«Прыходзілі, выпытвалі». Сілавікі не пакідаюць у спакоі сваякоў затрыманых за перадачы палітвязням


23 студзеня па ўсёй Беларусі адбыліся масавыя затрыманні і ператрусы. Прыйшлі пераважна да сваякоў палітвязняў і асобаў, якія ім дапамагалі. Радыё «Свабода» апавядае, што цяпер вядома наконт гэтай справы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рукі нобэлеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага ў судзе.
Фота: sb.by

Паводле праваабаронцаў «Вясны», з 23 студзеня 2024 года пад масавыя затрыманні трапілі больш за 200 чалавек. Большасць з іх – за атрыманне дапамогі праз гуманітарны праект «IneedHelpBy». Гэта ініцыятыва беларусаў замежжа, якія дапамагалі сваякам рэпрэсаваных прадуктамі.

На волю пасля допытаў і ператрусаў выйшлі не ўсе. Паводле праваабаронцаў, на некаторых затрыманых завялі крымінальныя справы паводле артыкулаў 361-1 Крымінальнага кодэксу РБ («Удзел у экстрэмісцкім фармаванні») і 361-4 («Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці»). Некаторых асудзілі паводле адміністратыўных артыкулаў.

Прынамсі ў некалькіх выпадках на асобаў, якія дапамагалі з перадачамі ў месцы зняволення, сілавікі завялі крымінальныя справы за фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361-2 КК).

Паводле крыніцы радыё «Свабода», пракуратура рассылае лісты асобам, якія дапамагалі з перадачамі, у якіх пагражае крымінальнай адказнасцю. У адным з такіх лістоў прадстаўнік пракуратуры піша:

«Устаноўлена, што ў 2021–2023 гадах вы перадавалі перадачы ў СІЗА асобам, абвінавачаным паводле артыкулаў у тым ліку за экстрэмісцкую дзейнасць, артыкул 361-1». Таксама ліст змяшчае папярэджанне пра крымінальную адказнасць за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці».

Hавiны
Супрацоўнікі міліцыі пайшлі па кватэрах актывістаў у Менску. Прымушаюць падпісваць папярэджанні
2024.01.28 14:03

Сілавікі не пакідаюць у спакоі і сваякоў тых, каго затрымалі 23 студзеня, адзначылі крыніцы ў размове з журналістам радыё «Свабода»:

«Майго сябра затрымалі 23 студзеня, далі 15 содняў нібыта за нейкую спасылку на экстрэмізм. Цяпер міліцыя чэпіцца да мяне. Прыходзілі, выпытвалі, ці ён атрымліваў дапамогу ад фондаў, за што мы ўвогуле жывём. Паводзілі сябе вельмі нахабна, пагражалі і мне таксама».

Праваабаронца Леанід Судаленка кажа, што сённяшнія дзеянні ўлады супярэчаць Грамадзянскаму кодэксу Беларусі, а менавіта – артыкулу аб ахвяраваннях:

«Але ж мы бачым, што цяпер яны дзеюць не паводле закону, а паводле мэтазгоднасці. А мэта адна – любою цаною здушыць салідарнасць. Я ў турме перачытаў Салжаніцына. Там быў эпізод, як рабацягу з маскоўскага заводу на 10 гадоў у лагер адправілі. А калі ягоныя калегі жонцы з трыма дзецьмі хто крупамі, хто капейкамі сабралі дапамогу, іх таксама залічылі ў ворагі народу. На жаль, нашая ўлюбёная краіна скочваецца ў найгоршыя практыкі сталінскіх рэпрэсіяў».

Агляд
Як бяспечна і небяспечна падтрымліваць пацярпелых ад рэпрэсіяў
2024.01.24 18:14

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў