news
Рэпартаж
Праваабаронцы: Студзеньскі хапун – «новае дно». Але падтрымку рэпрэсаваных не спыняць
«Гэта ўжо Паўночная Карэя-lite, і баюся, каб не стала Паўночная Карэя-full».
10.02.202409:04

У варшаўскім «Беларускім модадзевым хабе» 9 лютага праваабаронцы далі вялікую прэс-канферэнцыю на тэму палітвязняў у Беларусі і дапамогі іхным сем’ям пасля хвалі затрыманняў у канцы студзеня.

23–24 студзеня па па ўсёй Беларусі супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бяспекі ўчынілі масавыя ператрусы, допыты і затрыманні сваякоў і блізкіх палітвязняў, а таксама былых палітзняволеных, якія нядаўна выйшлі з месцаў зняволення і заставаліся жыць у краіне. Рэпрэсіі ў гэтай справе працягваліся і на бягучым тыдні. Імаверна, найчасцейшая цэль рэпрэсіяў – тыя, хто атрымліваў харчовую дапамогу праз ініцыятыву «INeedHelpBy».

Праваабаронцы прааналізавалі хвалю рэпрэсіяў і паабяцалі не спыняць дапамогі людзям у Беларусі, а таксама пераглядзець свае пратаколы бяспекі, каб надаваць дапамогу з меншымі рызыкамі. У прэс-канферэнцыі ўзялі ўдзел сузаснавальнік «DissidentBy» Вячаслаў Касінераў, праваабаронца «Вясны» Яна Галаган, кіраўнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак, прадстаўніца фонду «Краіна для жыцця» Вольга Зазулінская, сузаснавальнік фондаў «BYSOL» і «By_help» Аляксей Лявончык і прадстаўніца ініцыятывы «Хрысціянская візія» Наталля Гарковіч.

Сотні затрыманых, дзясяткі абвінавачаных

Касінераў назваў нядаўнюю хвалю затрыманняў «крызісам 23–24 лютага» і «новым дном»: грамадства сутыкнулася з новым выклікам, калі масава затрымлівалі проста за тое, што людзі атрымлівалі ці надавалі дапамогу.

Вячаслаў Касінераў і Яна Галаган. Прэс-канферэнцыя па тэме палітвязняў і дапамогі іх сем’яў. Варшава, Польшча. 9 лютага 2024 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Галоўнае, што расказалі на прэс-канферэнцыі:

• Затрымалі не менш як 229 чалавек – гэта толькі тыя, пра каго праваабаронцы ведаюць дакладна. Агульная колькасць пацярпелых можа дасягаць і сямі сотняў.

• Супраць 24 з іх распачалі крымінальныя справы паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў.

• Па затрыманых працавалі 174 следчыя – выглядае, што аблаву рыхтавалі не тыдзень і не месяц.

• З’явілася новая практыка пакарання паводле адміністратыўнага артыкулу 24.15 («Парушэнне заканадаўства аб замежнай бязвыплатнай дапамозе»).

• Людзей каралі не толькі штрафамі, але і трымалі ў жудасных умовах у ізалятарах і на допытах, супраць некаторых ужывалі фізічны гвалт.

• Калі дапамога была харчамі, сілавікі не маглі канфіскаваць з’едзенае, таму вырашылі патрабаваць грашовы эквівалент дапамогі, пры тым сумы завышалі ў разы.

• Незаконныя «выкупы» за ахвяраванні фондам салідарнасці патрабуюць ужо не толькі пераводамі на «дабрачыннасць», а і проста наяўнымі грашыма.

• У затрыманых таксама адбіралі тэлефоны – і ўжо выкарыстоўваюць гэтыя тэлефоны для выкрыцця каналаў працы праваабаронцаў, таму тыя наноў верыфікуюць людзей, якія просяць аб дапамозе.

• Вядомыя выпадкі, калі ў час ператрусу ў чалавека нічога не знаходзілі, але адбіралі тэлефон, падпісвалі чалавека на бот «INeedHelpBy» і выкарыстоўвалі гэта як «доказ» для пераследу.

• Колькасць запытаў на эвакуацыю з Беларусі тых, хто трапіў пад палітычны пераслед, дасягнулі піку, пасля хвалі затрыманняў вырасла ўтрая.

• Дапамогу сем’ям палітвязняў пакуль прыпынілі, каб вызначыць бяспечныя механізмы, пераглядзець пратаколы бяспекі і верыфікацыі запытаў. Але дапамогу агулам не спыняць.

Як выбіралі ахвяраў гэтай хвалі

Лявончык падкрэсліў, што атака была на саму сістэму гарызантальнай салідарнасці, а не проста на «INeedHelpBy» і ці «Е-дастаўку», праз якую ініцыятыва высылала прадукты рэпрэсаваным і іх сем’ям. Магчыма, у спіс для рэпрэсіяў дадавалі і тых, каму дастаўку прадуктаў аплочвалі з-за мяжы. Арыштоўвалі і тых, хто пісаў лісты ў турмы або высылаў грошы зняволеным. Галаган дадала: хваля рэпрэсіяў закранула і тых, хто быў на «хіміі» і «хатняй хіміі» (абмежаванне волі адпаведна з накіраваннем і без накіравання ў папраўчую ўстанову) – ужо пакараных зноў затрымлівалі і судзілі па адміністрацыйных справах.

Вольга Зазулінская і Аляксей Лявончык. Прэс-канферэнцыя па тэме палітвязняў і дапамогі іх сем’яў. Варшава, Польшча. 9 лютага 2024 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

На думку Лявончыка, найбольш імаверная схема выбару ахвяраў была такой: сілавікі проста скамбінавалі адрасы «Е-дастаўкі» з адрасамі палітвязняў і іхных сем’яў. Магчыма, так спрабавалі выйсці на іншыя каналы дапамогі, бо раз чалавек звяртаўся па харчовую дапамогу, мог звяртацца і па іншую. Атака прыйшлася па тых, хто быў у самым уразлівым становішчы – па харчовую дапамогу звярталіся тыя, у каго зусім не было грошай.

Зазулінская расказала, што вядомыя і выпадкі, калі прыходзілі і да ніяк не звязаных з пратэстамі, у тым ліку да пажылых людзей, якім куплялі прадукты дзеці-эмігранты. Такім чынам затрымалі адну 82-гадовую жанчыну, якую на допыце давялі да шпіталізацыі, расказала Зазулінская. Па звестках Галаган, агулам пасля допытаў трапілі ў лякарню два чалавекі.

На думку Стрыжака, такую атаку зладзілі, бо раней спрабавалі ламаць каналы надання дапамогі – і гэта не выйшла, таму пайшлі па тых, хто дапамогу атрымлівае.

Мэта была застрашыць, а атрымалася наадварот

Мэтай хвалі затрыманняў, паводле Лявончыка, было максімальна застрашыць, каб беларусы не дапамагалі адно аднаму. Ды мэты, кажа Лявончык, не дасягнулі, а атрымалі адваротны эфект: колькасць заявак на кампенсацыю прававых выдаткаў толькі вырасла, хоць праваабаронцы чакалі, што пасля хапуну людзі будуць баяцца прасіць дапамагчы ім.

Сродкі на дапамогу ёсць, заспакоіў Лявончык, як і актывісты на тэрыторыі Беларусі, якія дапамогу перадаюць. Зазулінская заклікала звяртацца па юрыдыдчныя кансультацыі ў «Вясну» і «Краіну для жыцця», бо адміністратыўнае пакаранне можна абскардзіць, нават калі здаецца, што ў Беларусі «законаў няма». А Галаган прасіла камунікаваць з праваабаронцамі ў тым ліку каб тыя маглі расказаць замежнікам, што рэпрэсіі ў Беларусі не спыніліся.

Касінераў жа заўважыў: «Кожнае дзеянне нараджае супрацьдзеянне». Праваабаронцы яднаюцца і ўжо знаходзяць згоду там, дзе раней не знаходзілі, вучацца дзейнічаць больш гнутка.

Агляд
Як бяспечна і небяспечна падтрымліваць пацярпелых ад рэпрэсіяў
2024.01.24 18:14

Новыя формы рэпрэсіяў – таксама супраць вернікаў

Гарковіч нагадала, што вернікі (і нават дзясяткі святароў) і раней траплялі пад палітычны пераслед, што людзям у ізалятарах і калоніях адмаўлялі ў наведванні святароў і адбіралі рэлігійную літаратуру.

Наталля Гарковіч. Прэс-канферэнцыя па тэме палітвязняў і дапамогі іх сем’яў. Варшава, Польшча. 9 лютага 2024 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

А цяпер з’явілася новая пагроза: нядаўняе абнаўленне закону «Аб свабодзе сумлення і рэлігіі» прадугледжвае перарэгістрацыю рэлігійных арганізацыяў, што дасць магчымасць пазбавіць рэгістрацыі нелаяльных. Паводле Гарковіч, святароў ужо выклікалі ў ідэалагічныя аддзелы і пад выглядам тлумачэнняў новага закону пагражалі адміністратыўным і крымінальным пераследам.

Сілавікі толькі робяць выгляд, што ўсё ведаюць

Касінераў адзначыў, што сілавікі толькі робяць выгляд, што «ім усё вядома», калі прыходзяць па людзей. Але праваабаронцы прааналізавалі нядаўнюю хвалю рэпрэсіяў і прыйшлі да высновы, што новых звестак сілавікі не здабылі – проста ўчынілі масавыя затрыманні.

Стражак і іншыя выступоўцы казалі, што ўцечак базаў звестак ад праваабаронцаў не было, а паказаныя па дзяржаўнай тэлевізіі табліцы не адпавядаюць базам звестак. Паводле Стрыжака, «падполле сыходзіць усё глыбей», удасканальвае сістэмы бяспекі і працуе на ўзроўні банкаўскай таямніцы, а таксама па-ранейшаму атрымлівае інфармацыю ад дзейных сілавікоў.

Андрэй Стрыжак. Прэс-канферэнцыя па тэме палітвязняў і дапамогі іх сем’яў. На здымку – Андрэй Стрыжак, прадстаўнік BYSOL. Варшава, Польшча. 9 лютага 2024 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Зазулінская разважала: сістэма рэпрэсіяў выбудаваная на тым, што людзям не задаюць пытанні, а агучваюць сцверджанні аб вінаватасці. Ад ціску і раптоўнасці (а аблавы пачынаюцца а 5-й раніцы) людзі проста губляюцца. Паводле Зазулінскай, 80% інфармацыі сілавікі атрымліваюць з тэлефонаў тых, каго затрымліваюць.

Лявончык дадаў, што карыстаецца прынцыпам кластарызацыі доступу да інфармацыі: нават калі чальца «By_help» затрымаюць (а такое было апошні раз у пачатку 2021 года), той зможа выдаць толькі невялікую колькасць людзей. Паводле яго, пасля кожнай аблавы актывісты аналізуюць звесткі, адаптуюцца і «зацягваюць» пратаколы бяспекі.

Адна са слухачак прэс-канферэнцыі нагадала пра артыкул 27 Канстытуцыі Беларусі: чалавек мае права не даваць паказанні супраць сябе і сваякоў. Гэта часта працуе, калі стаяць на сваім, казала яна: калі пагражаюць, што «будзем размаўляць на судзе», можна проста пагадзіцца, але не абгаворваць сябе і блізкіх.

Усім дапамагчы не змогуць, бо парушаюцца правы мільёнаў

На прэс-канферэнцыі гучалі пытанні адносна тых, хто не падпадае пад азначэнне «палітвязень» або не можа даказаць палітычны характар пераследу: садзіць могуць і па эканамічных артыкулах, але з палітычных прычынаў.

Лявончык расказаў, што ягоныя фонды за тры гады не адмовілі ніводнай заяўцы, якая адпавядала фармальным крытэрам. І гэтыя крытэры трактуюць дастаткова шырока: калі ёсць за што «зачапіцца», каб даказаць, што пераслед быў палітычным, то дапамагаюць.

Ён нагадаў пра крымінальную справу супраць рэдактараў «Нашай нівы» – відавочна палітычную, хоць і распачатую нібыта за «нясплату камуналкі». Праваабаронцы адаптуюць свае пратаколы пад новыя віды рэпрэсіяў, запэўніў Лявончык. Гэта пацвердзіла Галаган: так, у лік палітвязняў залічваюць ужо і тых, хто праз цыклічныя «перазатрыманні» месяцамі быў пад адміністратыўным арыштам.

Прэс-канферэнцыя па тэме палітвязняў і дапамогі іх сем’яў. Варшава, Польшча. 9 лютага 2024 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Але адна толькі праграма рэабілітацыі палітвязняў вымагае сямізначныя сумы, заўважыў Лявончык: «Вымушаныя быць вузкімі, каб быць эфектыўнымі». Стрыжак жа казаў, што ў Беларусі парушаюцца правы мільёнаў людзей – такое можна выправіць толькі на дзяржаўным узроўні, гэта шырэй за магчымасці грамадзянскай супольнасці. Таму актывісты і праваабаронцы засяроджваюцца на тых, каму могуць дапамагчы.

Стрыжак таксама падказаў: розныя краіны маюць розныя крытэры для надання міжнароднай абароны, а тая ж Польшча даволі шырока трактуе панятак «палітычны пераслед». А рэпрэсаваныя могуць распачынаць праз «BYSOL» персанальныя зборы нават у нетыповых выпадках – напрыклад, калі ўцекачоў-пенсіянераў пазбаўляюць пенсіяў на радзіме.

Зазулінская ж нагадала пра праект «акту справядлівасці» офісу Святланы Ціханоўскай на пераходны перыяд пасля змены ўлады: там ёсць і градацыя рэпрэсаваных паводле розных катэгорыяў, і механізмы рэабілітацыі – і не толькі тых, хто прабыў пад арыштам хоць адзін дзень, а нават дзяцей палітычных уцекачоў.

Разбор
Як кампенсаваць беларусам рэпрэсіі і дзе на тое ўзяць грошы. Глядзім праект Офісу Ціханоўскай
2023.09.25 19:21

Як замежнікі могуць дапамагчы беларусам

На прэс-канферэнцыю прыйшла і польская актывістка Эва Галушка – яна была яшчэ ў камуністычныя часы ў руху «Solidarność», была палітычнай зняволенай у пачатку 1980-х. Галушка пытала, чым могуць дапамагчы беларусам польскія ўлады і актывісты.

Стрыжак заўважыў, што частка адказу залежыць не ад праваабаронцаў, а ад уладаў Польшчы. Пакуль пасля выбараў у Польшчы ідзе трансфер улады, узнікаюць розныя праблемы, як то з выдачай візаў, і Стрыжак спадзяецца на іх найхутчэйшае вырашэнне. Няўрадавыя ж арганізацыі могуць аказваць інфармацыйную падтрымку зборам і кампаніям беларусаў, а таксама даносіць, што беларусы пакідаюць радзіму не проста таму, што хочуць зарабіць, а таму, што не могуць вярнуцца.

Зазулінская адзначыла, што ёсць цяжкасці з атрыманнем еўрапейскіх візаў для тых, хто эвакуяваўся ў бязвізавую Грузію: пры звароце па польскую візу такім адказваюць, што «Грузія – бяспечная краіна», што не зусім праўда для беларусаў. Таксама ёсць праблема падтрымкі дзяцей палітвязняў і палітычных эмігрантаў: некаторыя патрабуюць лекавання, праблемы – ад расстройстваў аўтычнага спектру да анкалогіі і спінальнай цяглічнай атрафіі.

Разбор
Адкуль могуць дэпартаваць і экстрадаваць у Беларусь на палітычны запыт, а дзе бяспечна
2024.02.04 14:00

Спікер Беларускай асацыяцыі палітвязняў «Да волі» Алег Кулеша расказаў, што якраз з 23-га студзеня праект візавай падтрымкі «Зямля» запрацаваў, візы магчыма атрымаць. Але ён наракаў на тое, што менскі кансулят робіць візу ад 3 да 5 дзён, берасцейскага – да 14 дзён, а пакідаць Беларусь трэба хутчэй, калі ёсць пагроза палітычнага пераследу. Ён таксама згадаў пра праблему з візамі ў Грузіі – людзі там «трапляюць у пастку».

Лявончык падкрэсліў, што візы – важная тэма, бо на эвакуацыю чалавека з Беларусі ёсць у лепшым выпадку дзень, і калі не паспець, чалавека могуць пасадзіць на многія гады. Улады іншых краінаў, працягнуў ён, могуць дапамагчы санкцыямі, бо Аляксандр Лукашэнка «разумее толькі сілу», а сіла для Лукашэнкі – грошы. Калі Лукашэнка перастане зарабляць на транзіце тавараў, сілу пачуе.

Кулеша ж нагадаў, што на ўласныя вочы бачыў, як рукамі палітвязняў робяць і скрынкі для ўзбраенняў расейскай арміі, і вагоны для «Беларуськалію», і гранулы для топкі печаў, якія потым прадаваліся ў Польшчы.

Таксама Лявончык адзначыў, што цяперашні пагром грамадзянскай супольнасці ў Беларусі куды мацнейшы за той, што быў у Польшчы ў часы «Solidarności»: «Гэта ўжо Паўночная Карэя-lite, і баюся, каб не стала Паўночная Карэя-full».

Разбор
Як з’ехаць з Беларусі «непалітычным» эмігрантам
2024.02.06 07:10

Алесь Наваборскі belsat.eu