ЗША і Паўднёвая Карэя распачалі вайсковыя вучэнні ў Японскім моры


Вучэнні сталі рэакцыяй двух краінаў на ядравыя эксперыменты Пхеньяну.

Авіяносная група ВМС ЗША на чале з атамным авіяносцам «Карл Ўінсан», а таксама ваенны флот Паўднёвай Карэі распачалі супольныя вучэбныя манеўры ў Японскім моры.

«Манеўры сталі працягам марскіх вучэнняў, што прайшлі з удзелам абедзвюх краін у Жоўтым моры на мінулым тыдні, цытуе заяву паўднёва-карэйскіх медыяў «Інтэрфакс». – Іх мэта – стрымліваць правакацыі Паўночнай Карэі і ўмацоўваць баявую гатовасць альянсу Паўднёвай Карэі і ЗША».

Вучэнні сканцэнтруюцца на адпрацоўцы задач па выяўленні, адсочванні і перахопе міжкантынентальных балістычных ракет, якія могуць быць запушчаныя з тэрыторыі КНДР.

Учора паўночнакарэйскае войска правяло артабстрэл з ужываннем знішчальнікаў, танкаў, сістэмаў залпавага агню на ўсходнім узбярэжжы краіны.

Паводле Доналда Трампа, паводзіны Паўночнай Карэі могуць прывесці да вайсковага канфлікту.

Ракетны арсенал Паўночнай Карэі. Схема: CNN via Nuclear Threat initiative, Global Security

Дакладны графік амерыкана-карэйскіх вучэнняў медыям не падалі.

Авіяносная група ВМС ЗША раней ужо правяла вучэнні з караблямі Марскіх сіл самаабароны Японіі.

Раней у суботу КНДР правяла чарговае ракетнае выпрабаванне. CNN са спасылкай на афіцыйнага прадстаўніка ЗША падае, што запушчаная ракета выбухнула ў паветры і не дасягнула Японскага мора. Паводле падлікаў тэлеканалу, гэта дзявяты ракетны запуск КНДР за 100 дзён прэзідэнцтва Доналда Трампа.

ДД

Стужка навінаў