Улады хаваюць выпадкі ўзгарання тэхнікі ў Беларусі? Новыя звесткі ад журналістаў-расследавальнікаў


11 лістапада 2023 года ў расейскай Самары на маршруце загарэўся гарадскі трамвай, зроблены на заводзе «Белкамунмаш». У вагоне былі пасажыры, ніхто з іх не пацярпеў, людзі паспелі эвакуявацца.

Фота: 63.ru

Патушыць агонь уласнымі сіламі не ўдалося. Парашковая сістэма пажаратушэння, якой абсталяваны трамвай, з пажарам таксама не справілася. На месцы працавалі пажарнікі і следчыя самарскага абласнога ўпраўлення Следчага камітэту. Прычына ўзгарання высвятляецца.

Згарэлы трамвай – адзін з дванаццаці, якія ўлады Самары набылі ў сямігадовы лізінг за 1,1 млрд расейскіх рублёў, з гэтай партыі ў Самару прывезлі пакуль толькі пяць.

Раней у Расеі гарэлі пераважна аўтобусы беларускай вытворчасці. Летась у адным толькі Санкт-Пецярбурзе – мінімум шэсць аўтобусаў маркі МАЗ. 2 жніўня піцерскі «Пасажыраўтатранс» спыняў эксплуатацыю 137 мазаўскіх аўтобусаў мадэлі 203.047 «у сувязі з наяўнасцю заўваг, што патэнцыйна могуць прывесці да ўзгарання». Пазней беларускія аўтобусы змаглі вярнуцца на вуліцы Санкт-Пецярбургу. У «Пасажыраўтатрансе» каментавалі, што спецыялісты ААТ МАЗ «ажыццявілі дапрацоўванне дзейных сістэмаў і механізмаў аўтобусаў дзеля выключэння выпадкаў патэнцыйных узгаранняў».

Фота: Прэс-служба пракуратуры Санкт-Пецярбургу

Выпадкі ўзгаранняў аўтобусаў МАЗ фіксаваліся і ў Беларусі.

13 кастрычніка 2022 года на аўтадарозе пад Баранавічамі згарэў скрадзены МАЗ. Кіроўца спыніўся, толькі калі палымнеў амаль увесь салон. За дзень да гэтага ў віцебскім аўтапарку згарэлі яшчэ тры МАЗы. У красавіку 2022 года аўтобус МАЗ загарэўся на трасе Магілёў – Менск. 10 жніўня 2023 года гарэў МАЗ у Слуцку.

Паводле Альянсу расследавальнікаў Беларусі (АРБ), гэта далёка не поўны пералік здарэнняў з айчыннай тэхнікай, што загараецца падчас эксплуатацыі, а ўлады робяць захады для выключэння паведамлення пра такія негатыўныя падзеі. АРБ валодае як інфармацыяй, так і дакументамі з унутранай перапіскі МУС аб здарэннях з узгараннем не толькі аўтобусаў МАЗ, але і тэхнікі, зробленай іншымі беларускімі прадпрыемствамі.

Увечары 13 ліпеня 2020 года цалкам згарэў трактар «Беларус-3022ДЦ», які належыць КСПУП «ДраздыАгра». Пажар узнік у маторным адсеку ад замыкання электраправодкі. Што цікава, у гэтым канкрэтным выпадку трактар у момант пажару стаяў без руху на ўзбочыне аўтадарогі. На сайце «МТЗ-Холдынг» паказана, што гэты трактар прызначаны для выканання энергаёмістых сельскагаспадарчых работаў у цягавым і цягава-прывадным рэжымах у складзе шыроказахопных і камбінаваных агрэгатаў; для выканання транспартных работаў, стацыянарных работаў, у будаўніцтве і прамысловасці.

Дакумент перададзены рэдакцыі

1 кастрычніка 2020 каля вёскі Заполле Шумілінскага раёну здарыўся яшчэ адзін пажар. Агнём знішчаны маторны адсек, кабіна, два пярэднія колы трактара-форвардэра «Амкадор 266201», рэгістрацыйны нумар 8610ВВ-2, які належыць УП «Шумілінская ПМК-70». У каталогу холдынгу «Амкадор» прызначэнне такога форвардэра вызначанае гэтак: для збору, пагрузкі і транспартавання па тэрыторыі лесасек, валокі і лесавозных дарогах сартыментаў і іншых круглых лесаматэрыялаў, а таксама для выканання пагрузачна-разгрузачных работаў, аперацыяў сартавання і складавання драўніны. На ім усталёўваецца рухавік мадэлі Д-260.4s2 вытворчасці Менскага маторнага заводу.

1 траўня 2021 года ў Бешанковіцкі РАУС ад кіроўцы ЗАТ «АСБ-Агра наватар» С. Талсташова паступіла паведамленне аб узгаранні аўтобуса. На месца здарэння выехаў асабіста начальнік РАУС падпалкоўнік А. Рыбакоў. Прычына пажару: кароткае замыканне электраправодкі.

Дакумент перададзены рэдакцыі

Згарэлым аўтобусам мог быць чарговы МАЗ, бо для беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў у прыярытэтным парадку закупляецца тэхніка айчыннай вытворчасці.

У 2019 годзе Бешанковіцкая раённая газета «Зара» называла ЗАТ «АСБ-Агра Наватар» адною з найлепшых гаспадарак раёну. 11 лютага 2020 года там жа казалася, што ў гаспадарцы ёсць тэхніка ГАЗ і МАЗ, энерганасычаныя трактары МТЗ-3022 і МТЗ-3522, а таксама К-744, сеялкі «Horsch Pronto» і дыскавы глебаапрацоўчы агрэгат АД-600 «Рубін».

Гісторыі
Бакіевы-Пятровы-Саліевы. Беларуская праграма абароны дыктатараў: змена асобы без змены полу
2023.11.11 14:07

Дзякуем «Кіберпартызанам» за дапамогу ў рыхтаванні матэрыялу.

Альянс расследавальнікаў Беларусі

Падтрымаць каманду АРБ: Paypal: arb2021@protonmail.com

Bitcoin: bc1qyr365v0y6mgzljldhyfu5gx9nwemylfzzrh0zc

Стужка навінаў