Адкуль могуць дэпартаваць і экстрадаваць у Беларусь на палітычны запыт, а дзе бяспечна


Гісторыя са спробай дэпартацыі з Тайланду ў Расею рок-гурту «Бі-2» зноў паставіла перад многімі беларусамі пытанне: А дзе бяспечна? «Белсат» спытаў пра гэта ў адваката Алеся Міхалевіча.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паліцыянты ў Тайландзе.
Фота: สำนักงานตำรวจแห่งชาติ / Facebook

«Бі-2» – рок-гурт беларускага паходжання, які доўгі час працаваў на расейскі рынак і базаваўся ў Расеі. Яны не падтрымалі расейскай агрэсіі супраць Украіны і з’ехалі з Расеі. У Тайландзе іхны выступ назвалі незаконным, музыкаў затрымалі і пагражалі дэпартацыяй у Расею (усе акрамя двух заснавальнікаў маюць расейскае грамадзянства), ды ў апошні момант дазволілі зляцець у Ізраіль.

Пра крымінальную справу супраць «Бі-2» не паведамлялі, але за парушэнне фармальнасцяў з арганізацыяй канцэрту музыкам пагражала высылка ў краіну, дзе ім пагражаў палітычны пераслед.

А дзе будзе бяспечна і небяспечна беларусам, супраць якіх няма крымінальных справаў, але ёсць пагроза палітычнага пераследу на радзіме? Дзе рызыкоўна няправільна перайсці дарогу або нават проста знаходзіцца?

Дэпартацыя, экстрадыцыя – якая розніца?

Алесь Міхалевіч, адвакат і кіраўнік адвакацкага бюро «Legal Status», кажа ў каментары «Белсату», што ў выпадку з «Бі-2» важна разумець розніцу між дэпартацыяй (як было з гуртом) і экстрадыцыяй.

Экстрадыцыя – гэта калі адна краіна выдае чалавека на запыт другой краіны, каб другая выставіла яму крымінальныя абвінавачванні ў злачынстве ці рэалізавала пакаранне. Каб гэты працэс запусціўся, між дзвюма краінамі маюць быць спецыяльныя пагадненні аб экстрадыцыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Турэцкі паліцыянт.
Фота: Emniyet Genel Müdürlüğü / Facebook

Дэпартацыя – гэта калі краіна высылае замежнага грамадзяніна за правапарушэнне (як у выпадку «Бі-2») ці калі лічыць, што чалавек ёсць пагрозай нацыянальнай бяспецы. Гэты працэс аўтаматычны. Дэпартуюць у тую краіну, адкуль чалавек прыляцеў ці прыехаў (калі не ўпусцілі на мяжы) або ў краіну грамадзянства (ці найбольш набліжаную да краіны грамадзянства з бязвізавым уездам, калі чалавек там ужо знаходзіўся).

«Дэпартацыя, як паказала справа „Бі-2“, гэта рэальная пагроза, – адзначае Міхалевіч. – Калі б іх выправілі ў Расейскую Федэрацыю, безумоўна, былі б вельмі сур’ёзныя наступствы. Таму ў плане дэпартацыі любая іншая краіна можа быць небяспечнай».

Ад дэпартацыі ў родную краіну, дзе чалавеку небяспечна, можа ўратаваць другое грамадзянства ў бяспечнай краіне або пастаянны від на жыхарства ў такой, а таксама статус уцекача.

Агульны прынцып: чым больш вяршэнства права, тым лепш

Па словах юрыста, распаўсюджанае такое меркаванне: нібыта за дробнае правапарушэнне (як то перавышэнне хуткасці або няправільная паркоўка) замежніка могуць дэпартаваць. Як правіла, хутка дэпартаваць з краіны на падставе такіх парушэнняў немагчыма: у нармальнай краіне трэба рашэнне суду.

«Чым больш прававая краіна, тым менш праблемаў, звязаных з дэпартацыяй можа ўзнікнуць, – канстатуе Міхалевіч. – Чым лепшая прававая сістэма ў краіне, чым больш яна дэмакратычная, тым лепш».

Ён дадае, што гэта не залежыць ад узроўню эканамічнага развіцця краіны: напрыклад, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты – багатая краіна, але не можа пахваліцца развітай прававой сістэмай і гарантыяй правоў чалавека.

Любая краіна можа быць «перавалачнай базай» пры адсутнасці крымінальнай справы, але пагрозе ўзнікнення такой. Ды лепш Грузія, чым Расея; лепш Албанія, чым Сербія, тлумачыць Міхалевіч. Выбірацца з Беларусі ён раіць паводле прынцыпу пошуку найбольшага ўзроўню бяспекі.

Не ўвесь Захад аднолькава бяспечны

Агулам лічыцца, што краіны, якія ў Беларусі адносяць да Захаду, бяспечныя: Еўразвяз, Злучанае Каралеўства, Швейцарыя, Злучаныя Штаты, Канада і гэтак далей, а таксама геаграфічна «незаходнія» Аўстралія і Новая Зеландыя. Ды Міхалевіч адзначае, што ў краінаў Захаду не аднолькавы ўзровень прававой сістэмы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паліцыя ў Вугоршчыне.
Фота: Magyar Rendőrség / Facebook

Фактычна ўвесь Еўразвяз бяспечны, але ў розных краінах розны ўзровень пагрозаў. Напрыклад, Балгарыя будзе менш бяспечнай за Польшчу, а Вугоршчына будзе менш бяспечнай за Швецыю.

Хоць з Вугоршчыны наўрад ці экстрадуюць на палітычны запыт, але трымаць у няволі могуць месяцамі, пакуль разглядаюць запыт – прэцэдэнт быў. А ў Швецыі наўрад ці нават будуць пачынаць экстрадыцыйную справу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паліцэйскі ўчастак у Тыране, Албанія.
Фота: Policia e Shtetit / Facebook

Шэраг еўрапейскіх краінаў не ўваходзіць у Еўразвяз. І калі Нарвегія найбольш бяспечная, то Сербія небяспечная для грамадзянаў Беларусі, бо адтуль з вялікай імавернасцю экстрадуюць – надзея хіба на Еўрапейскі суд правоў чалавека, але нават калі той заступіцца, можна доўга прасядзець у ізалятары.

Албанія ці Чарнагорыя больш бяспечныя, бо «прысесці» на нейкі час таксама можна, напрыклад, у выпадку запыту праз «Interpol», але даволі імаверна, што затрыманага па палітычным запыце ў хуткім часе вызваляць.

Разбор
У якія краіны беларусам бяспечна ўцякаць ад палітычных рэпрэсіяў? Спыталі BYSOL
2023.01.25 07:00

Былы СССР

У шматлікія дзяржавы былога СССР грамадзянам Беларусі не патрэбная віза. Гэтыя краіны сталіся магчымым напрамкам тэрміновай эміграцыі, але яны не аднолькава бяспечныя для тых, каму пагражае палітычны пераслед.

Расея для грамадзянаў Беларусі адназначна небяспечная: калі чалавек трапіць у беларускую базу вышуку, то будзе і ў расейскай базе. Значыць, калі знойдуць у Расеі, затрымаюць. А распачаць крымінальную справу ў Беларусі могуць у любы момант на любога чалавека.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паліцыянты падчас акцыі супраць вайны ва Украіне. Масква, Расея. 27 лютага 2022 года.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

Азербайджан, Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, Туркменістан і Узбекістан даволі небяспечныя для грамадзянаў Беларусі. Гэтыя краіны ўваходзяць у Садружнасць незалежных дзяржаваў, а значыць, сілавікі там маюць доступ да базы СНД, якую вядзе Міністэрства ўнутраных справаў Расеі і ў якую Беларусь можа падаць запыт на выдачу ў адзін клік. Калі з’явіцца крымінальная справа ў Беларусі, то з вялікай доляй імавернасці з гэтых краінаў экстрадуюць у Беларусь.

Грузія больш бяспечная, але з агаворкай: можна «прысесці». Калі няма менавіта крымінальнай справы ў Беларусі, то можна лічыць Грузію даволі бяспечнай. Але ў Грузіі слабейшы ўзровень прававой культуры, прававых механізмаў і інстытутаў, чым у якой-небудзь краіне Еўразвязу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паліцыя ў Грузіі.
Фота: შინაგან საქმეთა სამინისტრო / Facebook

Грузія не кіруецца рэкамендацыямі Еўразвязу, бо (прынамсі пакуль) у яго не ўваходзіць, але на Грузію ўсё ж распаўсюджваецца практыка Еўрапейскага суду правоў чалавека, якая ставіць вялікія патрабаванні да экстрадыцыі ў краіны, дзе могуць ужывацца катаванні. То значыць, калі будзе непасрэдны экстрадыцыйны запыт, чалавека могуць затрымаць і пратрымаць у ізалятары – ёсць імавернасць, што нават пагодзіцца выдаць чалавека, але калі чалавек будзе бараніцца праз Еўрапейскі суд правоў чалавека, у экстрадыцыі адмовяць.

Малдова больш бяспечная за Арменію ці Казахстан, але менш бяспечная за Еўразвяз. Праблемы ў Малдове могуць узнікнуць хіба пры вышуку праз «Interpol». Краіна ўсё яшчэ ўваходзіць у СНД, але неахвотна – нават паступова выходзіць. І хоць Малдова мае доступ да базы СНД, тая база вядзецца па-расейску і кірыліцай, а Малдова вядзе свае запісы лацініцай.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паліцыянтка ў Малдове.
Фота: Poliția Republicii Moldova / Facebook

Літва, Латвія і Эстонія – у Еўразвязе, не маюць значных праблемаў з вяршэнства права і не стануць выдаваць на палітычны запыт з Беларусі. Ды Літва апошнім часам не працягвае віды на жыхарства шматлікім беларусам, у якіх бачыць «пагрозу нацыянальнай бяспецы», а нагодай такога рашэння можа стаць ранейшая служба ў беларускім войску ці, напрыклад, праца на БелАЭС.

Украіна не стане выдаваць чалавека на палітычны запыт дзяржавы-суагрэсара. Ды і эміграваць ва Украіну з Беларусі цяпер амаль немагчыма, межы між імі практычна закрытыя, хоць фармальна бязвізавы рэжым не скасоўвалі.

Інфаграфіка
Куды можна паехаць без візы з беларускім пашпартам? Мапа
2024.01.18 11:31

Папулярныя турыстычныя напрамкі

Турэччына не надта бяспечная. Экстрадыцыя з Турэччыны ў Беларусь магчымая, а часта туркам прасцей дэпартаваць чалавека ў Беларусь ці Расею, чым ладзіць экстрадыцыю.

Ізраіль вельмі бяспечны для сваіх грамадзянаў. Тэарэтычна, Ізраіль можа выдаваць сваіх грамадзянаў іншым краінам, але калі вядзецца пра беларускую крымінальную справу, Ізраіль не стане выдаваць, а чалавека ў базе «Interpol», хутчэй за ўсё, проста не пусцяць у краіну.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паліцыянт у Ізраілі.
Фота: משטרת ישראל / Facebook

Што да грамадзянаў іншых краінаў, Ізраіль хутчэй не пагодзіцца на экстрадыцыю, але вельмі імаверна, што пазбавіцца праблемы праз дэпартацыю чалавека ў трэцюю краіну, як то ў Турэччыну.

Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Егіпет і Саудаўская Аравія не надта бяспечныя праз нізкі ўзровень прававой культуры.

Мексіка для грамадзянаў Беларусі даволі бяспечная. В’етнам, Інданезія, Індыя, Мальдывы, Сейшэлы, Тайланд ці Туніс – не надта, а Кітай – дакладна небяспечны.

Інфаграфіка
Хто Лукашэнку сябра, а хто не. Мапа
2023.10.27 15:27

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў