Шукаем праграміста, заробак $ 204 за месяц. Якія вакансіі прапаноўваюць у беларускай глыбінцы


Рынак працы ў Беларусі штарміць, кажуць эксперты: недахоп кадраў вымушае працадаўцаў падымаць заробкі работнікам, нават ахвяруючы эфектыўнасцю. Ці паўсюль гэта працуе? «Белсат» пацікавіўся, якія заробкі на якія пасады прапаноўваюць у беларускай глыбінцы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: 1prof.by

Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у красавіку 2024 года сярэдні налічаны заробак (ад гэтага на рукі даюць на 14 % менш) у Беларусі склаў 2182,5 рубля. Пры гэтым разрыў паміж заробкам у сталіцы і вобласцях можа быць даволі вялікі. Калі ў Менску сярэдні налічаны заробак у красавіку складаў 2942,7 рубля, то ў Магілёўскай вобласці – 1815,7 рубля, што на 1127 рублёў ці 62 % менш. Пацікавіліся, а як там з прапановамі працы.

Глядзім на сайт дзяржаўнай Службы занятасці і на адзін з недзяржаўных сайтаў вакансіяў. Адметна, што на адным з сайтаў з вакансіямі завал некарэктных абвестак: напрыклад, жыхару Расонаў прапаноўваюць працаваць вязальнікам арматуры… дыстанцыйна з дому на завод у Латвіі. Глядзім сайты, дзе такога няма, і абвесткі аб пастаяннай (не часовай) працы за апошні месяц.

Што такое глыбінка?

Звычайна гэтым словам называюць мясцовасць далёка ад сталіцы, але для Беларусі гэта не зусім рэлевантна. У Беларусі сталіца ў цэнтры, а на перыферыі ёсць даволі буйныя гарады: абласныя цэнтры, Пінск, Полацкая агламерацыя…

Будзем шукаць дэмаграфічную глыбінку: раёны з малой колькасцю і шчыльнасцю насельніцтва, без буйных гарадоў. Глядзім звесткі (PDF) Нацыянальнага статыстычнага камітэту на 1 студзеня 2023 года.

Найменш шчыльна населеныя – Акцябрскі, Брагінскі, Верхнядзвінскі, Глускі, Докшыцкі, Лельчыцкі, Клічаўскі, Краснапольскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Расонскі, Свіслацкі, Сенненскі, Слаўгарадскі, Ушацкі, Хойніцкі і Шумілінскі раёны. Яны маюць шчыльнасць насельніцтва да 10 чалавек на 1 км². Для параўнання: Менскі, Лідскі, Маладзечанскі, Аршанскі і Мазырскі раёны маюць больш за 60 чалавек на 1 км². 

З іх найменш насельніцтва маюць Расонскі (8523 асобы, з іх гарадское насельніцтва – 4581 асоба), Краснапольскі (8942 / 5699), Нараўлянскі (10 494 / 8352), Ушацкі (11 732 / 5802) і Брагінскі раёны (11 894 / 6618). 

Гэта не самыя бедныя раёны Беларусі. У студзені – красавіку сярэднія заробкі ў іх былі такія: Расонскі – 1427,5 рубля, Краснапольскі – 1405,3 рубля, Нараўлянскі – 1558,5 рубля, Ушацкі – 1404,8 рубля, Брагінскі – 1497,3 рубля. Гэта, вядома, толькі палова ад менскага заробку і нават менш за сакральныя «па пяцьсот», калі пераводзіць у долары. Але вунь у Шаркаўшчынскім раёне, які крыху больш густа заселены, сярэдні заробак склаў толькі 1302,8 рубля. І гэта, нагадаем, да выліку 14 % на падаткі і зборы.

Разбор
Колькі падаткаў у Беларусі насамрэч бяруць з сярэдняга заробку. Палічылі з эканамісткай
2024.01.29 08:00

Расонскі раён

Гэта сапраўды выглядае як глыбінка: у раёне надзвычай мала абвестак аб працы. Варыянтаў усяго пара дзясяткаў (калі не лічыць «працу ўдома дыстанцыйна электрыкам у Польшчы»).

Найбольшы заробак за апошні месяц прапаноўваюць дырэктару расонскай крамы «Дабраном»: 1700–1900 рублёў на месяц да выліку падаткаў, але для гэтай пасады патрабуюць вышэйшай адукацыі. Грузчыку ў гэтай краме дадуць 1050–1200 рублёў, старэйшаму кантралёру-касіру – 1100–1200 рублёў. 

Без вышэйшай адукацыі таксама можна някепска зарабіць паводле мерак раёну: 1500 рублёў на месяц кіроўцам «Віцебскаблтрансу». А можна і значна менш з вышэйшай адукацыяй: аграному ў дзяржаўнай інспекцыі прапаноўваюць толькі 900–950 рублёў.

Ахоўніку і паводле сумяшчальніцтва падсобнаму рабочаму ў ТАА «Фрутрэял» – толькі 550 рублёў, але гэта праца дзень праз чатыры, то бок не на поўную стаўку. Крыху больш, 626–630 рублёў, прапаноўваюць ахоўніку ў сярэдняй школе і ў краме абласнога спажывецкага таварыства. То бок за поўную стаўку роўна на мінімальны заробак, які на момант публікацыі складае 626 рублёў (менш за 200 долараў), або на чатыры рублі больш, калі кандыдат годны.

Самы малы заробак – 170 рублёў – прапаноўваюць памочніку лекара-гігіеніста ў расонскім цэнтры гігіены. Але гэта толькі на чвэрць стаўкі. Было б на поўную стаўку, заробак склаў бы на 54 рублі больш за мінімалку.

Агляд
На прадпрыемствах не стае тысячы працоўных рук. Якія спецыялісты самыя запатрабаваныя?
2024.05.08 14:01

Краснапольскі раён

Тут вакансіяў у пяць разоў больш. Сярод іншага прапаноўваюць вакансію з заробкам, някепскім нават паводле менскіх мерак: 2500–3000 рублёў дырэктару краснапольскага «Жылкамунгасу» (але ягонаму намесніку дадуць толькі 1150–1200 рублёў, хоць абодвум патрэбная вышэйшая адукацыя). Нават больш можа зарабіць начальнік цэнтру банкаўскіх паслугаў «Белаграпрамбанку»: ад 2370 да 4740 рублёў. Але яму трэба мець не толькі вышэйшую адукацыю, але і мінімум пяць гадоў досведу працы. Да дырэктарскага заробку можа дацягнуць ляснічы Краснапольскага лясгасу: яму прапаноўваюць 2000–2500 рублёў, але патрабуюць вышэйшай адукацыі, трох гадоў досведу і добрага валодання расейскай мовай.

Адметна, што ніжэй за сярэдні заробак у раёне прапаноўваюць некаторым дактарам. У цэнтральнай раённай лякарні заробак доктара агульнай практыкі – 1000–1200 рублёў (для адной з вакансіяў на такі заробак трэба не толькі вышэйшая адукацыя, але і добрае валоданне англійскай мовай), столькі ж – у раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. Ветэрынарны лекар-гінеколаг на раённай ветстанцыі атрымае 1079,86 рубля – але пры ўмове, што мае мінімум пяць гадоў досведу. Ветэрынарны лекар без досведу, але з вышэйшай адукацыяй можа разлічваць на 800–1000 рублёў у аграгарадку Тур’я.

Нямала вакансіяў роўна на мінімальны заробак або з магчымасцю дадатку пары дзясяткаў рублёў. Сярод такіх: рэжысёр і культарганізатар (абодва – досвед ад двух гадоў; добрая беларуская мова), тэхнік гуказапісу і кіраўнік гуртка (абодва – досвед ад трох гадоў; добрая беларуская мова) у цэнтралізаваную клубную сістэму раёну; садоўнік у «Жылкамунгас»; юрысконсульт і сацыяльны педагог (абодва з вышэйшай адукацыяй) у раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр; кухар у раённую гімназію; выхавальнік, кухар, музычны кіраўнік і педагог-псіхолаг (апошні – з вышэйшай адукацыяй) у дзіцячы садок № 2 «Сонейка»; педагог-арганізатар (з вышэйшай адукацыяй) у раённы цэнтр дзіцячай творчасці; брыгадзір вытворчай брыгады і ветэрынар у ААТ «Краснапольскі».

беларуская школа
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Сцяпан Цюшкевіч / 1prof.by

Вакансія з найменшым заробкам – акампаніятар у цэнтралізаваную клубную сістэму раёну. Пры ўмове сярэдняй спецыяльнай адукацыі, двух гадоў досведу і добрага валодання беларускай мовай за чвэрць стаўкі абяцаюць толькі 156,6–170 рублёў на месяц (то бок ад чвэрці мінімальнага заробку).

Нараўлянскі раён

У Нараўлянскім раёне 80 вакансіяў. Найлепшы заробак абяцаюць у ААТ «Смайлбус» кіроўцу катэгорыі «D» на міжгароднія зносіны: ад 2300 да 2900 рублёў. Праўда, патрабаванняў шмат: акуратнасць у кіраванні, уменне размаўляць з людзьмі, тактычнасць і ветлівасць, шчырасць, адказнасць, правы катэгорыі «D», медычная даведка і вайсковы білет. Някепскія заробкі абяцаюць дактарам у цэнтральнай раённай лякарні: пры ўмове вышэйшай адукацыі – 2000–2500 рублёў доктару агульнай практыкі, рэабілітолагу, інфекцыяністу, тэрапеўту. Краснапольскія медыкі, вы гэта бачыце?

Не ўсе кіроўцы аднолькава карысныя. Кіроўцу раённага дому культуры прапаноўваюць толькі 630–650 рублёў, але не патрабуюць быць ветлівым ці шчырым. Такі ж заробак дом культуры прапаноўвае культарганізатару і прыбіральніку.

Яшчэ ў Нароўлі патрэбныя айцішнікі, толькі на заробкі ў дзесяць разоў ніжэйшыя за тыповыя ў гэтай сферы. За 650–700 рублёў на месяц інжынера-праграміста шукае тамтэйшая гімназія (адукацыя патрэбная вышэйшая), за 650–750 рублёў інжынера-праграміста возьмуць у раённы цэнтр забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацыяў (і там хопіць сярэдняй спецыяльнай адукацыі). Палеская мэблевая кампанія шукае за 630–700 рублёў аператара камп’ютарнай графікі (з вышэйшай адукацыяй).

Згаданы раённы дом культуры прапаноўвае цікавыя вакансіі з найменшым заробкам у раёне: прыбіральнік памяшканняў – 320–340 рублёў на паўстаўкі; кіраўнік дому культуры – 320–350 рублёў на паўстаўкі. Здавалася б, усё нармальна, кіраўнік можа зарабіць больш за прыбіральніка. Але харэограф у гэтым доме культуры можа на поўную стаўку атрымаць 650–750 рублёў, а значыць, ягоныя гадзіны будуць каштаваць дому культуры даражэй за кіраўніка.

Ушацкі раён

Тут вакансіяў у паўтара разу больш, чым у Нараўлянскім раёне. Праўда, тры чвэрці – на заробак меншы за 1000 рублёў.

медыцынскі інструмент
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: 1prof.by

Найлепшы заробак прапаноўваюць загадчыку паліклінікі цэнтральнай раённай лякарні: 2500–2650 рублёў пры ўмове вышэйшай адукацыі і стажу працы на кіроўнай пасадзе і медычных пасадах. Намеснік старшыні райвыканкаму можа зарабіць на месяц 2109–2741,7 рубля, але патрэбны 10-гадовы стаж практычнай працы і адпаведная перападрыхтоўка. Ад 2000 рублёў і больш тут прапаноўваюць у лясгасе: трактарысту, кіроўцу, машыністу лесанарыхтоўчай машыны і навальніку-звальніку гэтай машыны (лесніку там, праўда, абяцаюць толькі 1000 рублёў). 

Але шмат вакансіяў проста на мінімальны заробак. 626 рублёў за працу на поўную стаўку тут прапаноўваюць у розных працадаўцаў трактарыстам і педагогам, слесару і інжынеру-электрыку, падсобнаму рабочаму і хормайстру, кіроўцу і аператару ЭВМ (на айцішным слэнгу – энікейшчыку), прыбіральніку і інспектару кадраў… На траціну больш, 927–950 рублёў, прапаноўваюць дырэктару Глыбачанскай сярэдняй школы (патрэбная вышэйшая адукацыя).

Найменшы заробак у раёне – 62,6 рубля за 0,1 стаўкі прыбіральніку ў раённай бібліятэчнай сістэме.

Брагінскі раён

Тут вакансіяў столькі ж, колькі ў Краснапольскім раёне, але найвышэйшы заробак – толькі 2200–2600 рублёў. Столькі прапаноўваюць галоўнаму інжынеру Камарынскага лясгасу (патрэбная вышэйшая адукацыя). Там жа прапаноўваюць 1400–1700 рублёў памочніку ляснічага, а вось ляснічаму – 950–1350 рублёў. 

На мінімальны заробак, 626 рублёў, тут шукаюць кухара ў школу, вартаўніка або токара ў ААТ «Камарынскі». На мінімальны з бонусам у яшчэ пару дзясяткаў рублёў – тры дзясяткі вакансіяў. За крыху большыя грошы, 670–671 рубель на месяц, патрэбны дэзактывавальнік у Палескі радыяцыйны запаведнік.

Найменшы заробак – 156,5 рубля за чвэрць стаўкі кухару або кухоннаму працаўніку ў дзіцячым садку ў аграгарадку Малажын.

P. S. Дзе дырэктару дадуць мінімальны заробак?

Такіх вакансіяў – з заробкам 626 рублёў – за апошні месяц размясцілі сем. Без вышэйшай адукацыі – дырэктар ТАА «Далідаг-М» у Капыльскім раёне, дырэктар ТАА «Тудэйпрайс» у Слуцку (трэба ведаць узбекскую і таджыкскую мовы), дырэктар ТАА «Дэ-па» ў Берасці (трэба ведаць расейскую і турэцкую). З вышэйшай адукацыяй – дырэктар Вялейскага краязнаўчага музею, дырэктар менскага ТАА «Цэнтр Цін Лі» (трэба ведаць кітайскую), дырэктар ТАА «Офіс Байэласы Цэнтру міжнароднага абмену і супрацы Кантон» (трэба свабоднае валоданне англійскай і кітайскай) і дырэктар менскага ТАА «СільверСэк» (трэба валоданне англійскай і кітайскай мовамі, валоданне «Microsoft Word», «Microsoft Excel» і сродкамі відэаканферэнцыяў). 

Аналітыка
«Давядзецца працаваць за сябе і за таго хлопца»: што змяняе новы закон аб занятасці
2024.03.05 06:13

 

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў