«Жывяце ў бяспечнай краіне». Сям’і беларусаў, што ўцякла ў Грузію, адмовілі ў польскай гуманітарнай візе


Беларуска Кацярына (імя змененае на жаданне гераіні матэрыялу) разам з сям’ёй увосень 2023 года ўцякла ў Грузію пасля таго, як яе з мужам выклікалі ў КДБ за данаты на карысць фонду BYSOL ды іншых дэмакратычных ініцыятываў. Амаль адразу сям’я звярнулася ў амбасаду Польшчы ў Тбілісі ды падала хадайніцтва аб гуманітарных візах. Праз тры дні прыйшла адмова з фармулёўкай: «Людзі, якія прыехалі ў Грузію, перабываюць у бяспечнай краіне». Мы пагутарылі з Кацярынай, а таксама запыталіся праваабаронцу, што рабіць беларусам у падобных сітуацыях. 

Калаж мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Аліса Ганчар / Белсат

«Прымусілі напісаць яўку з павіннай і аплаціць грошы на карысць установы аховы здароўя»

Кацярына распавядае, што ў 2020 годзе яны з мужам удзельнічалі ў мірных маршах, аднак некаторы час, нягледзячы на ўзмацненне рэпрэсіяў па ўсёй краіне, працягвалі спакойна жыць у Беларусі. Усё змянілася на пачатку верасня гэтага года, калі Кацярыну выклікалі ў КДБ.

«Мне паказалі, што ў іх ёсць звесткі пра ўсе мае плацяжы з беларускіх картак у фонды BySol, By_Help, іншыя ініцыятывы. Настойвалі, каб я напісала яўку з павіннай і аплаціла грошы на карысць установаў аховы здароўя. Я пагадзілася, бо былі пагрозы, што будуць правяраць цалкам усё – і відэа, і білінгі. Я перажывала, што знойдуць, што я ўдзельнічала ў маршах».

Кацярына спадзявалася, што на гэтым усё скончыцца, аднак напрыканцы верасня ў тым жа пытанні выклікалі ейнага мужа. Ён таксама напісаў яўку з павіннай, прызнаўся, што пералічваў грошы.

«Супакоіцца мы ўжо не маглі. Перажывалі, што знойдуць яшчэ іншыя аплаты, факты падтрымання дэмакратычных ініцыятываў, а таксама нашую перапіску праз смс у жніўні 2020 года – тады не было інтэрнэту, і мы размаўлялі праз смс, і там пісалі, хто дзе што робіць, – кажа Кацярына. – Таму мы на пачатку кастрычніка з’ехалі ў Грузію. Сабралі доказы ўдзелу ў маршах, пераводаў у фонды і падалі хадайніцтва ў польскае консульства на візу. Падаваліся самастойна. Я спрабавала звязацца з Беларускім домам, але не атрымала ад іх адказу. Нам напісала рэкамендацыйны ліст адна дэмакратычная ініцыятыва, мы прыклалі яго».

Hавiны
КДБ патрабуе выкуп за ахвяраванні фондам салідарнасці? Спыталі «BYSOL», як могуць вылічыць і што рабіць
2023.02.13 20:13

Амбасада: гуманітарная віза выдаецца, калі ёсць пагроза здароўю і жыццю

Польская амбасада спачатку папрасіла падаць дадатковыя дакументы, сям’я сабрала іх, адправіла і чакала далей.

«Мы чыталі, што людзі проста распавядалі пра рэпрэсіі і не прыкладалі дакументаў, і пры гэтым атрымлівалі візы. Мы ж сабралі ўсе дакументы, у нас былі пацверджанні, – кажа беларуска. – Аднак праз тры дні мы атрымалі адказ, што перабываем у бяспечнай краіне, таму гуманітарнай візы атрымаць не можам».

Прычыны адмовы ў гуманітарных візах амбасада Польшчы ў Тбілісі патлумачыла наступным чынам:

«Рашэнне аб выдачы «гуманітарнай» візы ў першую чаргу павінна быць звязанае з рэальнымі і непасрэднымі сітуацыямі, звязанымі з пагрозай жыццю і здароўю дадзенай асобы. У дадзены каталог не ўключаныя сітуацыі, звязаныя з афармленнем візы з тэрыторыі трэцяй бяспечнай краіны. Людзі, якія прыехалі ў Грузію, перабываюць у бяспечнай краіне і таксама могуць звярнуцца ў мясцовыя органы ўлады для ўрэгулявання свайго перабывання там. Варта падкрэсліць, што без нейкіх дадатковых фармальнасцяў яны могуць заставацца ў Грузіі 365 дзён, а, напрыклад, зарэгістраваць бізнес скрайне проста.

Асобы, не згодныя з бягучай палітыкай уладай краіны паходжання, якія апынуліся на тэрыторыі бяспечных краінаў, могуць падаць заяву наўпрост (напрыклад, праз пошту) кіраўніку Управы ў справах замежнікаў у Польшчы, якая ёсць кампетэнтным органам у справе аб наданні прытулку на тэрыторыі Рэспублікі Польшча. Арт. 92 Закону ад 13 чэрвеня 2003 года аб наданні абароны замежнікам на тэрыторыі Рэспублікі Польшча дазваляе падаць заяву замежніку, які перабывае за межамі Польшчы.

У той жа час паведамляем, што грамадзяне Беларусі, якія пражылі ў Грузіі не менш за 6 месяцаў і якія маюць дакументы, якія гэта пацвярджаюць, могуць прэтэндаваць на ўсе тыпы візаў (напрыклад, працоўная віза, віза для наведвання сяброў ці сямʼі), за выключэннем турыстычнай візы – патрэбны дазвол на жыхарства».

«Не адчуваем сябе ў Грузіі ў поўнай бяспецы»

Кацярына не згодная, што Грузія – бяспечная краіна, пра што яны з мужам казалі і ў прашэнні аб візе.

«Мы пісалі, што не адчуваем сябе ў Грузіі ў поўнай бяспецы, асабліва калі на нас будуць заведзеныя крымінальныя справы, непакоімся, што нас могуць выдаць», – кажа дзяўчына.

Пасля адмовы беларусы думалі падавацца на візы ў літоўскую амбасаду, аднак даведаліся, што там таксама цяпер складаная сітуацыя, таму пакуль вырашылі пачакаць. Паколькі перспектыва з візамі незразумелая, а ўжо распачаўся навучальны год, уладкавалі дзяцей у грузінскую школу.

«Наколькі мы зразумелі з таго, што распавядаў Беларускі дом у Варшаве, яшчэ няма новых інструкцыяў, як Польшча будзе выдаваць гуманітарныя візы. Таму мы вырашылі пачакаць, калі будзе сфармаваны новы ўрад. Мы спадзяемся, што Польшча ўсё ж працягне выдаваць беларусам візы. Мы хочам выехаць у Польшчу ці Літву, каб там удзельнічаць у жыцці беларускіх дыяспараў – мне падаецца, там яны больш актыўныя, што датычыць працы на карысць набліжэння нашай перамогі», – кажа Кацярына.

Разбор
Чакаць пераменаў ці падавацца на ўцякацтва? Што рабіць, калі сканчаецца пашпарт, распавядае юрыстка
2023.09.21 08:00

«Адмова консульства ў візе – не канчатковы вердыкт»

Сітуацыю Кацярыны і яе сям’і мы папрасілі пракаментаваць праваабаронцу Рамана Кісляка, які жыве ў Грузіі. Са словаў Рамана, адмова ў гуманітарнай візе героям гэтай гісторыі – не адзінкавы выпадак цяпер у Грузіі. Аднак юрыста здзівіла фармулёўка пра перабыванне ў бяспечнай краіне – раней ён з такімі не сутыкаўся.

«Прычыны могуць называць розныя, але найчасцей пішуць проста, што няма падставаў для атрымання гуманітарнай візы, – кажа Раман. – Амбасада спасылаецца, што для такой візы павінны быць сітуацыі, звязаныя з непасрэднай пагрозай жыццю ці здароўю заяўніка. Консул ацэньвае гісторыю заяўніка, і калі бачыць, што сітуацыя не падпадае пад крытэры для выдачы гуманітарнай візы, можа адмовіць».

У той жа час, паводле Рамана Кісляка, нельга сказаць, што адмовы ў гуманітарных візах беларусам носяць масавы характар. Цяпер тысячы беларусаў, са словаў праваабаронцы, звяртаюцца ў польскую амбасаду ў Тбілісі з заявамі не толькі на гуманітарныя, але і на іншыя тыпы візаў, і атрымліваюць іх. Адмовы здараюцца тады, калі ў прыкладзеных дакументах ці аповедзе заяўніка консул не ўбачыў рэальнай пагрозы здароўю і жыццю.

Каментар
«Часам гэта пытанне жыцця і смерці». Алесь Зарэмбюк пра спыненне выдачы польскіх гуманітарных візаў
2023.11.02 12:15

Прыпыненне выдачы гуманітарных візаў паводле хадайніцтва Беларускага дому ў Варшаве, пра якое раней распавядаў кіраўнік арганізацыі Алесь Зарэмбюк, датычыць толькі схемаў выдачы візаў, у якіх быў задзейнічаны БД – пра поўнае спыненне казаць нельга, зазначае спадар Кісляк. Польшча працягвае выдаваць беларусам візы. Але нават калі здараецца адмова, гэта не канчатковы вердыкт, кажа Раман.

«Нават у лісце з адмовай, які атрымала Кацярына, консульства прапісвае крокі, якія можна зрабіць: звярнуцца з апеляцый, у МЗС. Людзі павінны разумець, што ў пытанні атрымання візаў ці прытулку, калі вы звярнуліся і вам адмовілі, гэта не заканчэнне працэдуры. Можна ісці ў іншыя амбасады, абскарджваць, звяртацца ў МЗС, задзейнічаць праваабарончыя арганізацыі для абгрунтавання».

Чаму праваабарончая супольнасць не лічыць Грузію бяспечнай краінай?

Беларусам, якія падаюцца на гуманітарную візу ў польскую амбасаду, Раман Кісляк раіць загадзя добра падрыхтаваць аповед пра рэпрэсіі з боку беларускай дзяржавы, а таксама прыкласці дакладныя доказы пагрозаў.

«Пагроза павінна быць сур’ёзная. Агульная сітуацыя ў краіне ці рызыка выкліку ў органы такой не лічыцца. Нават крымінальны пераслед можа не быць падставай для візы. Трэба даказаць, што чалавеку пагражаюць катаванні, пазбаўленне здароўя, што пад пагрозай можа быць нават жыццё. Важна абгрунтаваць, што вы будзеце падвяргацца жорсткаму, бесчалавечнаму стаўленню ў выпадку затрымання», – кажа праваабаронца.

Каментар
Што рабіць беларусам у Грузіі, калі пашпарты страчваюць тэрмін дзеяння? Распавядае праваабаронца
2023.09.14 08:11

Акрамя абскарджання і спробаў атрымаць візу еўрапейскай краіны ў іншых амбасадах, у беларусаў ёсць яшчэ магчымасць прасіць прытулак непасрэдна ў Грузіі. Апошнім часам, пасля выхаду ўказу Лукашэнкі № 278, усё больш беларусаў просяць у Грузіі прытулку, аднак пакуль праваабаронцам не вядома, каб хтосьці атрымаў станоўчае рашэнне. Ёсць тры адмовы ў прытулку, якія цяпер праходзяць стадыю абскарджання. Яшчэ шэраг кейсаў – на этапе разгляду, заяўнікі яшчэ не атрымалі ні станоўчага, ні адмоўнага рашэння, кажа праваабаронца.

Гісторыі
«У Беларусі вы не паўстанеце перад рэальнай небяспекаю». Грузія адмовіла ў прытулку сям’і з немаўлём
2023.05.05 07:00

І тым беларусам, хто спрабуе атрымаць візу еўрапейскай краіны ў Грузіі, і тым, хто просіць там палітычнага прытулку, Раман Кісляк раіць памятаць, што праваабаронцы не лічаць Грузію цалкам бяспечнай краінай. У якасці доказу гэтай думкі юрыст прыводзіць нядаўні выпадак са знікненнем у Грузіі расейскага актывіста – удзельнік руху «Артподготовка». Рафаіл Шэпелеў знік 12 кастрычніка ў Тбілісі. Цяпер актывіст, імаверна, сядзіць у СІЗА ў Расеі.

«У праваабарончай супольнасці мы лічым Грузію небяспечнай краінай для актывістаў з Беларусі і Расеі якраз з прычыны патэнцыйнага выкрадання і вывазу ў Расею і Беларусь», – рэзюмуе Раман Кісляк.

«Белсат» накіраваў у адрас польскай амбасады ў Тбілісі запыт з просьбай растлумачыць, у якіх выпадках беларусам можа быць адмоўлена ў гуманітарных візах, на якіх падставах гэтую візу ўсё ж можна атрымаць, і якія яшчэ віды польскіх візаў цяпер даступныя для беларусаў у Грузіі. Мы апублікуем адказ, як толькі атрымаем яго.

Гісторыі
Сям’і беларусаў анулявалі ВНЖ і выправадзілі іх з Грузіі. Разам з праваабаронцам разбіраемся ў сітуацыі
2023.03.12 08:00

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў