У МЗС Арменіі рэзка адрэагавалі на каментары афіцыйнага Менску


Міністэрства замежных справаў Арменіі накіравала беларускаму боку ноту пратэсту, абвінаваціўшы афіцыйны Менск ва ўмяшанні ва ўнутраныя справы краіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: total.kz

Як перадае «Арменпресс», пра гэта 14 чэрвеня паведаміла прэс-сакратар МЗС Арменіі Ані Бадалян.

«У сувязі з каментаром прэс-сакратара МЗС Беларусі, зробленым 13 чэрвеня, у прыватнасці ўмяшаннем ва ўнутраныя справы Рэспублікі Арменія, беларускаму боку была накіравана нота пратэсту.

Дадамо, што пажаданне мець кіраўнікоў, якія б думалі пра будучыню сваёй краіны, можа зыходзіць ад таго, хто сам гэтым валодае. У выпадку з Беларуссю на дадзены момант гэта сапраўды раскоша», – заявіла спікерка МЗС Арменіі.

Каментар
«Лукашэнка шукаць прабачэння не будзе». Якімі цяпер будуць стасункі Арменіі і Беларусі
2024.06.13 21:37

Дыпламатычны крызіс у стасунках паміж Арменіяй і рэжымам у Менску распачаўся пасля візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Азербайджан і заяваў армянскага прэм’ера Нікола Пашыньяна. Падчас візіту ў Азербайджан і наведвання тэрыторыяў, якія раней уваходзілі ў зону нагорна-карабахскага канфлікту, самаабвешчаны кіраўнік Беларусі назваў вайну Азербайджану за Карабах «вызваленчаю». Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян, выступаючы 12 чэрвеня ў армянскім парламенце, заявіў, што Ерэван рыхтуецца да выхаду з АДКБ, а ён сам ніколі не паедзе ў Беларусь, пакуль пасаду прэзідэнта там займае Лукашэнка.

Выданне «Politico» паведаміла, уцеклыя дакументы даюць разуменне таго, чаму Арменія пастанавіла рыхтавацца да выхаду з АДКБ: Беларусь пастаўляла Азербайджану сучаснае вайсковае абсталяванне між 2018 і 2022 гадамі. Гэта адбывалася падчас вайны Азербайджану супраць Арменіі і армянскай самаабвешчанай рэспублікі Арцах (Нагорны Карабах), якая капітулявала ў 2023-м. Пры тым, што Беларусь і Арменія – саюзнікі ў АДКБ.

13 чэрвеня стала вядома, што Арменія адклікала свайго амбасадара з Менску для кансультацыяў, Беларусь на гэта адклікала свайго амбасадара. Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз заявіў, што беларускі бок увогуле не разумее, у чым прэтэнзіі да афіцыйнага Менску, і ўсклаў адказнасць за пагаршэнне двухбаковых стасункаў на кіраўніцтва Арменіі. «Паважаем армянскі народ і шчыра жадаем яму кіраўнікоў, якія будуць сапраўды думаць аб будучыні краіны і дабрабыце людзей», – рэзюмаваў спікер МЗС Беларусі.

Hавiны
«Лукашэнка здрадзіў Арменіі, як і Украіне». Ціханоўская падтрымала Пашыньяна
2024.06.13 17:16

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў