news
Разбор
Як з’ехаць з Беларусі «непалітычным» эмігрантам
Куды можна з’ехаць без візы, якія ёсць спосабы эміграцыі і дзе будзе бяспечна.
06.02.202407:10

З Беларусі з’язджаюць тысячы людзей. Шмат хто з іх баіцца палітычнага пераследу, але не мае доказаў таго, што рэпрэсіі пагражаюць ім наўпрост. Расказваем, што варта ведаць, калі трэба з’ехаць у бяспеку, а гуманітарнай візы не атрымаць.

Колькі дакладна чалавек з’ехала з Беларусі, напрыклад, пасля выбараў-2020 або пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, невядома. Тым больш невядома, колькі з іх палітычныя эмігранты, а колькі – эканамічныя. Сілавікі называюць розныя лічбы, ад 200 тысячаў чалавек, якія пакінулі Беларусь з розных прычынаў за 2021–2022 гады, да 350 тысячаў чалавек, якія з’ехалі праз пагрозу палітычнага пераследу станам на кастрычнік-2023.

Незалежныя ацэнкі – толькі прыблізныя. Як тлумачыў сацыёлаг Генадзь Коршунаў, дакладныя лічбы назваць складана, бо колькасць выдадзеных візаў не роўная колькасці тых, хто эміграваў; бо эмігруюць і ў краіны, куды не трэба віза; бо эміграваць могуць праз адну краіну ў іншую… Дакладна можна сказаць, што Беларусь губляе працоўныя рукі, у асноўным – высокакваліфікаваных спецыялістаў.

Пасадзіць у Беларусі могуць каго заўгодна: і таго, хто спеў няправільную песню, і таго, хто верна служыў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Але для атрымання гуманітарнай візы патрэбныя доказы пераследу – а яны ёсць не ўва ўсіх, каму пагражаюць рэпрэсіі. І з выдачай гуманітарных візаў у Польшчу на момант публікацыі ёсць часовыя праблемы.

У экстранных выпадках палітычным уцекачам дапамагае «служба эвакуацыі» фонду «BYSOL». А што рабіць, калі выпадак не экстранны і не «відавочна палітычны»?

Куды можна з’ехаць без візаў

Самы просты і хуткі варыянт – з’ехаць у краіну, дзе без візы можна жыць працяглы ці неабмежаваны час.

Зусім без абмежаванняў у часе грамадзянам Беларусі можна быць без візы ў Расеі, Таджыкістане і Узбекістане – трэба толькі рэгістравацца там праз, адпаведна, 90 дзён, 10 працоўных дзён і 3 працоўныя дні. Да Расеі можна дабрацца і аўтобусам, і самалётам, ва Узбекістан ёсць наўпроставыя авіярэйсы з Менску, а ў Таджыкістан ляцець хіба з перасадкай у Расеі.

Разбор
Куды беларусы могуць надоўга з’ехаць без візы? Казахстан змяніў правілы бязвізавага ўезду
2023.01.20 19:10

Амаль без абмежаванняў можна быць без візы ў Грузіі і Кыргызстане. Толькі з Грузіі раз на год трэба рабіць «візаран» – выязджаць у іншую краіну і вяртацца, каб «абнуліць» тэрмін побыту без візы. У Грузію па-ранейшаму ёсць наўпроставыя авіярэйсы з Беларусі.

Кыргызстан нядаўна забараніў «візаран» і цяпер дае грамадзянам Беларусі толькі кароткатэрміновы «бязвіз»: 30 дзён без рэгістрацыі паводле месца жыхарства за адну паездку і максімум 90 дзён у 180-дзённы перыяд, але калі зарэгістравацца паводле месца жыхарства, гэтыя абмежаванні не дзеюць. Рэгістрацыю даюць максімум на паўгода, для працягу рэгістрацыі могуць спытаць пра мэты побыту, але такой мэтай можа быць працоўны кантракт. На момант публікацыі практыка ўжывання новых правілаў да канца не зразумелая, але выглядае, што Кыргызстан застанецца краінай, куды беларусы могуць эміграваць амаль без праблемаў – калі не лічыць, што ляцець туды далёка і з перасадкамі.

Кыргызстан
Сцяг Кыргызстану і помнік герою кіргізскага эпасу Манасу. Бішкек, Кыргызстан. 12 студзеня 2015 года.
Фота: Dan Lundberg / Flickr, CC BY-SA 2.0

На кароткі час грамадзяне Беларусі могуць трапіць без візы ў шматлікія краіны: Арменію (да 180 дзён на год) ці Азербайджан (да 90 дзён на год), Малдову, Ізраіль ці Аб’яднаныя Арабскія Эміраты (да 90 дзён на 180-дзённы перыяд), Албанію ці Турэччыну (да 30 дзён за раз і да 90 дзён на год) і гэтак далей. Аднак трэба ўлічваць, што ў тыя ж Албанію ці Малдову ляцець давядзецца доўгім шляхам і з перасадкамі.

Кароткатэрміновыя бязвізавыя варыянты можна скарыстаць, каб падумаць, што рабіць далей – дзе знайсці працу або дапамогу, дзе будзе бяспечна.

Інфаграфіка
Куды можна паехаць без візы з беларускім пашпартам? Мапа
2024.01.18 11:31

Куды з’язджаць бяспечна

Найбольш бяспечна для палітычнага эмігранта ў тых краінах, якія не сябруюць з Лукашэнкам, не прызнаюць ягонага рэжыму і не стануць экстрадаваць чалавека, якому на радзіме пагражае небяспека. Гэта амаль уся Еўропа, Злучаныя Штаты, Канада, Аўстралія, Новая Зеландыя. Найбольш небяспечна – у тых, якія сябруюць, прызнаюць і экстрадуюць.

Тое ж тычыцца «непалітычнага» эмігранта, які, тым не менш, з’язджае ад патэнцыйных рэпрэсіяў. Праўда, абсалютная большасць «не-сяброў» Лукашэнкі не пусціць да сябе без візы.

Пра пагрозу дэпартацыі і экстрадыцыі з розных краінаў «Белсату» расказваў адвакат Алесь Міхалевіч у разборы праз спасылку ніжэй.

Разбор
Адкуль могуць дэпартаваць і экстрадаваць у Беларусь на палітычны запыт, а дзе бяспечна
2024.02.04 14:00

Найбольш бяспечны варыянт з доўгіх бязвізавых – Грузія. Яна не выдае Беларусі палітычных уцекачоў, але былі выпадкі выдачы тых, хто ўхіляўся ад набору ў войска. Да таго ж, у Грузіі могуць узнікнуць праблемы з атрыманнем статусу ўцекача або польскай гуманітарнай візы, калі такія ўсё ж спатрэбяцца. Але гэта ўсё адно больш бяспечна за краіны АДКБ ці СНД, з якіх нельга выключаць палітычнай дэпартацыі.

Як перавалачны пункт можна разглядаць не самыя бяспечныя краіны, напрыклад, Турэччыну, бо туды можна без візы прыляцець наўпроставым рэйсам з Беларусі і за 30 бязвізавых дзён вызначыцца, што рабіць далей.

Турэччына
Стамбул, Турэччына. 14 красавіка 2015 года.
Фота: Jimmy Baikovicius / Flickr, CC BY-SA 2.0

Хоць Турэччыну можна назваць «сябрам» Лукашэнкі, імавернасць палітычнай экстрадыцыі адтуль ніжэйшая, чым з Азербайджану, Арменіі ці Узбекістану. Да таго ж, Арменія баіцца магчымага нападу Азербайджану пасля перамогі апошняга ў Нагорным Карабаху.

Расея ж небяспечная і таму, што цесна супрацоўнічае са спецслужбамі Лукашэнкі, і таму, што вядзе захопніцкую вайну супраць Украіны (на якую, дарэчы, вярбуе мігрантаў з іншых краінаў). Нават для «непалітычнага» мігранта Расею варта разглядаць хіба як перавалачны пункт, калі лепшых варыянтаў няма.

Hавiны
Тайланд вызваліў усіх удзельнікаў гурту «Би-2». Яны вылецелі ў Ізраіль
2024.01.31 21:23

Можна знайсці працу і легалізавацца праз яе

Парады для пошуку працы і легалізацыі праз працу для кожнай краіны розныя.

Адна агульная парада – памятаць, што бываюць махляры і несумленныя працадаўцы, не пагаджацца на нелегальную працу, а перад працаўладкаваннем цікавіцца мясцовымі законамі, парадамі праваабаронцаў і досведам іншых эмігрантаў.

Будоўля
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Будоўля ў Катавіцах, Польшча. 6 жніўня 2012 года.
Фота: Kris Duda / Flickr, CC BY 2.0

Але ёсць працадаўцы, гатовыя ўзяць да сябе замежнікаў і дапамагчы ім з легалізацыяй. Напрыклад, магчыма з тэрыторыі Беларусі знайсці працу ў Польшчы, пры якой аб візе паклапоціцца працадаўца. «Белсат» расказваў, як можна адшукаць працу ў Польшчы і як не трапіць на махляроў.

Толькі трэба ўлічваць, што ў Польшчу ад вайны ўцякло нямала ўкраінцаў, а значыць, прыехала шмат працоўных рук. Польшча нядаўна зрабіла візавыя правілы больш жорсткімі, але атрымаць працоўную візу ўсё яшчэ магчыма – і не толькі для айцішнікаў.

Разбор
Як з Беларусі з’ехаць працаваць у Польшчу: што трэба ведаць і колькі заплаціць
2023.03.07 07:00

Каго спытаць пра пераезд

Найпрасцейшы варыянт – спытаць парады ў чатах беларускіх эмігрантаў. Знайсці адпаведны Telegram-чат можна на сайце Dze.chat. Яшчэ можна пашукаць суполкі эмігрантаў на Facebook, а ў экстранных выпадках звярнуцца да Народнай амбасады, калі такая ёсць у адпаведнай краіне.

Ды трэба ўлічваць, што на пытанні кшталту «як знайсці працу ў ЗША» або «ці проста знайсці працу ў Польшчы» могуць быць самыя розныя адказы ў залежнасці ад кваліфікацыі таго, каму пытанне адрасаванае, ад канкрэтнага гораду, у якім чалавек шукаў працу, ад ведання мовы і шмат чаго яшчэ. Таму ў чатах і суполках лепш фармуляваць пытанні больш дакладна, напрыклад: «Я маю такую кваліфікацыю і ўмею вось што, валодаю такімі мовамі, разглядаю пераезд у гэтую краіну, магчыма, у гэты горад. Дзе і як параіце шукаць працу? Дзе лепш шукаць жытло? Ці ёсць тут арганізацыі, якія даюць кансультацыі беларускім эмігрантам?»

Таксама можна пачытаць ужо апублікаваныя рэкамендацыі аб пераездзе і адаптацыі ад фонду «BYSOL» або папрасіць аб кансультацыі ў гарачай лініі «BYSOL» (@help_bysol у Telegram).

Шмат інфармацыі пра Польшчу сабраў былы журналіст «Белсату» Зміцер Ягораў у Telegram-боце @BelPolska_bot. Аналагічных ботаў для іншых краінаў няма, але магчыма, што дыяспары іншых краінаў ужо сабралі некаторыя парады ў адным месцы, напрыклад, у адным паведамленні чату ці суполкі або ў файле, якім дзеляцца з навічкамі.

Аналітыка
«Напішы на паперцы «дурні» і спалі яе». Разбіраемся ў спрэчках эмігрантаў і тых, хто застаўся ў Беларусі
2024.01.13 07:20

Як яшчэ можна з’ехаць і легалізавацца

Проста з’ехаць у Еўропу на кароткі час можна і паводле турыстычнай візы, хай яна і не дае дазволу на працу або права на від на жыхарства. Затое можна або пабыць пэўны час у бяспечнай краіне, або прыглядзецца да магчымага новага месца жыхарства. Шэнгенскія візы ў Беларусі па-ранейшаму выдаюць, хаця чэргі могуць быць доўгімі, а ў візе могуць і адмовіць. Прыблізную статыстыку адмоваў збірае сайт Visastat.me.

З’ехаць можна таксама праз паступленне ў замежную навучальную ўстанову, адкрыццё бізнесу за мяжой, шлюб з замежным грамадзянінам, праграмы падтрымання талентаў, інвестыцыі ў эканоміку краіны і іншыя шляхі, складаныя для большасці, але лёгкія для некаторых.

Шэраг краінаў мае палёгкі ў выдачы відаў на жыхарства пры пэўных умовах, выключныя падставы для выдачы спецыяльных ВНЖ. Да нядаўняга часу Польшча прапаноўвала спрошчаны пераезд IT-спецыялістам у межах праграмы «Poland.Business Harbour». З 26 студзеня 2024 года праграму прыпынілі. Але ў іншых краінах можа знайсціся іншы варыянт спецыяльнай легалізацыі – напрыклад, візы для медыкаў і сацыяльных працаўнікоў у Злучанае Каралеўства. Пры жаданні пераехаць у канкрэтную краіну варта вывучыць, якія варыянты легалізацыі яна прапаноўвае, а пры наяўнасці канкрэтнай кваліфікацыі – дзе чакаюць такіх спецыялістаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Святкаванне Дня волі ў Варшаве, Польшча. 25 сакавіка 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

А яшчэ шмат якія краіны даюць палёгкі ў эміграцыі суродзічам – прадстаўнікам сваіх нацыянальных меншасцяў за мяжой. Некаторыя маюць праграмы рэпатрыяцыі – вяртання на гістарычную радзіму для людзей свайго паходжання (як Ізраіль для людзей габрэйскага паходжання).

У Беларусі нямала людзей могуць знайсці ў сябе польскія карані і атрымаць карту паляка, якая дае права на доўгатэрміновую нацыянальную візу і працу ў Польшчы. Але трэба ўлічваць, што ў Беларусі сілавікі пачалі ціснуць на ўладальнікаў карты паляка, і памятаць, што падробка дакументаў на карту паляка – злачынства, за якое могуць пакараць пазбаўленнем волі.

Інфаграфіка
Хто Лукашэнку сябра, а хто не. Мапа
2023.10.27 15:27

Алесь Наваборскі belsat.eu