Людзей у справе «INeedHelpBy» судзяць за «наданне ім псеўдастатусу палітвязняў»


Магілёўскія праваабаронцы з «Mayday Team» атрымалі ў распараджэнне некалькі рашэнняў судоў паводле арт. 24.15 КаАП, згодна з якімі беларусаў – сваякоў палітвязняў і былых палітычных зняволеных – пакаралі за атрыманую дапамогу ад арганізацыі «INeedHelpBy».

Ланцуг салідарнасці з ахвярамі новага вітку рэпрэсіяў у Беларусі адбыўся ў Вільні. 28 студзеня 2024 года.
Фота: Белсат

У кожнай пастанове, якую бачылі праваабаронцы, сустракаецца адна і тая ж фармулёўка, на падставе якой і выносіцца пакаранне.

У прыватнасці, «атрыманне і выкарыстанне» прадуктовай дапамогі суддзі расцэньваюць як «пагрозу нанясення шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам». Гэта выяўляецца ў «публічнай заведама неправамернай легітымізацыі дзеянняў асобаў, якія здзейснілі правапарушэнні і злачынствы, у тым ліку шляхам надання ім псеўдастатусу палітвязняў, незаконным нівеляванні наступстваў прыцягнення да адказнасці».

«На афіцыйным узроўні ўлады Беларусі, падкантрольныя Лукашэнку, не прызнаюць наяўнасць у краіне палітычных зняволеных. Аднак, зыходзячы з фармулёвак у пастановах, можна сцвярджаць, што гэта вельмі балючая тэма для чыноўнікаў і сілавікоў», – адзначаюць праваабаронцы.

Hавiны
За атрыманне дапамогі «INeedHelpBY» асудзілі амаль 130 асобаў
2024.02.29 16:28

Нагадаем, што 23 студзеня па ўсёй Беларусі працаўнікі КДБ учынілі масавыя ператрусы, допыты і затрыманні сваякоў і блізкіх палітвязняў, а таксама былых палітзняволеных, якія нядаўна выйшлі з месцаў няволі і заставаліся жыць у краіне. У пастановах на ператрусы былі пазначаныя артыкулы 361-2 («Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці») і 361-1 («Удзел у экстрэмісцкім фармаванні») Крымінальнага кодэксу РБ. Прычынаю зацікаўленасці з боку КДБ сталася дапамога сем’ям палітвязняў ад ініцыятывы «INeedHelpBY», якую днямі ўлады прызналі экстрэмісцкім фармаваннем.

Паводле праваабаронцаў, пад пераслед трапілі не менш як 287 асобаў. У адміністратыўных справах асудзілі прынамсі 127 асобаў, 100 з якіх – паводле арт. 24.15 КаАП («Выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі»). Суды ў гэтых справах прызначаюць вялікія штрафы з кампенсацыяй сумы аплаты ў «Е-дастаўцы».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў