«BELPOL»: Адзін з карнікаў рэжыму хаваецца ў Літве


Аб’яднанне сілавікоў Беларусі «BELPOL» атрымала ад прадстаўнікоў беларускай дыяспары інфармацыю, што ў Літве жыве былы супрацоўнік МУС Беларусі, які браў удзел у здушэнні пратэстаў у 2020 годзе.

А. Маціевіч, маёр міліцыі, датычны да здушэння пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе, цяпер жыве ў Літве.
Фота: BELPOL

Былы сілавік жыве ў Літве разам з жонкай і працуе ўсталявальнікам вокнаў. Завуць яго Аляксандр Маціевіч, нарадзіўся 5 траўня 1990 года ў Дзятлаве Гарадзенскай вобласці.

Паводле «BELPOL», Маціевіч працаваў у органах МУС Беларусі, апошняя пасада – старэйшы інспектар Інспекцыі справаў няпоўнагадовых Лідскага РАУС, званне – маёр міліцыі (нумар жэтону Б-60243).

Вядома, што ў 2020 годзе актыўна браў удзел у рэпрэсіях супраць беларусаў і, больш за тое, быў «пацярпелым» у крымінальнай справе, датычнай пратэстаў.

Гэтак, з матэрыялаў крымінальнай справы, у якой пацярпелым выступаў Маціевіч, дзяўчына ў скверы каля лідскага Фарнага касцёлу, спрабуючы перашкодзіць затрыманню міліцыянтамі пратэстоўцаў, нібыта збіла двух афіцэраў Лідскага РАУС, у тым ліку «наўмысна схапіла А. Маціевіча за форменную куртку, пацягнула на сябе, у выніку чаго сарвала накладны пагон, тым самым парушыла цялесную недатыкальнасць супрацоўніка АУС, прычыніўшы пры гэтым А. Маціевічу фізічны боль і пакуты».

Дзяўчыну, якая фігуравала ў гэтай справе, праваабаронцы прызналі палітзняволенай.

Як паведамляе «BELPOL», усе матэрыялы ў распараджэнні арганізацыі датычна Маціевіча былі перададзеныя ў «кампетэнтныя органы Літоўскай Рэспублікі для прыняцця адзіна правільнага ў гэтым выпадку рашэння – дэпартацыі А. Маціевіча ў «квітучую Беларусь».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў