Чаму насамрэч гараць МАЗы?


Ад крыварукага абслугоўвання да зламыснасці канкурэнтаў – розныя прычыны пажараў у беларускіх аўтобусах называў Лукашэнка. Пры гэтым ажно паўгода ў Беларусі вялося адмысловае засакрэчанае расследаванне. Паводле інфармацыі «BELPOL», на асабісты загад Лукашэнкі адмыслоўцы шукалі прычынаў, чаму ж гараць МАЗы. Да якіх высноваў прыйшлі? І ці ёсць выйсце для рэжыму?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Апошнім часам карцінка ахопленага агнём ці задымленага беларускага аўтобуса не рэдкасць, у тым ліку ў Расеі. Лукашэнка сцвярджаў, што гараць аўтобусы толькі ў Санкт-Пецярбурзе, і абвінавачваў у праблемах захады канкурэнтаў, а яшчэ – самых спажыўцоў, маўляў, даручылі абслугоўванне некампетэнтным спецыялістам:

«Нейкая прыватная кампанія, людзі, якія ніколі не бачылі аўтобуса, узяла на сябе абслугоўванне, а што такое абслугоўванне? Вы ведаеце, гэта трэба не толькі своечасова гайку закруціць».

У Санкт-Пецярбурзе лік узгаранняў ці задымленняў беларускіх аўтобусаў набліжаецца да дваццаці, але гараць МАЗы і ў Казані, і ў Саратаве, і ў Беразніках у Пермскім краі.

«Гэта добрыя, якасныя аўтобусы. Праўда, дзесьці гараць. А ў Беларусі, я спытаў, – у Беларусі не гараць», – так казаў Лукашэнка летась.

Але насамрэч і ў нашай краіне такія выпадкі не рэдкасць. Колькасць пажараў павялічылася пасля 21-га года, калі МАЗ трапіў пад заходнія санкцыі. Летась санкцыі ўвялі і Злучаныя Штаты. Незалежныя эксперты менавіта гэтым тлумачылі нам прычыны ўзгаранняў.

«Раней узгаранняў не было ці было менш, цяпер іх стала больш. Што змянілася паміж раней і цяпер? Тое, што яны пачалі карыстацца камплектуючымі з Расеі, Кітаю і яшчэ бог ведае адкуль», – тлумачыў у Праграме «Аб’ектыў» летась у снежні спецыяліст у міжнародных эканамічных стасунках Алесь Чайчыц.

«BELPOL» апублікаваў рэальныя прычыны пажараў у беларускіх аўтобусах. Дзве з трох сапраўды можна звязаць з санкцыямі. Гэта канструктыўныя змены ў выніку міжнародных абмежаванняў, сярод іншага – замена рухавіка з «Mersedes» на інакш сканструяваны кітайскі «Weichai». А яшчэ – нізкая эфектыўнасць расейскай сістэмы пажаратушэння.

«Санкцыі дзеюць, і гэта вельмі важна. У цяперашні час у Беларусі складваецца такая абстаноўка на прадпрыемствах, што абсталяванне робіцца ўсё горшым і магчымасці рабіць лепшае няма», – кажа прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аўтобусы МАЗ на прашпекце Незалежнасці. Менск, Беларусь, 26 чэрвеня 2021 года.
Фота: Белсат

Падобныя праблемы зʼявіліся і на іншых беларускіх прадпрыемствах, падкрэслівае «BELPOL». Але не заўсёды гэта вынік менавіта санкцыяў, мяркуе кіраўнік НАУ Павел Латушка:

«На прыкладзе МАЗу бачым, што раней перадусім ставіліся рухавікі Менскага маторнага заводу на аўтобусы МАЗ. На жаль, у сувязі з тым, што эканоміка неэфектыўная, не развівалася прадпрыемства, рухавікі Менскага маторнага заводу ўжо не ставяцца на аўтобусы МАЗ».

Трэцяя прычына, пазначаная ў расследаванні, – няякасны мантаж электраабсталявання пры зборцы аўтобусаў. Днямі «BELPOL» са спасылкаю на ўласныя крыніцы паведаміў пра тое, што праблему адсутнасці кадраў МАЗ выпраўляе пры дапамозе гастарбайтараў з Узбекістану. На прадпрыемстве ўжо сотня працаўнікоў з гэтай краіны, а чакаецца яшчэ больш.

«Сітуацыя не палепшыцца да таго часу, пакуль не палепшыцца сітуацыя з правамі чалавека, пакуль рэжым не перастане падтрымліваць агрэсію. На жаль, наўрад ці можна прагназаваць эканамічныя поспехі, нейкія змены ў эканамічнай палітыцы Беларусі», – перакананы Павел Латушка.

Толькі ў Санкт-Пецярбург МАЗ прадаў летась дзевяцьсот аўтобусаў. Прадпрыемства плануе нарасціць магутнасць, але ці вырасце пры гэтым якасць? Летась у кастрычніку Еўрапейскі суд у Люксембурзе пакінуў санкцыі супраць МАЗу ў сіле.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»