Жыхар Полацку трапіў у пастарунак за заўвагу міліцыянту, які прыпаркаваўся на месцы для інвалідаў


Фота Вадзіма Казлоўскага

Жыхар Полацку Вадзім Казлоўскі зрабіў заўвагу міліцыянту за тое, што той паркуецца ў неналежным месцы. Пасля гэтага хлопца адвезлі ў апорны пункт. Пра гэты інцыдэнт палачанін распавёў у адной з групаў у сацсетках.

Паводле Вадзіма Казлоўскага, па дарозе ў краму сеткі «Пяты элемент», куды ён ішоў са сваёй дзяўчынай, яны заўважылі, як міліцэйскі аўтамабіль паркуецца на стаянцы для інвалідаў. Хлопец папрасіў кіроўцу патрульнай машыны заняць іншае свабоднае месца – на стаянцы іх было дастаткова. На гэта прапаршчык за стырном адказаў: «Я што, табе перашкаджаю? Не? Ну, тады ідзі сваёй дарогай!»

Вадзім Казлоўскі папрасіў міліцыянта прадставіцца. Той запатрабаваў, каб гараджанін паказаў пашпарт. Высветлілася, што дакументаў у яго з сабой няма. Міліцыянт заявіў, што не абавязаны прадстаўляцца, бо не ўпэўнены, што перад ім грамадзянін Беларусі.

Фота Вадзіма Казлоўскага

Фота Вадзіма Казлоўскага

Пасля гэтага Вадзім Казлоўскі заявіў, што апублікуе фота парушэння правілаў дарожнага руху ў інтэрнэце і пачаў фатаграфаваць патрульную машыну. Міліцыянт загадаў хлопцу сесці ў машыну і адвёз яго ў пастарунак – для высвятлення асобы.

Гэта заняло каля паўгадзіны. «Пасля чаго, так і не папрасіўшы прабачэння за свае дзеянні, мяне папрасілі пакінуць памяшканне», – піша палачанін.

Гэты выпадак Tut.by пракаментавалі ў прэс-службе Упраўлення ўнутраных справаў аблвыканкаму:

«Сітуацыя адбылася 17 лістапада. Супрацоўнікі асобнай роты палка патрульна-паставой службы міліцыі выконвалі свае службовыя абавязкі ў абслугоўванні гарадоў Полацку і Наваполацку. Пешы нарад затрымаў правапарушальніка ў стане алкагольнага апʼянення. Дзеля яго дастаўкі ў медвыцвярэзнік прыбыў аўтапатруль. Кіроўца прыпаркаваў службовы аўтамабіль на бліжэйшым вольным месцы. У адпаведнасці з пунктам 25 артыкулу 6 ПДР кіроўца транспартнага сродку аператыўнага прызначэння мае права адступаць ад патрабаванняў правілаў прыпынку і стаянкі. На момант інцыдэнту з жыхаром Полацку затрыманы правапарушальнік ужо знаходзіўся ў патрульным аўтамабілі для дастаўкі ў медвыцвярэзнік. Машына стаяла на паркоўцы не больш за 5 хвілін».

МЯ, паводле tut.by

Глядзі таксама
Каментары