У Кобрыне пракуратура забараніла арганізацыі дапамагаць працаўнікам сплачваць штрафы


Пракуратура Кобрынскага раёну пахвалілася спыненнем «незаконнай практыкі»: маўляў, прадпрыемства выдала сваім працаўнікам пазыку на аплату штрафу ў адміністратыўнай справе. Толькі вось практыка была законная, што прызнала і сама пракуратура. Загадалі забараніць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пракурор Кобрынскага раёну Сяргей Мяшэчка. Кобрын, Беларусь. 1 верасня 2020 года.
Фота: Kobrincity.by

«Незаконную» практыку выявілі падчас правярання адной з арганізацыяў Кобрынскага раёну: кампанія выдала работнікам безадсоткавыя пазыкі для сплаты штрафаў у адміністратыўных справах (палітычных ці не, не ўдакладняюць).

Мяркуючы з паведамлення пракуратуры, выпадкаў было некалькі, але расказваюць толькі пра адзін. Работніка арганізацыі прыцягнулі да адказнасці за «парушэнне парадку прадстаўлення звестак дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці аб дзейнасці прадпрыемства» – падобна, аштрафавалі за тое, што нясвоечасова падаў дакументы. І хоць у гэтым былі бачныя «прыкметы дысцыплінарнай правіны», працаўніку далі пазыку на аплату штрафу.

Пракуратура абурылася, калі высветліла, што выдача была прадугледжаная правіламі прадпрыемства і палажэннем аб выплаце заробкаў. І пастанавіла, што пазыка на сплату штрафу «відавочна супярэчыла мэтам адміністратыўнай адказнасці – выхаванню фізічнай асобы, якая здзейсніла адміністратыўнае правапарушэнне, а таксама папярэджанню здзяйснення магчымых новых правапарушэнняў». Чаму супярэчыла, калі чалавек атрымаў не грант, а пазыку, якую мусіў вярнуць, пракуратура не ўдакладніла.

У выніку пракуратура Кобрынскага раёну запатрабавала ў прадпрыемства ўнесці змены ў яго акты, каб выключыць выдачу працаўнікам пазыкаў на выплату штрафаў.

Сілавікі ў Беларусі абураліся і іншаю салідарнасцю з пакаранымі. Так, у студзені ў Беларусі прайшла хваля затрыманняў сваякоў палітвязняў і былых зняволеных, якія атрымлівалі харчовую дапамогу праз ініцыятыву «INeedHelpBy». Фармальна людзей судзілі не за тое, што яны пагадзіліся прыняць дапамогу ў выглядзе ежы, а за «наданне ім псеўдастатусу палітвязняў».

Hавiны
Як судзяць за «Е-дастаўку» сваякоў палітвязняў. «Вясна» апублікавала аўдыязапіс з суда
2024.02.12 16:34

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў