Літоўскі дэпартамент дзяржбяспекі патлумачыў, каго з беларусаў успрымае як пагрозу


Літоўскі дэпартамент дзяржаўнай бяспекі (ДДБ) адмаўляецца каментаваць, якім чынам былы беларускі міліцыянт Аляксандр Маціевіч, які браў удзел у задушэнні пратэстаў 2020 года, атрымаў ВНЖ у Літве, але папярэджвае, што павелічэнне патоку мігрантаў з Беларусі стварае дадатковыя рызыкі і пагрозы для бяспекі Літвы, піша «LRT».

Беларусы адзначаюць у Вільні Дзень аднаўлення літоўскай дзяржавы. Здымак мае ілюстрацыйны характар.  Вільня, Літва. 17 лютага 2021 года.
Фота: ГР / Белсат

Літоўская выведка адзначае, што некаторыя з тых беларусаў, хто падае звесткі ў дзяржустановы Літвы, хаваюць інфармацыю пра сваю ранейшую працу ці службу ў войску.

«Паводле звестак ДДБ, большасць мігрантаў з Беларусі – гэта эканамічныя мігранты, і толькі частка беларусаў, якія жывуць у Літве, удзельнічае ў апазіцыйных мерапрыемствах. Гэта адкрывае перад беларускімі спецслужбамі магчымасці для пашырэння сваёй дзейнасці і выкарыстання лаяльных рэжыму асобаў супраць інтарэсаў Літвы», – гаворыцца ў каментары Дэпартаменту дзяржбяспекі Літвы.

Летась ДДБ зрабіў больш за 120 тысячаў ацэнак пагрозаў, якія сыходзяць ад замежнікаў. У дачыненні 1415 чалавек былі пададзеныя ў міграцыйную службу заключэнні аб тым, што іх знаходжанне ў краіне будзе ўяўляць пагрозу бяспецы. 80 % такіх асобаў – грамадзяне Беларусі. Паводле Дэпартаменту дзяржбяспекі, большасць з іх былі звязаныя з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі.

«Сярод тых беларусаў, пражыванне якіх у Літве ўяўляе пагрозу бяспецы, каля 60 % працавалі ў сістэме МУС або дзяржаўных установах, каля 30 % – служылі ў збройных сілах РБ, каля 10 % – працавалі ў ваеннай прамысловасці або на іншых стратэгічных аб’ектах», – адзначаюць у літоўскім ДДБ.

Высновы аб імавернай пагрозе, якую нясе тая ці іншая асоба, робяцца на падставе разведвальнай інфармацыі ды іншых звестак, сцвярджаюць у Дэпартаменце дзяржаўнай бяспекі Літвы.

Каментар
Літоўскі журналіст абурыўся беларусамі ў Вільні, заклікаў «паказаць, што ім не радыя»
2024.02.02 10:04

Паводле інфармацыі дэпартаменту, высновы аб пагрозе, якую ўяўляюць замежныя грамадзяне для бяспекі дзяржавы, робяцца з улікам наяўнай разведвальнай інфармацыі і іншых звестак.

Як піша «LRT», службе аховы дзяржаўнай граніцы даручана ўзмацніць праверкі беларускіх грамадзян, якія перасякаюць дзяржаўную граніцу Літвы, больш дакладна таксама правяраць грамадзян РБ, якія атрымалі або хадайнічаюць аб атрыманні часовага віду на жыхарства ў Літве на падставе працаўладкавання.

Беларуская дыяспара і «BELPOL» высветлілі, што на працягу некаторага часу ў Літве жыў былы супрацоўнік праваахоўных органаў Беларусі Аляксандр Маціевіч, які ўдзельнічаў у рэпрэсіях. На тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі знаходзіўся разам з жонкай і працаваў усталявальнікам вокнаў. Інфармацыю пра Маціевіча «BELPOL» перадаў дзяржаўным органам Літвы. Пасля публікацыі гэтай інфармацыі ён разам з сям’ёй вярнуўся ў Беларусь. Дэпартамент міграцыі Літвы ануляваў часовы від на жыхарства Маціевіча ў Літве.

Студыя «Белсат»
Беларусаў у Літве хочуць адмяніць. Вечаровы эфір за 2 лютага
2024.02.02 21:37

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў