ЗША прызнаюць Іерусалім сталіцай Ізраілю і перанясуць туды сваю амбасаду


Іерусалім

Сёння амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп павінен абвесціць сваё рашэнне аб пераносе амбасады ЗША з Тэль-Авіву ў Іерусалім. Пра гэты намер Трампа паведамляюць афіцыйныя крыніцы Белага дому.

Нягледзячы на папярэджанні аб міжнародных наступствах такога ўчынку, Дональд Трамп збіраецца абвесціць аб прызнанні сталіцай Ізраілю гораду Іерусалім. Гэта павінна адбыцца падчас афіцыйнага выступу ў Белым доме а 13-й гадзіне па амерыканскім часе ў сераду.

Трамп запросіць сваю адміністрацыю пачаць пошук пляцоўкі ў Іерусаліме для пераносу туды амерыканскай дыпламатычнай місіі з Тэль-Авіву. У Белым доме зазначаюць, што гэты працэс можа заняць некалькі гадоў.

Чаму цяпер і што гэта азначае?

Прызнаць Іерусалім сталіцай Ізраілю было адным з абяцанняў Трампа падчас ягонай прэзідэнцкай кампаніі ў 2016 годзе.

Згодна з пагадненнямі ААН, Іерусалім мае статус гораду, падзеленага паміж двума народамі. Ізраільцяне валодаюць заходняй часткай гораду, а палестынцы лічаць сваёй сталіцай усходнюю частку Іерусаліма. Заява Трампа аб тым, што ЗША прызнаюць Іерусалім сталіцай Ізраілю супярэчыць прынятым і прызнаным міжнароднай супольнасцю дамоўленасцям.

Гэтая заява ЗША можа выклікаць чарговае абвастрэнне адносінаў паміж ізраільцянамі і палестынцамі.

Папа Рымскі адрэагаваў на намеры Белага дому наступным чынам:

«Я не магу стрымаць маю глыбейшую заклапочанасць. Я заклікаю ўсіх захоўваць статус-кво гэтага гораду, як гэта пазначана ў пагадненнях ААН».

У сваю чаргу, Белы дом, каментуючы намер Дональда Трампа, паведамляе, што гэтае рашэнне Трамп прымае не з той прычыны, каб падкрэсліць сваю падтрымку Ізраілю, але проста дзеля канстатацыі факту. Бо кіраўніцтва краіны Ізраіль знаходзіцца менавіта ў Іерусаліме і там жа адбываецца прыняцце асноўных палітычных рашэнняў, а не ў Тэль-Авіве.

Тым часам, у Палесціне ўжо абвесцілі аб тым, што рыхтуюць пратэсты супроць гэтага рашэння ЗША.

ВЧ, belsat.eu паводле afp.com, reuters.com

Глядзі таксама
Каментары