«Зялёных чалавечкаў» з нямецкіх вуліцаў хочуць замяніць


Легендарных «зялёных чалавечкаў» на нямецкіх святлафорах хочуць пераапрануць у жанчын, каб дабіцца гендэрнай роўнасці.

Нямецкія святлафоры з выявай «зялёных чалавечкаў» сталі сапраўднай візітоўкай краіны. Такія святлафоры пачалі рабіць больш за 50 гадоў таму, у Нямецкай Дэмакратычнай Рэспубліцы. Цяпер жа некаторыя палітыкі прапануюць змяніць выгляд «зялёных чалавечкаў». У адным з раёнаў Дортмунду зялёныя і сацыял-дэмакраты заклікалі гарадскія ўлады забяспечыць гендэрную роўнасць на святлафорах.

«Улічваючы патрабаванне да роўнасці мужчынаў і жанчын, частковая трансфармацыя «святлафораў-мужчынаў» у «святлафоры-жанчын» будзе паслядоўнай», – гаворыцца ў сумеснай заяве палітычных сілаў.

У якасці яшчэ аднаго аргумента для зменаў называецца тое, што «жаночы святлафор» мае большую асвятляльную зону.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Хапае і крытыкаў. Газета «Westdeutsche Allgemeine Zeitung» праз сваю старонку ў Facebook’у іранічна запрапанавала кампраміс – зрабіць на святлафорах выявы «параў».

Але зялёныя хочуць пайсці далей – яны прапануюць перагледзець ужо існуючыя ў некаторых гарадах (у значна меншай колькасці, чым святлафораў з выявай мужчынаў) святлафоры з жаночым тварам. Бо не ўсе жанчыны асацыююць сябе са «святлафорнай жанчынай з касой і апранутай у спадніцу».

ЗК, belsat.eu, паводле The Washington Post

Стужка навінаў