дэталі, паставілі іх на месца еўрапейскіх і пачалі вырабляць. Фармальна аўтобус запускаецца, ездзіць, але, як мы бачым, часта ён ездзіць не занадта далёка», – іранізуе эканаміст.
Пад санкцыі ЕЗ беларускі вытворца трапіў улетку 2021 года ў адказ на рэпрэсіі, а таксама з увагі на прымусовую пасадку самалёта «Ryanair».
Першыя выпадкі ўзгарання аўтобусаў МАЗ адбыліся яшчэ напрыканцы 2022 года. Інцыдэнты з менскай тэхнікай фіксаваліся ў Саратаве, Казані, Пермскім краі, Салехардзе, Іжэўску, а ў Пецярбурзе аўтобусы наогул здымалі з маршрутаў праз частыя пажары.
Лукашэнка тады казаў, што прычына не ў вытворцы: маўляў, мясцовыя перавознікі не даюць рады з абслугоўваннем тэхнікі.
Паводле звестак расейскага агенцтва «АСМ-Холдинг», у першым квартале сёлета Расея купіла 226 аўтобусаў МАЗ, што на 28% ніжэй год да года. Пры гэтым агулам продаж новых аўтобусаў у суседняй краіне вырас на 24%.
Сцяпан Кубік belsat.eu