news
Разбор
Як кампенсаваць беларусам рэпрэсіі і дзе на тое ўзяць грошы. Глядзім праект Офісу Ціханоўскай
Адразу не вызваляць усіх, хто гэтага заслугоўвае, але вызваляць некаторых вінаватых.
25.09.202319:21

Офіс выбранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай 25 верасня прадставіў праект Канцэпцыі кампенсацыі шкоды асобам, рэпрэсаваным у часе рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. «Белсат» распытаў прадстаўніцу Офісу пра канцэпцыю і пераказвае дакумент на 70 старонак.

Паводле аўтараў, канцэпцыю распрацоўвалі разам з прадстаўнікамі праваабарончых і грамадскіх арганізацыяў, былымі адвакатамі і юрыдычнымі навукоўцамі. Найперш яна скіраваная на хуткае вызваленне тых, хто апынуўся ў месцах пазбаўлення волі паводле палітычных матываў, і на аднаўленне іхных правоў.

Навошта цяпер такое пісаць

Акт аб рэабілітацыі яшчэ два гады таму прыдумаў юрыст Сяргей Зікрацкі, расказвае «Белсату» Крысціна Рыхтэр – дарадца Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях. Той акт апісваў, як выпускаць палітычных зняволеных, але ў офісе пастанавілі, што трэба распрацаваць больш маштабны дакумент, датычны і кампенсацыяў, і рэабілітацыі, і працэсу вызвалення.

«Вельмі лёгка сказаць „выпусціць усіх палітзняволеных“, але сапраўды гэта юрыдычны працэс, які неяк трэба зрабіць. Гэта не толькі ключ уставіць у замок», – тлумачыць Рыхтэр.

Новая канцэпцыя прадугледжвае кампенсацыю шкоды пацярпелым ад парушэнняў правоў чалавека – а гэта не толькі палітвязні, але і звольненыя з працы, пазбаўленыя званняў і ступеняў, пазбаўленыя права на адукацыю ці прафесію, вымушаныя пакінуць Беларусь праз палітычны пераслед.

Дзейнае беларускае заканадаўства, адзначаюць аўтары канцэпцыі, прадугледжвае толькі кампенсацыю шкоды за незаконнае зняволенне, а гэта не адзіны від рэпрэсіяў, ад якіх цярпяць беларусы. Дый досвед кампенсацыяў у гэткіх выпадках ужо быў у іншых дзяржавах. Аўтары хочуць не толькі даць справядлівую кампенсацыю, але і не дапусціць паўтарэння сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека.

Працы, каб кампенсаваць рэпрэсіі, кажа Рыхтэр, будзе вельмі шмат, таму яе хочуць загадзя спрасціць.

Каго адразу вызваляць

У транзітны перыяд аўтары канцэпцыі прапануюць прыняць акт, паводле якога вызваляць:

  • усіх прызнаных палітвязнямі;
  • усіх, адносна каго вядзецца адміністратыўны працэс, і ўсіх арыштаваных паводле Адміністратыўнага кодэксу;
  • асуджаных, абвінавачаных і падазраваных паводле канкрэтнага спісу артыкулаў, што найчасцей выкарыстоўваюць для палітычных рэпрэсіяў, але з пэўнымі агаворкамі.

З якімі артыкуламі вызваляць

Вызваляць без усялякіх умоваў хочуць, напрыклад, зняволеных за «паклёп», «знявагу», «распальванне варожасці», «масавыя беспарадкі», «незаконныя дзеянні са зброяй», «ухіленне ад прызыву»…

Зняволеных за «акт тэрарызму» хочуць вызваляць пры ўмове, калі гэта не было звязана з пазбаўленнем жыцця або з цялеснымі пашкоджаннямі. За «хуліганства», «атрыманне хабару», «здраду дзяржаве», «гвалт супраць міліцыянта» ці «замах на забойства міліцыянта» вызваляць хочуць тых, справы на каго заведзеныя пасля 1 траўня 2020 года – менавіта ў тым траўні зафіксавалі першыя выпадкі крымінальнага пераследу, звязанага з выбарамі-2020.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

І гэта толькі прыклады, у спісе (дадатак № 2 да канцэпцыі) паўсотні артыкулаў. Шэраг артыкулаў збіраюцца дэкрыміналізаваць, бо тыя не адпавядаюць міжнародным абавязанням Беларусі ў абароне правоў чалавека.

Адразу вызваляць не ўсіх, хто гэтага заслугоўвае

Па-першае, спіс палітвязняў няпоўны: праваабаронцы проста не ведаюць усіх фактаў незаконнага або несувымернага пакарання, у спіс не заносяць адміністратыўна арыштаваных на працяглыя тэрміны (напрыклад, праз «перазатрыманне» за кожны «няправільны» ўрывак ліставання), а некаторыя сваякі выступаюць супраць унясення зняволеных у спіс.

Па-другое, палітычныя справы вядуцца паводле тых самых артыкулаў, паводле якіх людзей законна прыцягваюць да адказнасці. Ёсць жа выпадкі, як з галоўным рэдактарам «Нашай нівы» Ягорам Марціновічам, які быў зняволены відавочна з палітычных матываў, але фармальна – за няправільную аплату камунальных паслугаў. А ёсць празмерна жорсткія пакаранні, напрыклад, за карупцыю ці наркотыкі, якія таксама варта пераглядаць.

зона.бел
Як самая жорсткая ў краіне калонія «Воўчыя норы» перапрафілявалася з наркатычных на палітычных вязняў
2022.05.27 14:00

Было б справядліва разглядаць кожную справу асобна, але гэта зойме шмат часу, таму бяруць змяшаны падыход: неадкладнае вызваленне найбольш імаверных ахвяраў рэпрэсіяў, што не вызваляе ад юрыдычнай адказнасці, і пазнейшы перагляд справаў. Невідавочныя справы пазней мусіць разглядаць ужо справядлівы суд адпаведна міжнародным стандартам правасуддзя (відавочна палітычныя накшталт «знявагі прэзідэнта» хочуць адразу спыніць).

Гэта лічаць больш гуманным: лепш вызваліць вінаватага і потым пераглядзець іхныя справы, чым караць невінаватага. Рыхтэр адзначае, што справядлівы суд мусіць нават улічыць, што сапраўдны злачынец ужо адбыў частку пакарання ў больш жорсткіх умовах, чым таго заслугоўвае. Але размова не вядзецца пра тое, каб адразу выпусціць абсалютна ўсіх злачынцаў.

Каго залічаць у рэпрэсаваныя

Асобна ад неадкладнага вызвалення хочуць правесці павольнейшыя працэсы юрыдычнай рэабілітацыі і кампенсацыі шкоды рэпрэсаваным. Акт аб кампенсацыі шкоды хочуць пашырыць на грамадзянаў Беларусі, замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства, якія зазналі палітычна матываваны пераслед, блізкіх сваякоў і чальцоў сем’яў зняволеных з палітычных прычынаў на больш як 30 дзён (бесперапынна), на сваякоў і чальцоў сем’яў забітых з палітычных матываў, а таксама на непаўналетніх, якія засталіся без апекі рэпрэсаваных і апынуліся ў дзіцячых дамах ці прыёмных сем’ях.

У рэпрэсаваныя збіраюцца залічыць тых, хто з 20 ліпеня 1994 года да дня падзення рэжыму Аляксандра Лукашэнкі зазнаў супрацьпраўныя дзеянні або бяздзеянне прадстаўнікоў дзяржавы з палітычных матываў (дзеля ўмацавання і ўтрымання ўлады Лукашэнкі), нават калі пры гэтым былі захаваныя фармальна-прававыя ўмовы. Асобна ад гэтага збіраюцца рэабілітаваць ахвяраў камуністычнага рэжыму.

Рэпрэсіі – не толькі турма, а катаванні – не толькі пабоі

Кампенсацыі хочуць даваць не толькі тым, хто перажыў зняволенне, але і тым, хто зазнаў катаванні або жорсткае і нялюдскае абыходжанне, каму былі выстаўленыя неправамерныя абвінавачванні і прысуды, каго з палітычных прычынаў пазбаўлялі маёмасці ці права на заезд ці выезд, прымусова змясцілі ў псіхіятрычны стацыянар, пазбавілі грамадзянства, права на прафесію, званняў і вучоных ступеняў, дзяржаўных узнагародаў, пазбаўлялі ці абмяжоўвалі ў «іншых правах і свабодах».

У катаванні залічваюць любое наўмыснае ўчыненне фізічных ці маральных пакутаў дзеля атрымання звестак або прызнанняў, калі толькі гэтыя пакуты не ўзнікаюць у выніку законных санкцыяў і ад тых санкцыяў неадлучныя. Гэта значыць, кайданкі – зусім не абавязкова катаванне, але пагрозы зняволенаму пасадзіць ягоных блізкіх – катаванне.

Аналітыка
«Ляскалі затворамі, пагражалі расстраляць». Камітэт расследавання катаванняў прэзентаваў даклад пра жахі ў Савецкім РУУС Менску
2023.06.20 19:32

А ў месцы зняволення залічваюць не толькі калоніі і ізалятары, але і псіхіятрычныя стацыянары, і гаўптвахты вайсковых камендатураў.

Але дзеянне акту збіраюцца не пашыраць на тых, хто ўчыніў гвалтоўныя злачынствы супраць асобы (акрамя выпадкаў неабходнай самаабароны або «крайняй неабходнасці»), і на тых, хто быў пад санкцыямі ў сувязі з удзелам у палітычных рэпрэсіях або будзе ў спісах на люстрацыю (пры распрацоўванні адпаведнага люстрацыйнага заканадаўства).

Колькі пацярпелых будзе

Усіх маштабаў рэпрэсіяў аўтары не ведаюць. У канцэпцыі арыентуюцца на тое, што з пачатку выбараў-2020 і да моманту напісання дакументу праваабарончы цэнтр «Вясна» налічыў каля 50 тысяч палітычных затрыманняў, 3400 палітычна матываваных прысудаў. Акрамя таго, Беларусь мусілі пакінуць дзясяткі тысяч асобаў. І лічбы растуць: толькі за чэрвень 2023 года і толькі да адміністратыўнай адказнасці з палітычных матываў прыцягнулі 409 асобаў.

Агляд
Звыш 136 тысяч беларусаў пацярпелі ад рэпрэсіяў з траўня-2020. Даследаванне «Justice Hub»
2023.07.27 16:28

У тым ліку для вызначэння пацярпелых хочуць стварыць праз дэмакратычна абраны парламент Камісію аднаўлення справядлівасці – часовы пазасудовы калегіяльны орган не толькі са службовых асобаў, але і з прадстаўнікоў грамадскасці, юрыстаў, эканамістаў і іншых. Пры тым хочуць, каб камісія (або мясцовыя камісіі – бо пацярпелых будзе шмат) сама магла вызначаць пацярпелых, якія нават не лічаць сябе такімі, а не толькі чакаць заяваў на кампенсацыю. На разгляд заяваў хочуць даць 6 месяцаў.

І асобна ад гэтага думаюць над стварэннем Інстытуту нацыянальнай памяці. Гэткія ёсць у Польшчы і Украіне. Такі інстытут мог бы збіраць і сістэматызаваць дакументы, датычныя рэпрэсіяў, выяўляць злачынствы і аналізаваць інфармацыю пра іх, вывучаць прычыны і наступствы злачынстваў аўтарытарных рэжымаў на тэрыторыі Беларусі, рабіць праекты і праграмы дзеля непаўтарэння аўтарытарызму і таталітарызму.

Колькі будуць плаціць

Гэта невядома. Аўтары канцэпцыі прызнаюць, што цяпер немагчыма зрабіць фінансава-эканамічнае абгрунтаванне, бо няма інфармацыі пра наяўныя фінансавыя рэсурсы і эканамічны патэнцыял дзяржавы ў момант, калі можна будзе прыняць Акт аб аднаўленні справядлівасці.

Аўтары канцэпцыі адзначаюць, што ў вельмі нешматлікіх апраўдальных прысудах, што цяпер выносяць у Беларусі, кампенсацыі роўныя каля 500 долараў за месяц пазбаўлення волі – блізкія да сярэдняга заробку. Не меншай сумай хацелі б кампенсаваць і палітычныя рэпрэсіі, прапануюць прывязаць канкрэтную суму да заробкаў або базавай велічыні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Дакладна акрэслена, што сваякам памерлых у выніку палітычных рэпрэсіяў хочуць даць аднаразовую кампенсацыю на 1000 мінімальных заробкаў – на момант публікацыі адзін такі заробак – 554 рублі, а тысяча такіх заробкаў – блізу 170 тысяч долараў.

Адкуль узяць грошы

Кампенсацыі плануюць выплачваць з дзяржаўнага бюджэту, за выплаты хочуць зрабіць адказнымі Фонд сацыяльнай абароны і Міністэрства фінансаў. Але спадзяюцца на залучэнне міжнародных праграмаў дапамогі, расказвае Рыхтэр. Фінансавых абяцанняў на перыяд пасля Лукашэнкі цяпер даць не могуць, але, кажа яна, рэформы пераходнага перыяду відавочна прастымулююць міжнародную супольнасць дапамагаць Беларусі.

Кампенсацыя – не толькі грошы

Аўтары праекту на дадатак да грашовай прапануюць таксама такія формы кампенсацыі: рэстаўрацыя правоў (скасаванне прысуду, зняцце абвінавачванняў, аднаўленне добрага імя і г. д.), сатысфакцыя (публічнае прызнанне дзяржавай сваёй адказнасці, публічныя выбачэнні, раскрыццё інфармацыі пра злачынствы, пакаранне вінаватых), рэабілітацыя (медычная і псіхалагічная дапамога, рэінтэграцыя ў грамадства), гарантаванне непаўтору (шматлікія рэформы, кантроль за сілавікамі і іхная адукацыя ў сферы правоў чалавека, незалежная судовая сістэма і г. д.).

Рэпрэсаваным могуць прапанаваць і льготы на камунальныя паслугі, бясплатны праезд па Беларусі, пакрыццё коштаў лекаў, забеспячэнне пратэзамі ці іх субсідаванне, кампенсацыя выдаткаў на адукацыю адлічаным навучэнцам. Час перабывання ў няволі прапануюць уключыць «год за тры» ў стаж працы. Пашкоджанні жытла падчас палітычных пагромаў таксама хочуць кампенсаваць.

Гісторыі
«Заходзіш ноччу ў камеру, дзе сядзіць забойца». Былая палітзняволеная пра тое, як цяжка адчуць свабоду па вызваленні
2023.08.16 07:03

Асобнае пытанне – вяртанне канфіскаванай маёмасці. Калі ў рэпрэсаванага, напрыклад, канфіскавалі жытло і прадалі іншай асобе, то ўгоду могуць прызнаць неправадзейнай і патрабаваць вярнуць атрыманае паводле ўгоды ці пакрыць яго кошт грашыма. Добрасумленнаму пакупніку, які не мог ведаць пра адсутнасць законных правоў у прадаўца, выдаткі мае кампенсаваць дзяржава. Заканадаўства ў гэтай сферы ўжо ёсць, але яго лічаць недастатковым: нормы мусяць дапрацоўвацца. Хочуць таксама замацаваць права адмовіцца ад вяртання маёмасці.

Пры жаданні адлічаных з палітычных матываў студэнтаў могуць аднавіць на вучобе, звольненых з палітычных матываў – аднавіць на працы. Пры тым звальненне або адлічэнне «на ўласнае жаданне» не пазбаўляе права на аднаўленне на працы ці вучобе.

Алесь Наваборскі belsat.eu