Кіраўнік МЗС Польшчы абвінаваціў асабіста Лукашэнку ў міграцыйным крызісе на мяжы


Міністр замежных справаў Радослаў Сікорскі заявіў, што Лукашэнка – «крыніца міграцыйнай праблемы», і назваў крызіс «гібрыдным уварваннем». Польскі дыпламат заклікаў інстытуты Еўразвязу да салідарнасці, каб даць рады ў адбіванні гэтай атакі, перадае агенцыя PAP.

Міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі на прэс-канферэнцыі з нагоды 20-годдзя сяброўства краіны ў ЕЗ. Слубіцэ, Польшча. 1 траўня 2024 года.
Фота: Lisi Niesner / Reuters / Forum

Кіраўнік МЗС Польшчы Радослаў Сікорскі закрануў тэму нерэгулярных мігрантаў на супольнай з нямецкай калегаю Аналенай Бэрбак прэс-канферэнцыі. Дыпламаты сустрэліся 1 траўня ў горадзе Слубіцэ на мяжы з Нямеччынай з нагоды 20-годдзя сяброўства Польшчы ў Еўразвязе.

На тым баку – горад Франкфурт-на-Одэры, і нямецкія службоўцы раней узнавілі там памежны кантроль з увагі на мігрантаў.

Сікорскі абвінаваціў у міграцыйным крызісе Лукашэнку: «Мы мусім выразна разумець, хто крыніца гэтай праблемы. Гэта Лукашэнка».

Той, паводле міністра, скасаваў візавы рэжым для шмат якіх краінаў, каб выпіхнуць людзей, што адтуль едуць, у ЕЗ: «Беларускія службоўцы прымушаюць іх спрабаваць мінуць польскую, еўрапейскую мяжу».

Hавiны
Польскі генерал расказаў, як змяняецца тактыка мігрантаў на мяжы з Беларуссю
2024.05.01 13:07

Кіраўнік МЗС таксама не выключыў, што Лукашэнка хоча прымусіць Польшчу неяк адкупіцца, каб плынь мігрантаў спынілася.

«Мы не можам паддацца на гэты шантаж», – падкрэсліў Сікорскі.

Ён пры гэтым заўважыў, што свабода перасоўвання ўнутры Шэнгенскай зоны абумоўленая эфектыўнай абаронаю вонкавых межаў.

«Нам патрэбная салідарнасць інстытутаў ЕЗ і іншых дзяржаваў-сябраў у адбіванні гібрыднага ўварвання, якое пачаў супраць нас Лукашэнка», – падсумаваў кіраўнік польскай дыпламатыі.

Міграцыйны крызіс не сціхае з 2021 года. Цяперашнія ўлады ў Менску сцвярджаюць, што яны не вінаватыя, бо «Еўропа сама паклікала мігрантаў». Пры гэтым памежнікі не пераймаюцца, што іншаземцы парушаюць не толькі мяжу суседніх краінаў, але ўласна і беларускую. Акрамя таго, уладаў не засмучае тое, што мігранты, якія едуць у ЕЗ за лепшым жыццём, не хочуць заставацца ў «стабільнай і квітнеючай» Беларусі.

За мінулы ўік-энд з 26 па 28 красавіка Польшча зафіксавала 458 спробаў парушэння мяжы з боку Беларусі. Сёлета на адцінку, за які адказвае Падляскае аддзяленне Памежнай аховы Польшчы (ад Горадні да Белавежскай пушчы) было ўжо 8,2 тысячы такіх спробаў.

Каментар
«Адказ на міграцыйны крызіс». Польшча абвінаваціла ўлады Беларусі ў чэргах на мяжы
2024.04.05 12:53

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў