Міліцыянт збіў 9-гадовага хлопчыка. Суд спынілі, пацярпелага пакаралі


Усяго толькі паўтара тыдня мінула з гучнага працэсу над 17-ці-гадовым Аляксандрам Харутам, якому далі два гады «хатняй хіміі» нібыта за збіццё амапаўца Алега Шарка. Пры гэтым і асуджаны, і сведкі інцыдэнту цвердзілі адваротнае: міліцыянты збілі дзяцей, памачыліся на іх ды пагражалі сексуальным гвалтам.

«Яны збівалі падлеткаў і да таго, як былі ў кайданках, і пасля. Гэта пацвярджаецца паказаннямі трох незалежных сведкаў, падлеткаў. І гэта адназначна сведчыць пра тое, што ў беларускім АМАПе працуюць садысты», – упэўнены Павел Спірын, айчым Аляксандра Харуты.

Найлепшы з лепшых бʼе дзяцей

Падобную справу спрабуюць замяць на Берасцейшчыне. Гісторыю пачнем з фатаграфіяў, зробленых у Століне. Гэта старэйшы інспектар аховы правапарадку і прафілактыкі мясцовага РАУС Вадзім Прылуцкі. Як піша тутэйшая «раёнка», малады ды ініцыятыўны міліцыянт, найлепшы з найлепшых, чыё фота нават трапіла на Дошку гонару.

А вось 9-ці-гадовы Улад, таксама жыхар Століна, які жыве ў адным двары з Вадзімам Прылуцкім, доўга не мог зрабіць фота праз сляды пабояў на твары. Яго жорстка збіў расхвалены міліцыянт 12 ліпеня сёлета – ува ўсіх на вачах.

«Ён мяне з усяе сілы паваліў на зямлю і пачаў біць з усяе сілы. Нанес мне шэсць удараў. Потым я падняўся, і ён зноўку мяне паваліў. Ён біў мяне ў грудзі двойчы і ў жывот двойчы. І потым па нырках яшчэ двойчы», – распавёў пацярпелы Улад Палхоўскі.

«Ён яго схапіў за шыю, кінуў на зямлю і двойчы ўдарыў нагой у жывот. Так, гэта быў міліцыянт»,

«Дзядзя Вадзім кажа: «Ідзі сюды». Я падумаў, што гэта ён на мяне сказаў, але гэта ён сказаў на Улада. І тады ён узяў яго за шыю і кінуў на зямлю. І пачаў яго біць»,

– узгадваюць дзеці, сведкі міліцэйскага гвалту.

Два мільёны за здароўе дзіцяці

Паводле хлопчыка, сын міліцыянта палез праз плот па яблыкі і абдзёр сабе руку, але сказаў бацьку, што гэта Улад зачапіў яго. Сам жа Вадзім Прылуцкі напачатку ад здзейсненага не адмаўляўся.

«Асабіста я разам са сваёй сястрою заходзіў да начальніка Столінскага РАУС Філіпчыка, які ў маёй прысутнасці тлумачыў, што Прылуцкі сапраўды гаварыў яму, што збіваў хлопчыка, але прычыны не патлумачыў», – зазначыў Сяргей Палхоўскі, дзядзька пацярпелага.

«Туман ці зацьменне мазгоў – я не разумею, што на мяне найшло, але так, я пачаў яго біць. Так я яго ўдарыў, але за што – не магу патлумачыць», – ён мне прызнаўся. Потым ён не прасіў прабачэння: маўляў, я вам заплачу! Я кажу: выбачайце, калі ласка, але якімі грашыма вымяраецца здароўе дзіцяці?! Што ты мне заплаціш: А ён: я заплачу табе два мільёны», – падзялілася ўражаннямі Святлана Палхоўская, маці Улада.

Разгляд справы быў спынены

Між тым неўзабаве міліцэйскае кіраўніцтва пастанавіла справу замяць. Амаль два месяцы аніякае працы паводле матэрыялаў правярання не адбывалася, пратакол склалі літаральна ў апошні момант, і затым суд адправіў яго на дапрацоўванне. І ўрэшце разгляд справы быў спынены, не зважаючы ані на сведкаў, ані на зафіксаваныя судоваю медэкспертызаю пабоі.

Інспектар Прылуцкі ў судзе пачаў аднеквацца

«Яе сын, па-першае, пабіў майго сына. Мой сын цялесныя пашкоджанні атрымаў, а я яе сына не чапаў. Я яго не біў і аніякіх цялесных пашкоджанняў не наносіў», – даводзіць Вадзім Прылуцкі, інспектар РАУС, Столін.

Пакаралі пацярпелага!

Як жа жывуць сёння героі двух фотаздымкаў са Століна? Вадзім Прылуцкі працягвае насіць пагоны і табельную зброю ды не быў адхілены ад службы нават на час службовага правярання, якое праводзіў, дарэчы, ягоны ж падначалены. Ну а сямʼя Улада Палхоўскага дачакалася ад дзяржавы ў якасці рэакцыі на збіццё Улада толькі занясенне яго на ўлік камісіі па справах няпоўнагадовых.

Валер Руселік, «Белсат»

Стужка навінаў